Сьледчы гарадзкой пракуратуры Ўладзімер Чумачэнка адначасова расьсьледуе як справу Ганчара і Красоўскага, гэтак і справу Юрыя Захаранкі. Ён лічыць, што кіраўніцтва пракуратуры мела рацыю, калі аддало гэтыя справы ў адны рукі, бо ў іх шмат падобных рысаў.
Але хто ўчыніў злачынствы, дзе знаходзяцца зьніклыя тры гады таму Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі (як і Юры Захаранка) — на гэтыя пытаньні сьледзтва пакуль адказаў ня мае. І ўсё ж сьледчы запэўнівае, што расьсьледаваньне рухаецца наперад.
(Чумачэнка: ) “Сёньня я каму заўгодна магу заявіць, што сьледзтва рухаецца наперад. Але цяжкасьці, канечне, ёсьць. Вось сёньня я выклікаў чалавека на допыт — ён яўна хлусіць, а што мне рабіць? Пальцы заціскаць у дзьверы сэйфа? Дзьве траціны тых, каго я сюды выклікаю, ня хочуць казаць праўду, і гэта вялікая праблема”.
Пры гэтым Уладзімер Чумачэнка абверг зьвесткі пра тое, што са справы нібыта зьніклі некаторыя матэрыялы, якія тычацца высокіх асобаў, у тым ліку Віктара Шэймана.
Паводле сьледчага, у справе застаюцца ня тое што копіі, а нават арыгіналы рапартаў генэрала Лапаціка і палкоўніка Алкаева, а таксама іншыя дакумэнты і газэтныя публікацыі, якія зьбіралі яшчэ былыя сьледчыя справаў — Новікаў і Байкова. “Усё гэта ёсьць, хай журналісты ня хлусяць, што гэтыя дакумэнты толькі цяпер былі далучаныя. Мне гэтыя наступы на мяне ўжо надакучылі, я нават рапарт пракурору падаў”, — сказаў сьледчы Ўладзімер Чумачэнка. Аднак пра зьмест свайго рапарту ён нічога не паведаміў.
Калі сьледчы лічыць, што расьсьледаваньне паступова рухаецца наперад, то сваякі зьніклых мяркуюць інакш. Мы ведаем пра стаўленьне да сьледзтва жонак зьніклых апазыцыянэраў Зінаіды Ганчар і Ірыны Красоўскай. Яны лічаць сьледзтва фарсам. А вось што думае пра працу сьледчых старэйшы брат Віктара Ганчара Іосіф, які жыве ў Лідзе:
(Іосіф Ганчар: ) “Гэта, я лічу, бачнасьць расьсьледаваньня. Проста ўладам няма больш чаго сказаць. Усе ведаюць імя чалавека, які ведае, куды зьнік мой брат, але назваць яго ня могуць. Прадстаўнікі афіцыйнай улады — таму што яны з гэтай сыстэмы, простыя людзі — таму што баяцца за сябе. Але ўсе ведаюць, што адбылося.
Мае калегі, прыкладам, вельмі мне спачуваюць. Увесь час пытаюцца пра здароўе мамы, бо ведаюць, што яна вельмі хварэе. І зараз яна таксама хворая. На жаль, яна такая слабая, што яе лепш не турбаваць, нават не званіць. Бо кожнае пытаньне, кожная публікацыя ў газэце на ейным стане адразу балюча адбіваюцца”.