Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВААБАРОНЦЫ ЗАКЛІКАЮЦЬ ДЭПУТАТАЎ НАЦЫЯНАЛЬНАГА СХОДУ РАСЬСЬЛЕДАВАЦЬ ПАЛІТЫЧНЫЯ ЗЬНІКНЕНЬНІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Беларускія праваабаронцы заклікаюць тэрмінова адправіць у адстаўку генэральнага пракурора Віктара Шэймана і міністра ўнутраных справаў Уладзімера Навумава, якія, яны лічаць, наўмысна замарудзілі расьсьледаваньне крымінальнай справы аб зьнікненьні Ганчара і Красоўскага.

“Праз тры дні споўніцца тры гады, як зьніклі гэтыя людзі. Цяпер зразумела, што яны сталі ахвярамі тэрарыстычнага акту, які, магчыма, арганізавалі найвышэйшыя прадстаўнікі беларускіх уладаў. Злачынства дагэтуль не расьсьледаванае”, — адзначаюць праваабаронцы.

Яны лічаць, такое стала магчымым таму, што пры ўладзе застаюцца людзі, якіх, магчыма, трэба аддаць пад суд. Агульную пазыцыю праваабаронцаў падаў вядомы адвакат Гары Паганяйла:

(Паганяйла: ) “Мы гэтак ставім пытаньне: генэральны пракурор Шэйман і міністар унутраных справаў Навумаў ад сваіх пасадаў павінныя быць адхіленыя. Гэта патрэбна дзеля аб’ектыўнага расьсьледаваньня справаў зьніклых, інакш справы і надалей будуць замаруджваць”.

Гары Паганяйла спаслаўся на шэраг дакумэнтаў, сярод якіх паказаньні сьведкаў і іншыя ўскосныя доказы таго, быццам самі Віктар Шэйман і Ўладзімер Навумаў былі датычныя да апэрацыі супраць Ганчара і Красоўскага.

“Два гады таму, калі сьледчыя пракуратуры краіны і КГБ выйшлі на непасрэдных выканаўцаў злачынстваў, кіраўнікоў гэтых ведамстваў замянілі. У прыватнасьці, генэральным пракурорам быў прызначаны Шэйман, які мусіць разглядацца як галоўны падазраваны ў справе. Ня дзіва, што за тры гады справа ня рухаецца наперад”, — заўважае Гары Паганяйла.

Таксама ён паведаміў, спаслаўшыся на кампэтэнтныя крыніцы ў пракуратуры, быццам усе дакумэнты аб датычнасьці Віктара Шэймана да зьнікненьня палітыкаў са справаў выдаленыя і знаходзяцца пад ягоным асабістым наглядам.

Праваабаронцы лічаць, што замаруджваньне справы Ганчара і Красоўскага было б немагчымым, калі б гэтым дзеяньням не аказвалася падтрымка на самым версе. У гэтай сувязі яны прапануюць дэпутатам гэтак званага нацыянальнага сходу арганізаваць парлямэнцкае расьсьледаваньне магчымай датычнасьці Аляксандра Лукашэнкі да палітычна матываваных зьнікненьняў.

Прыклад — парлямэнт Украіны, які вырашыў высьветліць ролю прэзыдэнта Леаніда Кучмы ў справе забітага журналіста Гангадзэ. Кіраўнік праваабарончай арганізацыі “Прававая дапамога насельніцтву” Алег Воўчак адзначае, што справамі зьніклых беларускіх апазыцыянэраў зацікавіліся парлямэнтары ўсіх краінаў-суседзяў Беларусі. У расейскай Дзярждуме магчымыя слуханьні па гэтай праблеме. У гэтых умовах А.Воўчак лічыць немагчымым, каб адмаўчваліся беларускія парлямэнтары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG