Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОРАНАВА І РАДУНЬ


Галіна Абакунчык, Воранава–Радунь

“Дзень добры вам, людзі”, — гэтыя словы былі першымі, якія мне давялося пачуць у Воранаве — самым закрытым для наведнікаў памежным раённым цэнтры Беларусі. Так нешматлікіх пасажыраў аўтобуса Ліда–Воранава прывітаў п’янаваты дзядзька пэнсійнага веку, які цягнуўся праз аўтобусную пляцоўку ды мармытаў сабе пад нос нейкую песьню.

Аўтастанцыя тут мяжуе з рынкам і мясцовымі кладамі. Могілкі вельмі старыя, але эўрапейскага выгляду — дагледжаныя, без традыцыйных агароджаў, лавак і сталоў. Тут заўсёды людна — адрозна ад пустэчы на пляцы з будынкам райвыканкаму і помнікам Ільічу. Дом культуры тут стаіць на падмурку разбуранага старога касьцёла, а вось новая бажніца ўзьведзеная на месцы гарэлачнай крамы.

Пра гэта мне распавёў выкладчык выяўленчага мастацтва і актывіст мясцовай суполкі БНФ Казімір Місюра, пакуль мы разглядалі старую могілкавую агароджу.

(Карэспандэнтка: ) “Пакуль мы тут стаім, паўз нас прайшлі як найменш тры чалавекі нападпітку. А на гадзіньніку яшчэ дванаццаць гадзінаў”.

(Місюра: ) “Яшчэ ня вечар. Шмат п’юць і дзеці, і дарослыя шмат п’юць. Тут ёсьць дзевяць кропак такіх алькагольных, у якіх людзі п’юць амаль што да раніцы. Там звычайна моладзь, бо нічога іншага няма”.

Адсюль да памежнага пераходу Беняконі — некалькі хвілінаў язды ў заходнім накірунку, але 30 кілямэтраў Воранаўскага раёну ад мяжы зь Літвой лічацца памежнай зонай. І каб патрапіць сюды, нетутэйшыя мусяць мець адмысловы дазвол праваахоўчых органаў альбо мясцовых уладаў. Хто затрымаецца тут больш за тры гадзіны без дазволу, рызыкуе трапіць у пастарунак альбо займець больш сур’ёзныя непрыемнасьці.

Валанцёры з палітычных партыяў ці арганізацыяў тут рэдкія госьці, і кантраляваць грамадзкую актыўнасьць мясцовым уладам лёгка. Таму да людзей цікаўных ды ініцыятыўных большасьць мясцовых жыхароў ставіцца з асьцярогаю і нават нэрвова, асабліва што тычыцца справаў палітычных. Нават недзяржаўныя газэты ў гарадзкіх шапіках знайсьці цяжка, бо прадавачкі баяцца іх замаўляць, спасылаючыся на нізкі попыт. У адным шапіку прашу прадаць мне “Народную Волю” альбо “Нашу свабоду”.

(Прадавачка: ) “Не было сёньня”.

(Карэспандэнтка: ) “Можа засталіся якія-небудзь?”

(Прадавачка: ) “Не”.

(Карэспандэнтка: ) “Дык разьбіраюць усё ж?”

(Прадавачка: ) “Застаюцца таксама. Што вам, старыя даць? Во! За тыдзень. Шмат сьпісваем газэт. Вось вам і “Беларускія дзелавыя” вашыя сьпісваюцца, і “Свабоду” зараз найду, і “Дзень” сьпісваецца, і “Воранаўская” нават. Вы думаеце, тут хапаюць? Вось вам, калі ласка, вашыя газэты”.

(Карэспандэнтка: ) “А што вы яшчэ сьпісваеце?”

(Прадавачка: ) “Ну, Госпадзі! Якая вам розьніца, што я сьпісваю? “Рэспубліку” ня сьпісваем. “Савецкую Беларусію” таксама ня сьпісваем, разьбіраюць. Мне трэба вярнуць цэлую кучу, што засталося на сьпісаньне. Не адымайце ў мяне часу”.

Гістарычны цэнтар раёну — мястэчка Радунь. Вось што ў адным з нумароў радуньскай незалежнай газэты аўтары пішуць пра Радунь і Воранава: “Радунь менш ссавечаная, а ў Воранаве саветаў з саветкамі жыве больш. І помнікі гісторыі ў Воранаве яны разбурылі, а ў Радуні застаўся і касьцёл, і юдаісцкая ешыва, і дом, дзе жыў сусьветна вядомы габрэйскі філёзаф Хафэц Хаім”. Але ня так даўно дом Хафэца Хаіма радуньскія ўлады прадалі за машыну хуткай дапамогі, і будынак ужо перанесьлі ў Ізраіль.

Ешыву чыноўнікі загадалі пераабсталяваць пад клюб, а будан летняй танцпляцоўкі паставілі ў гарадзкім парку, літаральна ў некалькіх мэтрах ад пахаваньняў савецкіх вайскоўцаў і супрацоўнікаў НКВД. Так што летам радуньская моладзь танчыць і п’е гарэлку побач з магіламі чэкістаў.

Ёсьць у Радуні й свае Курапаты: у двары будынку, дзе ў 1930-я гады разьмяшчалася НКВД, будаўнікі знайшлі мноства чалавечых костак і чарапоў з кулявымі адтулінамі. Але ўсяго за адну ноч улады вывезьлі іх у невядомым кірунку, а на гэтым месцы цяпер пастарунак.

Замак у Радуні разбураны, што й ня дзіва, бо збудаваны ён быў у ХІІ стагодзьдзі, але добра захавалася старое гарадзішча. На месцы мы сустрэліся зь мясцовым краязнаўцам Іванам Фясенкам.

(Фясенка: ) “Гэта старажытнае славянскае гарадзішча Х стагодзьдзя. Менавіта на гэтым месцы быў закладзены Радуньскі замак. Вось пад’ёмныя вароты, як мы бачым, валы дасягаюць 20 мэтраў. У Радуньскім замку неаднаразова бываў вялікі князь Вялікага Княства Літоўскага Вітаўт.

Менавіта ў нашым замку заключаная дамова паміж Радзівіламі й Гаштольдамі адносна шлюбу Барбары Радзівіл і Гаштольда. Жыгімонт І таксама на гэтай дамове прысутнічаў, яна пісалася якраз на гэтым месцы, дзе мы цяпер стаім. Вось тут прайшлі па гэтым замкавым двару Жыгімонт І са сьвітай, Радзівілы, Гаштольды й Барбара Радзівіл”.

Але бальшыня месьцічаў і ў Воранаве, і ў Радуні захапляецца не мясцовай самабытнасьцю. Людзі заклапочаныя пошукам хлеба надзённага. У Радуні не працуюць тры зь пяці прадпрыемстваў, беспрацоўе і ў Воранаве. Таму месьцічы імкнуцца скарыстоўваць блізкасьць да літоўскай мяжы. Бабулькі цішком возяць у Вільню гарэлку ды цыгарэты, а назад — каўбасы ды масла. Дробныя гандляры купляюць на Захадзе тавары, якія больш якасныя і танныя за расейскія, — кажа прадпрымальніца са стажам Данута Афанасовіч.

(Афанасовіч: ) “Якасьць — гэта найпершае. Раней я вазіла самае таннае, але ўжо колькі гадоў важу толькі з Турцыі, са Славаччыны, з Польшчы, зь Літвы. На Расею я даўно ня ежджу. Там, на мой погляд, усё жудаснае. Абутак важу, абутак дабротны. Знаюць мяне й кажуць нават: абуцца ў Дануты”.

(Карэспандэнтка: ) “За гады вашай працы як стала працаваць?”

(Афанасовіч: ) “Цяжэй. Вось хочу кавярню збудаваць за Воранавым — столькі праблемаў, столькі перашкодаў! Наш чалавек пасьля нашай бюракратыі, ён, напэўна, можа нават у Амэрыцы працаваць і выкруціцца з усялякіх становішчаў. Пасьля нашых чыноўнікаў — гэта пыл”.

Прыватныя гандляры ў Воранаўскім раёне, зрэшты, як і ва ўсёй Беларусі, сталіся больш жывучымі, чым фэрмэры. Гарадзеншчына на пачатку 90-х была ці ня першай па колькасьці ўласных гаспадарак, але цяпер іх адзінкі.

Спадар Аляксандар на пачатку 1990-х таксама ўзяў два дзясяткі гектараў зямлі, але той, што была “непатрэбная” калгасу — аддаленая і напалову забалочаная. Дарагая тэхніка, паліва й угнаеньні зьвялі на ноль спробу атрымаць прыбытак ад ураджаю бульбы й зерневых. І фэрмэр мусіў перакваліфікавацца ў прыватнага гандляра, бо, паводле ягоных словаў, стаміўся змагацца яшчэ й з самадурствам чыноўнікаў. Але надзеі стаць сапраўдным гаспадаром на зямлі не пакінуў.

(Фэрмэр: ) “Няма ў нас іншага шляху, толькі прыбалтыйскі варыянт. Калі ўсё па сусьветных коштах, дык расчыняй дзьверы, пускай інвэстараў. Але пакойны Дубко казаў на паседжаньні ў Горадні: давайце рэфармаваць эканоміку. Лукашэнка яму тады адказаў: паважаны Аляксандар Іванавіч, свабодны фэрмэр ні за вас, ні за мяне не прагаласуе. І бацька-Лукашэнка зрабіў гэткую імпэрыю, ён жа сам пахваляўся, што ў мяне сёньня, як у цара паўнамоцтваў. Ня ведаю, дзе я магу апынуцца, можа й на “зоне”, але дачакаюся таго, што й над Лукашэнкам будзе суд”.

У Радуні моцны асяродак грамадзка-актыўных людзей, якія падчас выбарчых кампаніяў прымушаюць мясцовыя ўлады нямала пахвалявацца. За ўдзел у прэзыдэнцкай Іван Фясенка заплаціў пасадай настаўніка гісторыі — скарацілі. Цяпер працуе загадчыкам радуньскага краязнаўчага музэю, які сам жа і стварыў, а таксама працягвае займацца грамадзкімі справамі. Але й улады супрацьстаяць гэтай актыўнасьці, — кажа спадар Фясенка.

(Фясенка: ) “Зразумела, што ініцыятыва, якая была падчас выбараў, не падабаецца вэртыкалі. Таму ўсё робіцца для таго, каб сумленная частка нашага Воранаўскага краю не змагла далучыць чым мага больш людзей да дзейнасьці ў розных кірунках.

Да прыкладу, рэгістрацыя тых самых філіяў Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Зарэгістравацца мы ня маем магчымасьці: юрыдычны адрас патрэбны. Сёньня мы ідзем да муніцыпальных выбараў. Удзельнічаць будуць прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў. Ведаючы вось гэта, ну ні адзін чыноўнік, ні адзін дырэктар школы, ні адна ўстанова культуры не прапануе юрыдычнага адрасу.

Ці, напрыклад, тая самая праблема: ня можам зарэгістраваць гісторыка-культурныя аб’яднаньні, экалягічныя суполкі, клюбы розныя аматараў музыкі, жаночыя арганізацыі ды й дабрачынныя арганізацыі”.

У некалькіх кілямэтрах на захад ад Воранава й Радуні — вёска Больценікі. Сваім нараджэньнем яна абавязаная графу Путкамэру, які ў XVIII стагодзьдзі ўзьвёў тут дыхтоўны палац з гаспадарчымі пабудовамі, пасяліў чэлядзь, а сам ажаніўся з каханай і натхняльніцай паэзіі Адама Міцкевіча Марыляй Верашчакай. Але пра гэты гістарычны факт не нагадвае ніякая шыльдачка, якая магла бы быць на будынку.

А пра тое, што тут гаспадарылі бальшавікі, сьведчыць пяцікутная зорка, выкладзеная на чырвоных сьценах з таннай жоўтай цэглы. Ад парку засталіся толькі асобныя велічныя дрэвы, а на сьцежках, дзе хадзілі Адам з Марыляю, цяпер быльнік ды сьмецьце. Зрэшты, захаваўся камень на якім высечаны крыжык і каля якога, паводле паданьняў, сустракаліся Адам з Марыляю. Апошнім часам зь ім адбываюцца дзіўныя рэчы. Пра гэта кажа спадар Місюра, які сюды часта наведваецца і заўважае ўсе зьмены.

(Карэспандэнтка: ) “Мы стаім каля каменя, які вядомы школьнікам і студэнтам па падручніках, яго называюць камень Марылі”.

(Місюра: ) “Так. Мне здаецца, крыжык памерамі расьце. Пэўна нехта зь дзяцей хоча палётаць у тых марах, дзе лёталі Адам з Марыляй. Можа, нават, і ня кепска, што ён разрастаецца памерамі, не зьмяняючы асноўнага сэнсу й сваіх сылюэтаў. І самае важнае тое, што на гэтым камені няма іншых крыжоў і знакаў”.

(Карэспандэнтка: ) “Тут быў Вася”, да прыкладу”.

(Місюра: ) “Так, так! Альбо нейкая зьвязда альбо іншая геральдыка”.

(Карэспандэнтка: ) “Літаральна праз гэтае невялічкае возера знаходзіцца дом Путкамэраў. Што там?”

(Місюра: ) “Цяпер там праўленьне калгасу, бібліятэка і сельскі дом культуры. Усярэдзіне нічога не нагадвае, што гэта дом графа нямецкага, бо гэта акуратыст, эстэт. Няма дагляду за гэтым домам”.

А яшчэ ў Воранаўскім раёне да 1970-х гадоў быў адкрыты найстарэйшы ў Беларусі мячэт, пакуль улады не загадалі сьвятыню разбурыць, каб збудаваць на гэтым месцы калгасную кантору. З таго часу татарская народнасьць скарацілася тут з двух тысяч да сямідзесяці чалавек. З габрэйскай Радуні габрэі зьехалі ў Ізраіль, а 80% месьцічаў называюць сябе палякамі, хоць кажуць, што духоўна належаць Віленшчыне. Жывуць тут і літоўцы, але нацыянальных школаў у рэгіёне ніколі не было і не прадбачыцца.

Краязнавец Іван Фясенка можа гадзінамі распавядаць, як тапаніміка Воранаўскага раёну — назвы вёсак і мястэчак — зьмяняліся з палітычных інтарэсаў суседніх краінаў, а затым савецкай улады. За гады дасьледаваньняў ён падрыхтаваў вялікую навуковую працу, якую зьбіраецца выдаць асобнай кнігай. Але друкаваць сваю працу спадар Фясенка думае за межамі Беларусі, бо цяперашнім уладам яна наўрад ці спадабаецца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG