Меркаваньні маіх выпадковых суразмоўцаў падзяліліся прыкладна пароўну: частка людзей выключае магчымасьць тэрарыстычнага акту на тэрыторыі краіны ў зьвязку з тым, што Беларусь — невялікая і небагатая краіна і ня мае значнага ўплыву на міжнародную палітыку.
(Карэспандэнтка: ) “Год таму ў Амэрыцы адбыўлся тэрарыстычны акт. Ці магчымая ў Беларусі падобная трагедыя ў зьвязку з тым, што ў нас адкрытыя межы з Расеяй і ў краіну легальна й нелегальна прыяжджаюць людзі азіяцкіх краінаў і мусульманскага сьвету?”
(Спадар: ) “Беларусь ня мае такога іміджу ў сьвеце, як ЗША. Беларусь — гэта небагатая дзяржава, тут і ўзяць няма чаго. Думаю, што тэракт тут не рэальны”.
(Спадарыня: ) “Я думаю, што Беларусь не цікавая ні Захаду, ні мусульманам”.
(Спадар: ) “Беларусы — гэта ж такая нацыя, што спрадвеку нікому шкоды не рабіла. Я думаю, што мы не заслужылі таго, каб супраць нас рабіліся нейкія тэракты”.
(Спадар: ) “Такая сытуацыя ў Беларусі, як у Амэрыцы, немагчымая, таму што Беларусь не вядзе такой палітыкі, якая кранала бы міжнародныя тэрарыстычныя цэнтры. Для Расеі гэтая праблема, думаю, актуальная”.
Процілеглыя меркаваньні аднолькава часта выказвалі людзі як маладога, так і сталага веку. Многія менчукі лічаць, што ад падобнай трагедыі Беларусь не застрахаваная.
(Спадарыня: ) “Межы адчыненыя, а таму і ў Беларусі можа здарыцца тое, што і ў ЗША”.
(Спадар: ) “Цяжка сказаць, але ўсё можа быць”.
(Спадарыня: ) “Канечне, і ў нас нешта падобнае можа здарыцца — усяго ж не прадугледзіш. Чалавеку, што прыехаў, у душу не заглянеш — добры ён ці благі”.
(Спадар: ) “Маю надзею, што нашыя праваахоўцы зробяць усё, каб гэтага ня здарылася. А ўвогуле — можа быць такое”.'
(Спадар: ) “Калі чалавек абсалютны фанат, і каб адпомсьціць Расеі, то гэта можа быць. Але навошта гэта рабіць на нашай тэрыторыі?”
(Спадар: ) “Цяжка адказаць, але ж вельмі шмат бандытаў з Расеі прыяжджае да нас. Паводзяцца тут, як быццам бы гэта іх тэрыторыя. Ізноў жа наркотыкі — адкуль яны? З Расеі да нас паступаюць. Межы не павінныя быць зачыненыя, але кантроль павінны быць”.