Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПОСАБ ПАЛЕПШЫЦЬ ПАМЯЦЬ ЧАЛАВЕКА, НЕБЯСЬПЕКА БЕСКАНТРОЛЬНАГА ЎЖЫВАНЬНЯ ЗЁЛКАВЫХ ПРЭПАРАТАЎ ДЫ ІНШАЕ


Кастусь Бандарук, Прага

Хто не дакараў сябе з прычыны таго, што ў патрэбны момант ён забыўся пра нешта важнае. Калі б так можна было падчас іспыту або конкурсу ў любы момант прыгадаць любы фрагмэнт лекцыі прафэсара, або інфармацыю з энцыкляпэдыі – уздыхаюць студэнты і ўсе тыя, хто павінен давесьці свае веды. Хто не хацеў бы памятаць нумар свайго пашпарту, тэрмінова патрэбны тэлефон або іншую практычную інфармацыю? Тымчасам найбольш патрэбныя веды якраз як на злосьць выпарваюцца з галавы тады, калі яны патрэбныя. Аднак ёсьць шанец, што гэта зьменіцца. Дастакова блякаваць адзін бялок, і памяць будзе ўбіраць у сябе інфармацыю, бы губка – запэўніваюць у апошнім нумары часопісу “Nature” навукоўцы са Швайцарскага Інстытуту Тэхналёгіі ў Цурыху.

На думку нэўрабіёлягаў, памяць – гэта паўставаньне новых спалучэньняў паміж нэрвовымі клеткамі мозгу. Дагэтуль меркавалася, што забываньне палягае ў аслабленьні гэтых спалучэньняў, асабліва неўжываных. Калі б аднак гэта было праўдай, то найлепш мы памяталі б найноўшыя падзеі. Аднак часьцяком нам нашмат лягчэй успомніць падрабязнасьці цудоўных вакацыяў 10 гадоў таму, чым прачытаны ўчора артыкул. Адсюль вынікае, што наш мозг праводзіць сэлекцыю атрымліваных уражаньняў. Мозг ня толькі ня ўводзіць у памяць усяго, што мы перажываем, але, апроч таго, сьцірае інфармацыю, якая яму падаецца бязвартаснай, каб зрабіць месца для іншай. Без такога мэханізму жыцьцё ператварылася б у кашмар. Пазбаўлены ўменьня забываць мозг імгненна пачаў бы рэгістраваць, нібы кампутар, усё без разбору. У выніку ў гэтым моры інфармацыі зрабілася б немагчымым хутка знайсьці патрэбную інфармацыю.

Паводле навукоўцаў, працэс сэлекцыі ўспамінаў рэгулююць два віды энзымаў. Яны сплеценыя паміж сабою, але маюць супрацьлеглыя функцыі. Швайцарскія вучоныя пад кіраўніцтвам д-ра Ізабэль Мансё знайшлі спосаб адключыць адзін з двух энзымаў, гэтак званую фасфатазу PP1. У лябараторыі яны вырасьцілі мышы, здольныя вырабляць бялок, які стрымлівае актыўнасьць PP1. Тое, ці гэты бялок паўставаў у арганізмах мышэй, залежала выключна ад дыеты. Такім чынам, уключэньне і адключэньне гэтага энзыму аказалася для навукоўцаў вельмі простым. Дзякуючы гэтаму, яны маглі дасьледаваць уплыў PP1 на мышыную памяць.

Ужо ў 1885 годзе Герман Эбінгаўз на прыкладзе студэнтаў даказаў, што інфармацыю, назапашаную, напрыклад, у часе некалькіх кароткіх лекцыяў, яны засвойвалі лепш, чым пасьля адной працяглай лекцыі. Зараз, дзякуючы адкрыцьцю д-р Мансуй і ейных калегаў, вядома, чаму гэтак адбываецца. Проста ў часе аднаго доўгага працэсу запамінаньня актывізуецца большая колькасьць энзыму PP1, чым у часе некалькх кароткіх сэсіяў. Больш таго, швайцарцы даказалі, што калі блякаваць гэты энзым, працяглая справаздача запомніцца гэтак сама добра, як і прачытаная ўрыўкамі. На гэтай падставе вучоныя назвалі PP1 “энзымам забываньня”. Калі б удалося яго блякаваць у людзей ў часе вучобы, вынікі былі б нашмат лепшыя.

Апроч таго аказалася, што заблякаваньне энзыму ў часе вучобы паляпшала запамінаньне, але не тармазіла працэсу забываньня. Іншая справа, калі бялок падавалі мышам ужо пасьля абвучэньня. Тады мышы значна цяжэй запаміналі толькі што набытыя веды. Што цікавае, гэта абсалютна не залежала ад іхнага ўзросту: старыя мышы памяталі гэтак жа доўга і працягла, што і маладыя. Паляпшэньне памяці, выкліканае блякадай энзыму PP1, было пры гэтым імгненнае.

Гэтае адкрыцьцё паказвае, што дастаткова ліквідаваць абмежаваньні з боку самога мозгу, каб палепшыць фармаваньне і захоўваньне ўспамінаў, – пракамэнтаваў вынікі дасьледаваньня швайцарскіх навукоўцаў праф. Эрык Кандэль, які за працы над мэханізмамі памяць атрымаў у 2000 годзе Нобэлеўскую прэмію. Факт, што заблякаваньне энзыму дзейнічае і на старыя мышы, павялічвае каштоўнасьць адкрыцьця, – дадаў ён. Гэткім чынам, зьявіўся шанец, што чалавечы мозг можна зрабіць такім жа спраўным сховішчам інфармацыі, што і кампутар. Узьнікае толькі пытаньне: ці напэўна мы самі захочам гэтага.

А цяпер да іншай тэмы. Мільёны людзей ва ўсім сьвеце ўжываюць зёлкі, каб палепшыць сваё здароўе. Продаж лекавых расьлінаў ацэньваецца ў мільярды даляраў. Толькі ў Злучаных Штатах расьліны тыпу гінкго, часныку ці глогу закупаюцца спажыўцамі на 4 мільярды даляраў штогод. Між тым, навукоўцаў даўно хвалюе бескантрольнасьць выкарыстаньня зёлак, без выразнага разуменьня лекавага эфэкту і магчымае шкоды. У сувязі з гэтым Нацыянальны інстытут здароўя Злучаных Штатаў правёў двухдзённы сымпозыўм з удзелам вядучых прадстаўнікоў навукі і дасьледчыкаў – лекараў, хімікаў і біёлягаў з усяго сьвету.

Удзельнік гэтай сустрэчы, хімік зь Дзяржаўнага ўнівэрсытэту ў Нью-Ёрку Эрык Блёк назваў яе першым істотным крокам для разуменьня пытаньня: ці зьяўляюцца зёлкі патрэбнымі й карыснымі, ці нясуць яны ў сабе пабочныя небясьпечныя эфэкты і ці не зьяўляюцца выкіданьнем грошай на вецер: “Гэта сапраўдная міжнародная справа. Ёсьць вельмі шмат добрых навуковых дасьледаваньняў адносна траваў, якія праводзяцца ў шмат якіх краінах сьвету”.

Але Блёк кажа, што гэткія дасьледаваньні былі мала скаардынаванымі, а ў часе дасьледаваньняў не заўсёды ўжываліся дасканалыя спосабы, каб вызначыць узьдзеяньне зёлак на здароўе. У выніку шматлікія расьліны, якія разглядаюцца як лекавыя, на самой справе могуць прынесьці шкоду. Эрык Блёк кажа: “Мы павінны дакладна ведаць, што ёсьць у травах, якія купляюць людзі ў Злучаных Штатах і ва ўсім сьвеце. Мы павінны мець нейкую сыстэму іхнага асьведчаньня і афіцыйнай легалізацыі, незалежную ад кампаніяў, якія зарабляюць на гэтым грошы. Таму ёсьць патрэба ў стварэньні дзяржаўнай альбо грамадзкай групы для сартыфікацыі лекавых расьлінаў”.

У ЗША травяныя дабаўкі разглядаюцца як ежа, а таму іхнае ўжываньне фактычна не рэгулюецца. Гэткі падыход характэрны і для шмат якіх іншых краінаў сьвету. У выніку мы стала сутыкаемся з выпадкамі, калі людзі не паведамляюць сваім лекарам пра ўжываныя імі дабаўкі, якія могуць не стасавацца з ужыванымі лекамі. Людзі па-просту не разумеюць патэнцыйнай небясьпекі ад узаемадзеяньня зёлак і мэдыкамэнтаў. Травы папросту могуць перашкаджаць дзейнасьці таго ці іншага мэдычнага прэпарату.

Лекары з усяго сьвету, кажа Блёк, павінны памятаць, што травяныя дабаўкі вельмі папулярныя, і таму лекарскія апытаньні на гэтую тэму мусяць быць часткай стандартных апытаньняў.

Каб павялічыць дасьведчанасьць спажыўцоў адносна карысьці ці шкоды ад ужываньня зёлак, удзельнікі сымпозыўму рэкамэндуюць узмацніць інфармацыйныя сувязі з грамадзкасьцю. Але перад тым трэба правесьці адпаведныя клінічныя дасьледаваньні як адносна саміх дабавак, так і адносна эфэкту, які дае тая ці іншая доза кожнай канкрэтнай расьліны. Гэта дазволіць засьцерагчы людзей ад магчымага перавышэньня дозы, якая можа прывесьці да незваротных працэсаў у арганізме. Гаворыць Эрык Блёк: “Мы ня ведаем пра ўсё, што ёсьць у той ці іншай расьліне і таму патрэбныя лябараторныя дасьледаваньні ва ўсім сьвеце, каб ідэнтыфікаваць актыўныя элемэнты зёлак”.

Гэта таксама азначае, што праводзіць падобныя дасьледаваньні трэба ня толькі ў лябараторыях, але і ў лякарнях розных краінаў сьвету.

Паводле Блёка, некаторыя пачатковыя дасьледаваньні паказалі, што эфэкт ад некаторых лекавых расьлінаў выяўляецца па рознаму ў залежнасьці ад таго, да якой этнічнай групы належыць чалавек. Напрыклад, эфэкт ад гінкго на жыхароў Азіі, як выглядае, адрозьніваецца ад эфэкту на жыхароў Заходняй Эўропы, альбо Злучаных Штатаў. Апрача гэтага, Эрык Блёк сказаў, што інфармацыю адносна травяных дабавак у хуткім часе можна будзе знайсьці ў Інтэрнэце, на старонцы Нацыянальных Інстытутаў Здароўя Злучаных Штатаў. Пры рэалізацыі гэтага інтэрнэт-праекту распрацоўшчыкі плянуюць падаваць інфармацыю на розных мовах сьвету. Ці будзе сярод іх беларуская – пакуль не вядома.

А зараз некалькі найноўшых парадаў Real Age.

Каб прадухіліць інсульт, карысна жаваць скрылікі (кавалкі) дыні. Сярэдняй велічыні кавалак дыні зьмяшчае ў сабе 330 міліграмаў калію. Паводле навукоўцаў, нізкі ўзровень гэтага мінэралу ў арганізьме павялічвае небясьпеку інсульту. Згодна з дасьледаваньнем, праведзеным на 65-гадовых пацыентах, пацыенты зь нізкім узроўнем калію былі паўтара раза больш за астатніх падатлівыя на інсульт. Калі штодзень спажываць 3 грамы калію, наш біялягічны ўзрост будзе амаль на адзін год маладзейшым.

Агульнавядома, што каб згубіць вагу, трэба пазьбягаць тлустых прадуктаў і замяняць іх нізкакалярыйнымі, але не павялічваць колькасьці спажыванай ежы. Апрача таго, варта памятаць, што некаторыя прадукты зь невялікай колькасьцю тлушчу, напрыклад, ласункі, могуць быць гэтак сама калярыйнымі, як і тлустыя стравы. Каб згубіць непатрэбныя кіляграмы, трэба ўважліва сачыць за тым, колькі калёрыяў мае дадзеная колькасьць прадукту, а лішкі калёрыяў трэба спальваць шляхам штодзённых фізычных практыкаваньняў. Калі будзеце ўтрымліваць адпаведную для вашага росту вагу цела, ваш біялягічны ўзрост будзе на 6 гадоў маладзейшы.

Калі пасьля дрэнна праспанай ночы вы маеце цяжкасьці з канцэнтрацыяй у часе дзённых заняткаў, кароткая перадышка, перапынак могуць дапамагчы аднавіць спраўнасьць вашага мозгу. Паводле навукоўцаў, часта нават кароткая дрымота можа больш эфэктыўна палепшыць канцэнтрацыю, чым даўжэйшы сон. Паводле дасьледаваньняў, калі людзі з праблемамі са сном дрымалі цягам дня 10 хвілінаў, яны былі былі больш бадзёрыя за тых, якія дрымалі цягам поўгадзіны. Калі будзеце рэгулярна спаць ад 6 да 8 гадзінаў у суткі, ваш біялягічны ўзрост будзе на 3 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG