Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРХЕОЛЯГІ ЗНАЙШЛІ МАНЭТЫ РЫМСКАЙ ІМПЭРЫІ Й ВЯЛІКАГА КНЯСТВА ЛІТОЎСКАГА НА НЯМІЗЕ


Ганна Соўсь, Менск

Тым часам на Нямізе працягваюцца археалягічныя раскопкі. На месцы, дзе павінен будавацца шматпавярховы паркінг, знайшлі шмат рэчаў 16–17 стагодзьдзя, сярод іх — манэты Рымскай імпэрыі й Вялікага Княства Літоўскага.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы “Няміга-1570” склалі сьпіс арганізацыяў і асобаў, якія датычныя да разбурэньня й зьнішчэньня культурных каштоўнасьцяў Менску. Сярод гэтых асобаў — старшыня Беларускага Саюзу мастакоў Генадзь Буралкін, Старшыня Камітэту архітэктуры Аляксандар Чадовіч, дырэктар прадпрыемства “Камкон” Васіль Байдак, дырэктар фірмы “Паркінг-інвэст” Аляксандар Насенка, кіраўнік Менгарвыканкаму Міхаіл Паўлаў, міністар культуры Леанід Гуляка, Аляксандар Лукашэнка – усяго 33 высокія чыноўнікі.

“Мы спадзяемся, што ўрады дэмакратычных краінаў выкажуць пратэст супраць разбурэньня гісторыка-культурных каштоўнасьцяў у Беларусі й забароняць уезд у свае краіны тым, хто падобна да афганскіх талібаў разбурае сьвятыні”, — гаворыцца ў звароце да міжнароднай супольнасьці.

Актывісты грамадзкай ініцыятывы прапануюць адклікаць амбасадара Беларусі ў Ізраілі Генадзя Лавіцкага, пакуль ня будзе прынятае рашэньне аб аднаўленьні сынагогі па вуліцы Дзімітрава, Халоднай сынагогі на Нямізе, Ракаўскага прадмесьця й Верхняга гораду. Гаворыць актывіст грамадзкай ініцыятывы “Няміга-1570” мастак Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “У цэнтры Менску на Дзімітрава, 3 была зьнішчаная сынагога, і побач зьнішчаныя жылыя дамы гарадзкога драўлянага дойлідзтва 19 стагодзьдзя. Прыкладам, вуліца Замкавая. Што сёньня мы маем? Новы будынак “12 крэслаў”. І апошні будынак на ёй, сёньня можаце паглядзець, ужо разбураны. Фактычна Замкавай вуліцы ўжо не існуе”.

Намесьнік старшыні менскага гарсавету Беларускага таварыства аховы помнікаў Уладзімер Дзянісаў гаворыць пра маштабнасьць разбурэньняў гісторыка-культурных каштоўнасьцяў па ўсёй Беларусі:

(Дзянісаў: ) “Зьнішчаюцца помнікі ня толькі адной нацыі, зьнішчаюцца помнікі ўсіх рэлігійных канфэсіяў, усіх народаў, якія тут жылі. Літаральна сёньня так званае акцыянэрнае таварыства “Стары Менск” вядзе цеплатрасу праз тэрыторыю праваслаўнага Катэдральнага Петрапаўлаўскага сабору. І ўжо частка падмурку гэтага помніка зьнішчаная.

“Стары Менск” будуе цяпер піўны рэстаран на месцы каталіцкіх могілак на тэрыторыі каталіцкага кляштара бэрнардынцаў у Менску. Фактычна ўсімі структурамі ўзгоднены праект будаўніцтва вялізарнага паркінгу на тэрыторыі старажытнай Нямігі. Гэты паркінг плянуецца пабудаваць на месцы самай старажытнай менскай сынагогі, якая была заснаваная ў 1570 годзе”.

Сёньня я наведала месца, дзе плянуецца ўзьвядзеньне шматпавярховага паркінгу. Там цяпер вядуцца археалягічныя раскопкі. Пра іхныя вынікі Радыё Свабода распавядае кіраўнік Менскага археалягічнага атраду Сяргей Тарасаў:

(Тарасаў: ) “Матэрыялы вельмі цікавыя. Вось ужо 16 стагодзьдзе, багатае досыць 17 стагодзьдзе прысутнічае. Адных толькі масавых знаходак (шкалёпкі посуду, кафля, шкло) у нас налічваецца на сёньняшні момант 8601. Індывідуальных знаходак крыху менш, гэта каля трохсот зь нечым. Многа манэтаў, і часоў Рымскай імпэрыі, і часоў Вялікага Княства Літоўскага. Прыкладам, надзвычай цікавы быў знойдзены галяндзкі талер 1650 году — срэбны, вялікі, на палову далоні.

Справа ў тым, што спыніць нейкую будоўлю будзе мажліва, калі будуць знойдзеныя нейкія ўнікальныя знаходкі. На сёньняшні дзень такімі зьяўляюцца старажытныя пабудовы й храмы”.

Што да сынагогі 1570 году, то загадчык аддзелу сярэднявечнай археалёгіі Інстытуту гісторыі Сяргей Тарасаў сьцьвярджае, што, паводле пляну, яна не трапляе ў тэрыторыю забудовы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG