Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЫРВОНЫМ КАСЬЦЁЛЕ АДКРЫТАЯ ДЛЯ ЗАПІСАЎ КНІГА ПАМЯЦІ


Галіна Абакунчык, Менск

Ушанаваць памяць ахвяраў трагедыі прыйшоў амбасадар ЗША ў Беларусі Майкл Козак, прадстаўнікі дыпляматычнага корпусу іншых краінаў, а таксама духоўныя асобы розных канфэсіяў. У Чырвоным касьцёле адбылася таксама прэзэнтацыя “Кнігі спачуваньня й жалобы”. Цяпер словы падтрымкі амэрыканскаму народу ў ёй змогуць пакінуць усе ахвотныя жыхары Беларусі.

Ініцыятарамі сёньняшняй акцыі выступіла “Хрысьціянскае таварыства міласэрнасьці”, якое дзейнічае ў Чырвоным касьцёле, і міжнародная арганізацыя “Сіла ў Дружбе”. А мэтай ёсьць жаданьне падмацаваць духоўную салідарнасьць, якую з усім амэрыканскім народам трымае народ Беларусі. Гаворыць ксёндз-пробашч касьцёла Ўладзіслаў Завальнюк:

(Завальнюк: ) “Служым імшу сьвятую памяці ахвяраў, ім сёньня 11 верасьня пасьвечаная кніга памяці. Але гэта не азначае, што толькі каталікі, але ўсе хрысьціяны, усе жадаючыя могуць пакінуць свае словы спачуваньняў. Была размова з амбасадарам Майклам Козакам, і ён сказаў, што гэта адзіная кніга, якой вы ўшаноўваеце памяць загіблых падчас тэракту. І гэта нас радуе, што духоўна мы разам з гэтымі людзьмі”.

“Кніга спачуваньня й жалобы” — гэта 500-старонкавы паўмэтровы альбом, выкананы ў чырвона-чорным колеры. На скураной вокладцы зьмешчаная назва, выява Чырвонага касьцёлу й дата трагедыі — 11 верасьня 2001 году. Лічбы “11” напісаныя так, што ў іх беспамылкова можна пазнаць два нахіленыя будынкі амэрыканскіх хмарачосаў.

Зварот да амэрыканскага народу, зьмешчаны на першых старонках кнігі, напісаны па-ангельску і па-беларуску. Аўтар мастацкай часткі мастак Аляксей Марачкін кажа, што ахвотна ўзяў удзел у гэтай акцыі, бо грамадзкае спачуваньне — гэта адзінае, чым Беларусь адгукнулася на гадавіну трагедыі ў Амэрыцы. Гаворыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Сёньня судзяць Івашкевіча — вось як дзяржава адзначае гэтую гадавіну. Дзяржава ня рупіцца, каб выказаць спачуваньне й жалобу. Грамадзтва гатовае гэта зрабіць. Таму наш люд беларускі няхай выкажацца на гэтых старонках, гэта нашае слоўца беларускае будзе”.

Пасьля набажэнства і прэзэнтацыі кнігі ў Чырвоным касьцёле адбыўся канцэрт-рэквіем. “Кніга спачуваньня й жалобы” цягам месяца будзе знаходзіцца каля галоўнага алтара бажніцы й адкрытая для запісаў усім ахвотным. 14 кастрычніка кніга будзе перададзеная амбасадару Майклу Козаку, які намерваецца накіраваць яе ў Кангрэс ЗША.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG