Аднак ці адбылася фундамэнтальная зьмена сусьветнага парадку? Пра гэта крыху пазьней, а зараз карэспандэнцыя зь Нью-Ёрку майго калегі Сяргея Навумчыка:
***
(Навумчык: ) “Сёньня ў Нью-Ёрку распачаўся тыдзень мерапрыемстваў, прысьвечаных 11 верасьня. У Мэдычнай акадэміі на Пятай авэню сёньня распачалася канфэрэнцыя ў справе ўзьдзеяньня тых падзеяў на псыхіку і здароўе людзей, а таксама на навакольнае асяродзьдзе. Сёньня ж Нацыянальная акадэмія тэлебачаньня ў Эссэкс-Гаўс, што каля Цэнтра-парку, ушаноўвае журналістаў, якія асьвятлялі падзеі пасьля тэрактаў у Нью-Ёрку і Вашынгтоне. Розных мерапрыемстваў дзясяткі, ну а кульмінацыяй будзе цырымонія на “Граўнд-зіро” ў сераду, у гадавіну трагічных падзеяў. Блізкія загіблых упершыню спусьцяцца ў катлаван і ўскладуць кветкі. Наведае “Граўнд-зіро” і Буш.
Праекты мэмарыялізацыі месца трагедыі ў Мангэтэне пачалі распрацоўвацца ўжо ў першыя дні пасьля тэрактаў. Практычна ні ў каго не выклікала сумненьня, што мэмарыял павінен спалучацца з новымі будынкамі, і тут было два варыянты. Першы – гэта аднавіць сусьветны гандлёвы цэнтар ў тым самым выглядзе, у якім ён быў да 11 верасьня. Прыхільнікі гэтага варыянту кажуць, што такое аднаўленьне будзе найлепшым адказам тэрарыстам, якія абралі WTC у якасьці мішэні яшчэ і таму, што ён сымбалізаваў фінансавую магутнасьць Амэрыкі і быў адным з сымбаляў Нью-Ёрку. Праціўнікі такога варыянту кажуць, што будаваць нагэтулькі высокія дамы ня мае сэнсу, што гэта не апраўдана нават з прычыны бясьпекі, і прапануюць узьвесьці на гэтым месцы чатыры будынкі замест двух вышынёй роўна ўдвая меншай. Пры гэтым будзе адноўленая і офісная плошча.
Дарэчы, вось гэты аспект – фінансавая мэтазгоднасьць – заўсёды прысутнічаў у дыскусіі, бо ў гэтым месцы Нью-Ёрку самая дарагая зямля. А арэнда офісу зь пяці пакояў ува ўсясьветным гандлёвым цэнтры даходзіла да 45 тысячаў даляраў за месяц.
Але вось цяпер усё больш чутнымі робяцца галасы тых, хто лічыць: не павінна на месцы трагедыі быць пабудавана нічога, акрамя мэмарыялу ў памяць ахвяраў трагедыі. Яны прапануюць узьвесьці мэмарыяльную сьцяну, якая б паўтарала абрысы будынкаў Уорлд Трэйд Цэнтру. Зразумела, што такі варыянт падтрымліваюць блізкія загіблых, але прыкметна і тое, што за яго выступае і былы мэр Нью-Ёрку Рудольф Джуліяні, які пасьля 11 верасьня стаў нацыянальным героем. Джуліні лічыць, што ўзьвядзеньне на гэтым месцы якіх бы тое ні было камэрцыйных будынкаў – злачынства перад памяцьцю ахвяраў трагедыі.
А вось у Вашынгтоне заходні корпус Пэнтагону ўжо адноўлены ў сваім ранейшым выглядзе. 1600 чалавек ужо зарэгістраваліся ў якасьці аўтараў мэмарыялу, які, паводле ўмоваў конкурсу, не павінен быць вышэйшым за сам будынак Пэнтагону.
Мэмарыял будзе ўзьведзены і ў Пэнсыльваніі, на месцы падзеньня самалёта, які тэрарысты спрабавалі накіраваць на Капітолій ці Белы Дом”.
***
А зараз пра зьмены ў сусьветнай палітыцы, якія адбыліся за гэты год.
Калі тэрарысты скіравалі свае самалёты на вежы-блізьняты, яны ня толькі забілі каля 3 тысячаў чалавек і нанесьлі Злучаным Штатам адчувальны псыхалягічны і эканамічны ўдар. Яны спрычыніліся да істотных зьменаў у сусьветнай палітыцы.
Адміністрацыя прэзыдэнта Буша, якая да верасьня праводзіла ў замежных дачыненьнях курс на “ізаляцыянізм”, каб засяродзіцца болей на ўнутранай палітыцы, пасьля 11 верасьня мусіла рэзка зьмяніць пазыцыю і зноў павярнуцца да сьвету.
“Зараз выпрабоўваецца рашучасьць нашай вялікай краіны. Але не сумнявайцеся. Мы пакажам сьвету, што пройдзем гэтае выпрабаваньне”, – заявіў адразу пасьля нападу Джордж Буш.
Верасьнёўскія падзеі прымусілі па-новаму паглядзець на сьвет ня толькі амэрыканцаў. Крытычнае стаўленьне да Белага Дому зьмянілася глябальным спачуваньнем і салідарнасьцю. Ці не найлепш агульнае пачуцьцё выказаў нямецкі канцлер Герхард Шрэдэр: “Гэта абвяшчэньне вайны ўсяму цывілізаванаму сьвету”.
Галоўным зьнешнепалітычным прыярытэтам Вашынгтону сталася вайна з тэрарызмам. І гэта, хоць і нечакана, але заканамерна знайшло імгненную падтрымку расейскага прэзыдэнта Пуціна. Збліжэньне з Амэрыкай прынесла Маскве нямалы плён: была створаная адмысловая рада NATO-Расея, Расея была абвешчаная краінай з рынкавай эканомікай, і ЗША фактычна закрылі вочы на дзеяньні расейскага войска ў Чачэніі.
Разам з тым, пасьля кароткага пацяпленьня адразу пасьля 11 верасьня істотна пахаладалі дачыненьні паміж Эўропай і Амэрыкай.
Прэзыдэнт вашынгтонскага Фонду Карнэгі Джэсіка Мэцьюз характарызуе стан гэтых дачыненьняў так: “З пашырэньнем абсягаў вайны з тэрарызмам пасьля абвяшчэньня “восі зла” мы ў значнай ступені страцілі эўрапейцаў. А з павышэньнем пагрозы вайны ў Іраку і пашырэньнем сьпісу дамоваў, зь якіх выйшлі ЗША, я магу сказаць, што амэрыканска-эўрапейскія дачыненьні сталі значна горшымі, чым яны былі да 11 верасьня”.
Як будзе далей разьвівацца сусьветная палітыка ў новым, пасьляверасьнёўскім сьвеце, будзе залежаць ад таго, наколькі далёка пойдзе Белы Дом у сваёй палітыцы аднабаковых рашэньняў. Паводле аналітыкаў, адміністрацыя Буша стаіць перад выбарам: ці і надалей руйнаваць падваліны глябальнага парадку, усталяванага пасьля другой сусьветнай вайны, або трымаць раўнавагу паміж сваім статусам звышдзяржавы і палітыкай шматбаковасьці, заснаванай на глябальнай згодзе і вяршэнстве закону.
Інакш Злучаныя Штаты рызыкуюць перайсьці да імпэрскай палітыкі, а ў сьвеце яшчэ не было імпэрыяў, якія б не абваліліся...