Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАРУ ІВАШКЕВІЧУ ПАГРАЖАЕ ПЯЦЬ ГАДОЎ ЗЬНЯВОЛЕНЬНЯ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Крымінальная справа супраць Віктара Івашкевіча была распачатая яшчэ летась, неўзабаве пасьля таго, як у газэце “Рабочы” быў зьмешчаны артыкул пад назвай “Злодзей павінен сядзець у турме”. У ім прыводзіліся факты карупцыі ў найбліжэйшым атачэньні Аляксандра Лукашэнкі.

Інфармацыю пра нелегальны гандаль зброяй ды іншыя сумнеўныя справы Віктар Івашкевіч узяў зь некалькіх Інтэрнэт-сайтаў. Галоўны рэдактар газэты “Рабочы” лічыць, што інфармацыя, зьмешчаная ў артыкуле, была праўдзівай. Зьвесткі пра нелегальны гандаль зброяй ня раз публікаваліся ў беларускіх і замежных СМІ, і ніхто не прыцягваў гэтыя мэдыі да крымінальнай адказнасьці.

Тым ня менш, наклад газэты з “крамольным” артыкулам быў арыштаваны летась у жніўні, у друкарні. Цяпер Віктар Івашкевіч мусіць даказваць у судзе, што ён не паклёпнічаў на Аляксандра Лукашэнку. Галоўны рэдактар “Рабочага” перакананы, што такім чынам улады хочуць запалохаць журналістаў:

(Івашкевіч: ) “Я думаю, гэта паказальная расправа над журналістамі, каб іншыя добра падумалі перад тым, як нешта пісаць кепскае пра прэзыдэнта, а рэдактары сто разаў падумалі, ці выдаваць падобныя артыкулы. Таму была расправа і з газэтай “Наша свабода”, і з журналістамі “Пагоні”, і суд нада мной. Гэта адзін і той жа ланцуг”.

(Карэспандэнт: ) “Артыкул, па якім вас абвінавачваюць, досыць цяжкі. Скажыце, чаго вы чакаеце ад суду, які вырак можа быць у вашай справе?”

(Івашкевіч: ) “Я не спадзяюся, што можа быць апраўдальны прысуд, таму што суды ў нас несамастойныя. Можы быць ня горшы, чым вырак спадару Маркевічу — паўтара года “хіміі”.

(Карэспандэнт: ) “Вы гатовыя да такога выраку? Што зьбіраецеся рабіць, калі раптам будзе такі жорсткі прысуд?”

(Івашкевіч: ) “Ну, жорсткі, гэта калі сядзець у турме. А на той “хіміі” з вольным выхадам у горад і з магчымасьцю езьдзіць на выходныя дадому — гэта не такі ўжо страх. Мы ж не ў Савецкім Саюзе, у Сыбір не пашлюць. Тым больш ёсьць кампутары, тэлефоны, мабільная сувязь, і ў любым месцы, куды б мяне ні паслалі ёсьць арганізацыі Народнага Фронту. Туды я змагу заходзіць, браць і адсылаць інфармацыю, і такім чынам працягваць функцыянаваць”.

Віктар Івашкевіч не спадзяецца на тое, што ўлады адмовяцца ад працэсу. У абарону Віктара Івашкевіча ўжо выступілі дэпутаты Эўрапарлямэнту, а таксама журналісцкія і праваабарончыя арганізацыі. Працэс над Івашкевічам пачнецца заўтра, а 10-й гадзіне раніцы, у судзе Першамайскага раёну Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG