На мінулым тыдні ва ўсім сьвеце згадвалі трагічныя падзеі 11 верасьня 2001 году, калі міжнародныя тэрарысты кінулі выклік заходняй цывілізацыі, імкнучыся запалохаць чалавецтва, пазбавіць яго раўнавагі й упэўненасьці.
Шмат гаварылі і пісалі на гэтую тэму і ў Беларусі. Разважаючы пра агульныя беды і пра тое, як дзяржава стаіць на абароне сваіх грамадзянаў, наша слухачка Алена Бусел з Маладэчна піша:
“Зайздрошчу амэрыканцам: агульная бяда іх згуртавала. Уся сіла нацыі, уся моц дзяржавы кінутыя на тое, каб адолець тэрарызм, пазбавіць людзей ад страху і небясьпекі. Тыя сем’і, якія пацярпелі ад ісьлямскіх бандытаў 11 верасьня, атрымалі буйныя грашовыя кампэнсацыі.
А што ж мы? Няўжо наша чарнобыльская бяда была меншай? Ці менш людзей пацярпела? Але большасьць беларусаў даўно ўжо абыякавая да ахвяраў Чарнобылю. Ім дапамагаюць аўстрыйцы, амэрыканцы, ірляндцы, немцы – хто заўгодна, толькі не свае, беларусы. Беларуская ўлада пазбаўляе “чарнобыльцаў” апошніх мізэрных ільготаў. Затое пры гэтым папракае міжнародную супольнасьць — маўляў, мала нам дапамагаеце, забываеце пра Чарнобыль. Хто ж будзе вам дапамагаць і помніць, калі вы самі плюяце на свой народ і кідаеце яго ў бядзе?”
Сапраўды, Алена, даволі дзіўна чуць гэтыя папрокі на адрас Захаду, ведаючы пра тое, што кожны год тысячы людзей у Заходняй Эўропе і Амэрыцы за ўласныя грошы купляюць для ахвяраў Чарнобылю лекі, запрашаюць ва ўласныя дамы на адпачынак дзяцей з забруджаных радыяцыяй беларускіх раёнаў.
Пры гэтым рэдка згадваецца пра тое, што гэта не на беларускай тэрыторыі ўзарваўся рэактар; гэта не беларускія спэцыялісты распрацоўвалі і эксплюатавалі яго; не на іх ляжыць адказнасьць за катастрофу. Дык чаму не да тых краінаў, якія найперш адказныя за ўчыненае (а такімі ёсьць найперш, відавочна, Украіна і Расея) прад’яўляюць прэтэнзіі беларускія ўлады?
Па-ранейшаму значную частку нашай пошты складаюць лісты ад слухачоў, якія зь вялікай увагай сочаць за паглыбленьнем канфлікту паміж Аляксандрам Лукашэнкам і Ўладзімерам Пуціным у пытаньні пабудовы так званай “саюзнай дзяржавы”. Cямён Васілеўскі зь Берасьця з гэтай нагоды піша:
“Ужо колькі часу вы ў сваіх перадачах абмяркоўваеце заяву Пуціна аб інтэграцыі зь Беларусьсю. На гэты конт я так лічу: калі падвесьці выснову, усё гэта — толькі PR-аўскія штучкі дзеля ўзьдзеяньня на электарат.
Лукашэнка, хоць і прамаўляе цяпер незалежніцкія лёзунгі, не зьмяніўся. Замест таго, каб адраджаць сваю мову і культуру, каляніяльна-акупацыйны рэжым усяляк душыць іх. Таму розьніцы няма — ці, так бы мовіць, “сувэрэнна”, ці шляхам аншлюсу згіне беларуская мова. Лукашэнка яшчэ не дабіў беларусаў, каб яны добраахвотна папрасіліся ў склад Расеі. І каб вы там, на Свабодзе, пазбавіліся ад курынай сьлепаты”.
Так, спадар Васілеўскі, стаўленьне Аляксандра Лукашэнкі да пытаньняў нацыянальнай культуры і мовы цягам гэтых васьмі гадоў не мянялася і наўрад ці зьменіцца, пакуль ён узначальвае краіну. Але на ягонай асобе беларуская гісторыя не канчаецца.
Захаваньне дзяржаўнай незалежнасьці (а гэта найвялікшая каштоўнасьць для любой нацыі) калі ня нам, дык іншым пакаленьням пакіне шанец на адраджэньне і мовы, і культуры, і нацыянальнай годнасьці. А не застанецца незалежнасьці — ня будзе і гэтага шанцу.
Наш сталы слухач і аўтар Ільля Копыл зь Менску гэтым разам выказвае сваё стаўленьне да пуцінскай ініцыятывы пра рэфэрэндум наконт анэксіі Беларусі:
“Ярашук і Сініцын, якія, здаецца, лічаць сябе дэмакратамі, спрабуюць дагадзіць Пуціну — ініцыяваць рэфэрэндум у пытаньні здачы незалежнасьці Беларусі. Іншымі словамі, хочуць высьветліць, ці згодны гэты неразумны народ адрачыся ад сваёй незалежнасьці, ад права жыць у сваёй краіне. Незалежна ад таго, якім можа быць вынік такога рэфэрэндуму, ладзіць яго, я лічу, — злачынства. Бо па сутнасьці гэта ёсьць здрадай, продажам сваёй Бацькаўшчыны, і за такія замахі трэба аддаваць пад суд.
Такія, як Ярашук і Сініцын, нават больш небясьпечныя, чым Лукашэнка. З Лукашэнкам усё ясна: ён імкнецца зьберагчы сваю пасаду. А гэтыя гатовыя здаць краіну за любую падачку. І такія людзі хацелі вылучацца на пасаду прэзыдэнта краіны... Дарэчы, варта згадаць, што яны нават ня здолелі сабраць належную колькасьць подпісаў у сваю падтрымку, каб стаць кандыдатамі”.
Галасы ў падтрымку ініцыятывы Ўладзімера Пуціна гучаць ня толькі ад гэтых двух пэрсанажаў, якіх вы, спадар Ільля, назвалі, але і ад многіх іншых беларускіх палітыкаў, што лічаць сябе дэмакратамі. У прыватных размовах яны тлумачаць свае заявы нейкай хітрай палітычнай гульнёй — маўляў, галоўнае пазбавіцца ад Лукашэнкі, а незалежнасьці Беларусі плебісцыт нібыта не пагражае. Хоць у рэальнасьці відавочныя тут найперш уласныя палітычныя амбіцыі гэтых людзей. А чыстых мэтаў бруднымі мэтадамі дасягнуць нельга.
І выносіць на рэфэрэндум пытаньне пра незалежнасьць краіны недапушчальна — тут вы, спадар Ільля, маеце рацыю. Тым больш, што ўсе добра памятаюць, як беларускія ўлады праводзяць такія рэфэрэндумы і чым яны канчаюцца.
Два лісты на тэму апошніх прадпрымальніцкіх страйкаў і ўвогуле — асобы тыповага беларускага дробнага гандляра, ягоных палітычных схільнасьцяў. Канстанцін Міронаў зь Менску ў сваім лісьце распавядае:
“Я індывідуальны прадпрымальнік, гандлюю на адным з гарадзкіх рынкаў. У мяне шмат такіх жа знаёмых. Некаторыя лічаць, што ўсе дробныя гандляры — у апазыцыі да ўлады. Але гэта зусім ня так. Летась, перад прэзыдэнцкімі выбарамі, пытаю ў аднаго: “За каго будзеш галасаваць?” “За Лукашэнку”, — адказвае.
А чаму? Ды таму, што цяперашніх дробных чыноўнікаў я ужо “падмазаў”, а зьменіцца ўлада — прыйдуць новыя чыноўнікі, давядзецца зноў дамаўляцца, плаціць.
Чамусьці лічыцца, што індывідуальны прадпрымальнік — гэта рашучы, упэўнены ў сабе чалавек. Але гэта зусім не адпавядае сапраўднасьці. Якраз у тым выпадку, калі чалавеку ёсьць што губляць, ён адчувае сябе зусім безабаронным перад нашай непрадказальнай уладай, а таму менш за ўсё схільны да бунту.
Кіраўнікі прадпрымальніцкіх страйкаў робяць усё магчымае, але... На рынках даўно існуе адпрацаваная сыстэма замены адных гандляроў другімі. Страйкуеш, ня плаціш арэнду — заўсёды знойдзецца ахвотнік на тваё месца”.
Мне не выпадае з вамі спрачацца, Канстанцін, вы сваё прафэсійнае асяродзьдзе, відавочна, ведаеце знутры. Аднак, калі я нядаўна назіраў за сходам прадпрымальнікаў на менскім рынку “Дынама”, то бачыў, як мне падалося, зусім не зламаных уладай і не запалоханых людзей. Наадварот, сярод іх было вельмі шмат рашучых, дзейсных і ўпэўненых у сабе асобаў — якраз такіх, якія адпавядаюць стэрэатыпным уяўленьням.
Хоць, натуральна, стэрэатыпы могуць быць і памылковымі. Наша слухачка Алена Моўчан зь Віцебску знайшла наступнае тлумачэньне шматлікіх праблемаў прадпрымальнікаў:
“Як жа гандляры баяцца палітычных патрабаваньняў! Тых, хто заклікае іх да палітычнага страйку пад лёзунгамі адстаўкі Лукашэнкі, яны лічаць правакатарамі. І на што толькі спадзяюцца? Што ўлада зьлітуецца, адпусьціць свае жалезныя пальцы зь іхнай шыі? Ды ніколі гэтага ня будзе. Душыла яна іх і душыць будзе.
Праўда, трэба прызнаць, што і гандляры не бядуюць. Ведаю некаторых зь іх — ва ўсіх даволі новыя іншамаркі, амаль усе купілі кватэры, аплачваюць навучаньне дзяцей у добрых школах ці ўнівэрсытэтах. А падаткі пры гэтым плацяць мізэрныя. Таму і баяцца ўвядзеньня касавых апаратаў, як чорт крыжа.
Дарэчы, Лукашэнка ніколі і не хаваў свайго сапраўднага стаўленьня да прыватных уласьнікаў. Ён сам ніколі ня меў сур’ёзнай уласнасьці і, як і ўсе прававерныя савецкія прапагандысты, адпаведна ставіўся да буржуазіі. Нешта не прыпомню, каб ён у 1994-м ці 2001-м годзе абяцаў абараняць інтарэсы буржуяў. Так што няхай церпяць тое, што заслужылі сваімі паводзінамі”.
Церпяць ад гэтага ня толькі прадпрымальнікі, Алена. Церпяць усе тыя, хто залежыць ад прадпрымальніцкіх падаткаў, што не паступаюць у бюджэт — настаўнікі, мэдыкі, вайскоўцы, камунальнікі.
Прадпрымальніцкае асяродзьдзе не аднастайнае — ёсьць вельмі багатыя, а ёсьць і тыя, хто ледзь зводзіць канцы з канцамі. Але ўсе аднолькава хочуць стабільных і прадказальных стасункаў з уладай, а не пастаянных кавалерыйскіх атак у выглядзе ўсё новых дэкрэтаў і пастановаў.
На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Аксана Новікава, Уладзіслаў Дораш і Мікалай Слуцкі, усе — зь Менску.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.