Сёньня страйкам пра меркаваную акцыю пратэсту афіцыйна паінфармаваў органы дзяржаўнага кіраваньня, у тым ліку ўрад і адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Як паведаміў нашаму радыё старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі, разам з эканамічнымі патрабаваньнямі ініцыятары страйку вылучылі і палітычныя:
(Леванеўскі: ) "А менавіта: датэрміновую адстаўку з пасады прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Мы не выпадкова прымеркавалі гэта да актаў тэрарызму супраць Злучаных Штатаў Амэрыкі, таму што наша акцыя адбудзецца пад лёзунгам "Не – эканамічнаму тэрарызму". Мы лічым, што палітыка нашай дзяржавы ў дачыненьні да прадпрымальніцтва – гэта эканамічны тэрарызм у дачыненні да нашых грамадзянаў. І гэта акцыя салідарнасьці з нашымі амэрыканскімі калегамі-прадпрымальнікамі, якія пацярпелі, хаця й ад іншага віду тэрарызму, але таксама пацярпелі істотна менавіта ў гэты дзень".
Паводле Валерыя Леванеўскага, ініцыятыву страйкаму падтрымаюць у гэты дзень прадпрымальнікі Менску, Горадні, іншых рэгіёнаў Беларусі.
Інакш лічаць прадстаўнікі Аб'яднанай рады прадпрымальнікаў, якія зараз праводзяць перамовы з уладамі. На іх думку, 11 верасьня дробныя бізнэсоўцы ня будуць браць удзелу ў заплянаванай страйкамам акцыі. Вось як, у прыватнасьці, патлумачыў гэта лідэр грамадзкага аб'яднаньня "Прыватная ўласнасьць" Леанід Малахаў:
(Малахаў: ) “На маю думку, страйк, які зьбіраецца ладзіць спадар Леванеўскі 11 верасьня з палітычнымі патрабаваньнямі – гэта маніпуляцыя на бядзе амэрыканскага народу, які на самой справе пацярпеў ад тых тэрактаў. І на маю думку, калі сваю салідарнасьць з амэрыканскім народам і патрэбна праявіць, дык гэта трэба рабіць каля амэрыканскай амбасады са сьвечкамі ці з кветкамі. Прыйьці ў гэты дзень і ўшанаваць тых, хто загінуў у гэты дзень.
Таму я лічу што гэта папулізм і ня болей за тое”.