Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ АБВЕСЬЦІЦЬ РАШЭНЬНЕ Ў СТАСУНКУ ДА ІРАКУ НА СЭСІІ ГЕНЭРАЛЬНАЙ АСАМБЛЕІ ААН


Віталь Тарас, Прага

Інтэнсіўныя кансультацыі, якія прэзыдэнт Джордж Буш вёў зь лідэрамі вялікіх дзяржаваў праз тэлефон цягам апошніх дзесяці дзён, узмацнілі апасеньні, што ЗША, не зважаючы на ААН, могуць неўзабаве атакаваць Ірак. Аднак многія дыпляматы ня ўпэўненыя, што “кампанія Злучаных Штатаў супраць Садама Гусэйна, абвінавачанага ў стварэньні зброі масавага зьнішчэньня, знайшла водгук міжнароднай супольнасьці”, – піша “New York Times”.

Нечакана для многіх, напярэдадні Вашынгтон зьняў з парадку дня абвінавачаньні Садама Гусэйна ў падтрымцы тэрарыстычнай дзейнасьці супраць ЗША. Замест гэтага ўвага засяроджаная на тым, што Гусэйн стварае самую небясьпечную ў сьвеце хімічную, біялягічную і, верагодна, ядзерную зброю масавага зьнішчэньня, і ўжо таму рэжым у Іраку неабходна зьмяніць.

У сваім выступе, паводле вашынгтонскай адміністрацыі, Джордж Буш плянуе даць агляд рэзалюцыяў ААН, прынятых у справе Іраку, пачынаючы ад заканчэньня вайны ў Пэрсідзкай затоцы ў 1991. Выкананьне ўсіх гэтых рэзалюцыяў Багдад, на погляд ЗША, праваліў.

Кіраўнік інспэкцыі ААН у справе біялягічных і хімічных узбраеньняў Ганс Блікс пацьвердзіў, што нядаўна камэрцыйны спадарожнік зрабіў здымкі з космасу індустрыяльных аб’ектаў, зьвязаных з вытворчасьцю зброі. Гэтыя аб’екты выявіла інспэкцыя ААН у 1998 годзе перад тым, як пакінуць Ірак. У сьнежні 1998 ЗША збамбавалі гэтыя аб’екты. Але ж на здымках яны выглядаюць адбудаванымі. Аднак, паводле Блікса, ягоная камісія ня будзе рабіць няікіх высноваў датуль, пакуль ня будзе магчыма праверыць гэта на месцы.

Расейкі прадстаўнік у Радзе Бясьпекі ААН Лаўроў сказаў, што Расея будзе настойваць на вяртаньні інспэкцыі ў Ірак.

Са свайго боку, адзначае газэта “Washington Post”, афіцыйны Багдад пагражае ЗША, у выпадку нападу на Ірак, пашырэньнем ваеннага канфлікту на ўвесь рэгіён Блізкага Ўсходу. Газэта прыводзіць словы віцэ-прэзыдэнта Іраку Ясіна Рамадана: “Мы абсалютна ўпэўненыя, што агрэсія супраць Іраку ёсьць агрэсіяй супраць усіх арабскіх краінаў”. Арабы выкарыстаюць усе магчымыя захады ў адказ, – падкрэсьліў ён.

Ізраільскі прэзыдэнт Машэ Кацаў, у сваю чаргу, заявіў, што Ірак можа напасьці на Ізраіль у адказ на кампанію ЗША і што ў гэтым выпадку Ізраіль безумоўна адплоціць тым самым. А міністар замежных справаў Савудаўскай Аравіі прынц Фэйсал выказаў апасеньне, што напад ЗША можа справакаваць Ірак на тое, каб ужыць хімічную зброю.

Брытанская “Financial Times” зьвяртае ўвагу на пэўныя зьмены ў пазыцыі Францыі. Міністар аброны Францыі Мішэль Альё-Мары даў зразумець, што ягоная краіна можа ўрэшце рэшт далучыцца да ваеннай апэрацыі ЗША супраць Іраку, але гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі гэтую акцыю ўхваліць Рада Бясьпекі ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG