Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШОСТЫ ДЗЕНЬ СТРАЙКУ ПРЫВАТНЫХ ПРАДПРЫМАЛЬНІКАЎ БЕЛАРУСІ


Міхал Стэльмак, Менск

Тры гадзіны дыскусіяў на “круглым стале” ў Менску з удзелам лідэраў прадпрымальнікаў і прадстаўнікоў уладаў не прынесьлі плёну. Бізнэсоўцы засталіся расчараванымі вынікамі перамоваў. Вось што заявіў адзін з удзельнікаў “круглага стала”, сябра Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў, прадстаўнік прадпрымальнікаў менскага кірмашу “Ждановічы” Аляксандар Лапотка:

(Лапотка: ) “Гэтыя людзі, якія сабраліся з намі паразмаўляць, нічога не вырашаюць. Яны разьвялі рукамі і заявілі, што ніякіх заканадаўчых актаў пра паляпшэньне мы падпісаць ня можам. Адзінае, што можна было пачуць ад іх, гэта намер пайсьці насустрач у пэрспэктыве. Калі мы спрабавалі дамагчыся мараторыя на дзеяньні цяперашніх заканадаўчых актаў па касавых апаратах, па іншых пытаньнях, то нам давалі абяцаньні на словах. Інакш кажучы, яны перавялі “круглы стол” у “гаварыльню”. Адзінае, што нас запэўнілі, што з панядзелку будуць створаныя рабочыя групы па вырашэньні ўсіх гэтых пытаньняў”.

Між тым, для ўдзелу ў “круглым стале” ў Менск зьехаліся лідэры прадпрымальніцкага руху з усяе Беларусі. Афіцыйныя структуры прадстаўлялі намесьнікі кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, у прыватнасьці, міністэрстваў эканомікі, фінансаў, падаткаў і збораў, камітэту дзяржаўнага кантролю, Рады бясьпекі.

Прадстаўнік Аб’яднанай рады прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка агучыў пазыцыю бізнэсоўцаў на перамовах. Найперш, гэтая пазыцыя ў тым, каб улады “замарозілі” шэраг нарматыўных актаў, якія рэзка пагоршылі ўмовы працы прадстаўнікоў дробнага бізнэсу.

А вось што адказаў на гэта намесьнік міністра эканомікі Андрэй Тур, які выступіў ад уладаў:

(Тур: ) “Кожны, хто сядзіць тут, калі нават ён міністар, ня мае паўнамоцтваў і права адмяняць пастановы ўраду, якія падпісаныя прэм’ер–міністрам. Другі момант: каб прыняць заканадаўчае рашэньне, патрэбны паўнамоцны на гэта ворган. На, жаль, такімі паўнамоцтвамі мы не валодаем”.

Самыя гарачыя дыскусіі на “круглым стале” разгарэліся вакол пытаньня касавых апаратаў. Лідэры бізнэсоўцаў зьвярнуўліся да намесьніка міністра падаткаў і збораў Аляксандра Дарашэнкі ўвесьці мараторы на эканамічныя санкцыі ў дачыненьні да прыдпрымальнікаў. Аднак той заявіў, што мусіць высьветліць у панядзелак думку міністра. Ён падкрэсьліў, што ня можа даць аніякіх гарантыяў, што ў суботу і нядзелю кантралёры ня зьявяцца на выставы і кірмашы ды не аштрафуюць парушальнікаў.

Такім чынам, “круглы стол” ня даў адказу — што рабіць прадпрымальнікам заўтра: працаваць ці працягваць страйк? Як зазначыў Аляксандар Лапотка, кожны мусіць вырашаць самастойна.

Між тым, паводле зьвестак лідэраў прадпрымальніцкага руху, у шмат якіх рэгіёнах сёньня працягваўся страйк. Найбольш масавыя выступы былі адзначаныя ў Менску, Гомелі, Магілёве, Віцебску, Мазыры, Калінкавічах, Рэчыцы ды іншых гарадох.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG