Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯЛЯНАЎ ЗА ЗДАДЗЕНАЕ ДЗЯРЖАВЕ МАЛАКО ПРЫМУШАЮЦЬ КУПЛЯЦЬ ПЕЧЫВА ДЫ ГАРЭЛКУ


Ігар Карней, Менск

Паводле інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня, ад 15 да 20% здадзенага дзяржаве малака прыпадае на прыватны сэктар. Але апошнім часам гэтая доля скарачаецца: дзяржава не выконвае нават мінімальныя абавязацельствы і амаль паўсюдна перастала расплачвацца за здадзенае малако.

Да таго ж, за літар высокаякаснага тлустага малака дзяржаўныя малаказаводы плацяць сялянам у два з паловай разы меней, чым каштуе малако на кірмашах. А цяпер і ўвогуле ня плацяць, а прымушаюць гаспадароў, так бы мовіць, выбіраць грашовы эквівалент харчамі ў перасоўных аўталаўках: тады як усе сяляне ведаюць, што кошты ў крамах на колах куды большыя, чым нават у горадзе.

Пэнсіянэрка Вольга Лапеза з Глыбоччыны плянавала за грошы, якія ёй выплацяць за здадзенае малако, купіць куртку на восень. А ў выніку вымушаная купляць кіляграмы пячэньня, цукру ці гарэлку — тое, што ў сьціплым асартымэнце аўталаўкі.

(Лапеза: ) “Каапгандаль” вырашыў атаварваць прадуктамі. Натуральна, што грашыма было б спрытней. Але здавалі мы малако ў ліпені наўпрост на малаказавод, адтуль таксама не прыйшлі грошы ў калгас, каб заплаціць нам”.

(Карэспандэнт: ) “Але адкуль аўталаўка ведае, што менавіта вас трэба атаварваць?”

(Лапеза: ) “Далі мне ведамасьць: колькі грошай павінныя за малако, і абвесьцілі, што за тры разы я павінная выбраць гэтую суму. Сама ж лаўка прыходзіць у сераду і суботу”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы ці шмат людзей здае малако наогул?”

(Лапеза: ) “Усе здавалі, але шмат хто ўжо не трымае каровы: усё павыгарала, малака паменела. Зараз толькі дзьве гаспадаркі маглі б здаваць малако, па ўсім калгасе — 150–170 літраў. Ну дык хто ж з Глыбокага машыну пагоне? А ў калгасе няма бэнзыны езьдзіць”.

(Карэспандэнт: ) “Пэўна, больш выгадна прадаць малако на кірмашы?”

(Лапеза: ) “Каб гэта базар быў блізка... А ў Полацак цяжка, дый колькі завязеш? Затое ў Полацку літар малака 400 рублёў, а ў нас бяруць па 180”.

Сярэдняя сума запазычанасьцяў кожнаму нарыхтоўшчыку за месяц па Беларусі складае блізу 50 тысяч рублёў. З улікам, што гэта пераважна людзі сталага веку, пэнсія якіх у лепшым выпадку ўдвая большая, грошы не малыя. Таму пазбаўляць людзей жывых грошай — непрыстойна, лічыць мая суразмоўца. Але з аптымізмам кажа, што як наступны раз прыедзе аўталаўка, дык у яе грашовыя праблемы зьнікнуць.

(Лапеза: ) “Цукру вазьму — цукар жа не псуецца. Хлеба трэба ўзяць, макароны, рыс. Так што гэтым разам, пэўна, сваю суму выбяру”.

Дарэчы, каб не губляць грошы, у некаторых мясьцінах, дзе склалася аналягічная сытуацыя, людзі бяруць ня хлеб і цукар, а гарэлку. Як ні круці, а інфляцыя на гарэлцы адбіваецца мінімальна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG