Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЯРАШУК СТАЎ АХВЯРАЙ КАДРАВАЙ ЧЫСТКІ Ў ФЭДЭРАЦЫІ ПРАФСАЮЗАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

Як прагучала на пленуме, пазбавіць Аляксандра Ярашука пасады вырашыў прэзыдыюм аграрнага прафсаюзу. У прыватнасьці, кіраўнік магілёўскай арганізацыі Сяргей Крутаўцоў гэтую кадравую ініцыятыву абгрунтаваў наступным чынам:

(Крутаўцоў: ) “Ён цалкам узурпаваў уладу. Мы неаднаразова казалі, што трэба паслаць дэлегацыю да прэзыдэнта. А Аляксандар Ільіч адгаворваў, што ня трэба. Далей, Козік нам дакладваў, што ён зь Ярашуком дзьве гадзіны размаўляў, і ніякіх вынікаў наконт супрацоўніцтва. Абсалютна розныя падыходы. Да пытаньняў як эканомікі, так і палітыкі. Тады вам трэба ісьці да Лябедзькі. Я вас не разумею. У вас чамусьці поўнае супадзеньне пунктаў гледжаньня з расейскім дзеячом Нямцовым...

Вы нам Расею ў прыклад ставіце. Але там гэтых бізнэсоўцаў страляюць, больш чым у нас сьвіней. А ў нас тут пакуль парадак. Апошнім часам нейкі рэфэрэндум прыдумалі. А дзе вашая праца ў прафсаюзе?! Вы дзеяч палітычны. Ідзіце да Лябедзькі альбо яшчэ да кагосьці ў незамірымую апазыцыю і там змагайцеся”.

Улады на пленуме прадстаўляў міністар сельскай гаспадаркі і харчаваньня Міхаіл Русы. У сваім выступе ён заявіў, што зь Ярашуком далейшае супрацоўніцтва немагчымае. Пленум акрытым галасаваньнем вырашыў лёс старшыні прафсаюзу. 34 удзельнікі падтрымалі ініцыятыву адстаўкі Ярашука, і толькі адзін адважыўся прагаласаваць “супраць”. Замест Ярашука міністар Русы ўхваліў на пасаду новага старшыні прафсаюзу кандыдатуру дырэктара дэпартаменту Міністэрства інвэстыцыяў Уладзімера Самасюка, які і быў абраны большасьцю прафсаюзнага актыву.

Камэнтуючы нашаму радыё вынікі сёньняшняга пленуму, Аляксандар Ярашук зазначыў:

(Ярашук: ) “Я як бы прагназаваў сабе верагоднасьць такога выніку. Але я не хачу і віншаваць канкрэтных аўтараў такога сцэнару, які, як я ведаю, распрацоўваўся ў Адміністрацыі прэзыдэнта. Я не хачу віншаваць спадара Козіка зь перамогай. З майго пункту гледжаньня, гэта пірава перамога. Я мяркую, што можна адбудаваць нейкі пацёмкінскі фасад яднаньня ўлады з народам, у тым ліку тут, у сьценах Фэдэрацыі прафсаюзаў. Але рэальнае жыцьцё, я ведаю, зусім іншае”.

(Карэспандэнт: ) “На пленуме прагучалі абвінавачаньні на ваш адрас у палітычнай дзейнасьці, якая назіраецца апошнім часам…”

(Ярашук: ) “Без усьмешкі мне пра гэта нават ня хочацца гаварыць. Таму што калі спадар Козік нядаўна лётаў у Ірак са сваім сынам, дык вось гэта не палітыка. А тое, што я раблю ў беларуска-расейскай інтэграцыі, якую завялі ў тупік, дык гэта палітыка. Я застаюся прыхільнікам незалежнасьці нашай краіны. Але я зыходжу з таго, што нельга такую безадказную палітыку весьці ў дачыненьні да нашага стратэгічнага партнэра. Гэта недапушчальна”.

Паводле словаў А.Ярашука, ён яшчэ ня думаў пра новае працаўладкаваньне. Але ў беларускай палітыцы цяпер ужо былы прафсаюзны лідэр зьбіраецца застацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG