Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“КУПЛЯЙЦЕ БЕЛАРУСКАЕ!” АЛЬБО КАХАНЬНЕ НА ЭКСПАРТ


Віталь Тарас, Прага

Гандаль жывым таварам, як і гандаль зброяй – ці не апошнія віды экспарту зь Беларусі, які зараз працьвітаюць на тле агульнага заняпаду эканомікі краіны. Аб тым, якія маштабы набыла гэтая зьява і што думаюць пра свой занятак самі беларускія эмігранткі – у рэпартажах нашых карэспандэнтаў з Варшавы й Масквы.

(Тэлефонны гудок. Голас карэспандэнта: ) “Дзень добры, ці ёсьць у вас у агенцыі беларускі?”

(Жаночы голас, па-польску: ) “Так, ёсьць. 100 злотых за гадзіну, паўгадзіны – 80…”


Сэнс гэтых словаў, запісаных падчас тэлефанаваньня ў адну з так званых “агенцыяў таважыскіх” у Варшаве, бадай, не патрабуе перакладу. Падобную інфармацыю можна атрымаць на якой заўгодна мове ў самых розных краінах сьвету. Аб тым, ці часта пытаюцца менавіта беларусак і чаму – крыху пазьней.

Пачаць варта са зьвестак, якія прагучалі нядаўна на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску. Паводле начальніка ўправы нораваў і незаконнага абароту наркотыкаў Рамуальда Андрыеўскага, у гарадзкіх органах унутраных справаў сёньня зарэгістраваныя больш за тысячу прастытутак.Толькі сёлета на ўлік пастаўленыя 220 прастытутак, 15 зь іх – няпоўнагадовыя. Пры гэтым, паводле словаў Андрыеўскага, выяўленыя ўсяго два выпадкі вэрбоўкі жанчынаў для занятку прастытуцыяй.

Зразумела, што лічбы, названыя адным з намесьнікаў менскай крымінальнай міліцыі, ніяк не адлюстроўваюць маштаб зьявы. Як піша тыднёвік “Newsweek Polska”, няма дакладнай статыстыкі – колькі грамадзянак Беларусі патрапілі апошнім часам у маскоўскія, польскія, ці заходнеэўрапейскія бардэлі. Праўда, памежныя службы называюць лічбу пяць тысячаў жанчын, якія штогод пакідаюць Беларусь у пошуку працы. Аднак якой менавіта працы – інфармацыі няма. Тым ня менш, аўтар рэпартажу зь Менску ў польскім выданьні “Newsweek” Міхал Кацэвіч бярэ на сябе сьмеласьць сьцвярджаць, быццам беларускія жанчыны складаюць ледзь ня большасьць прастытутак, якія паходзяць з краінаў Усходняй Эўропы.

Ці так гэта насамрэч – высьвятляў наш карэспандэнт Аляксей Дзікавіцкі.

***

(Дзікавіцкі: ) “Хаваючыся, напрыклад, за шыльдай “масаж”, дзяўчыны займаюцца звычайнай прастытуцыяй. З тэлефанаваньняў у некалькі дзясяткаў варшаўскіх агенцыяў вынікае, што беларускі ёсьць амаль паўсюль. Кошт – трыццаць даляраў за гадзіну, 20 – за паўгадзіны. На вуліцах таньней амаль напалову. Яшчэ таньней – на аўтамагістралях.

Колькі ж беларусак займаюцца прастытуцыяй у суседняй Польшчы? Высьветліць гэта аказалася справай складанай. Гандаль уласным целам у Польшчы ня ёсьць справай нелегальнай. Злачынствам ёсьць толькі пасярэдніцтва ў гэтым гандлі. Таму паліцыя можа затрымаць прастытутку зь Беларусі, напрыклад, за перабываньне ў краіне бязь візы альбо ваўчару. Ці за тое, што мэта ейнага прыезду не адпавядае мэце, дэкляраванай на мяжы.

Аднак у рукі паліцыі беларускі амаль не трапляюць. Таму даведацца пра сапраўдную колькасьць нашых суайчыньніцаў, якія займаюцца ў Польшчы самай старажытнай прафэсіяй, з паліцэйскіх справаздачаў практычна немагчыма.

Гаворыць інспэктар галоўнай камэндатуры польскай паліцыі Гражына Пухальска.

(Пухальска: ) “Статыстыка тут вельмі агульная, прыблізная. Паколькі прастытуцыя ў Польшчы не забароненая, польская паліцыя ня мае ніякіх падставаў, каб падлічваць колькасьць асобаў, якія займаюцца прастытуцыяй. Паводле нашых ацэнак, у Польшчы займаюцца прастытуцыяй некалькі тысяч кабетаў. Сярод іх дзьве з паловай тысячы – жанчыны іншых нацыянальнасьцяў. Што тычыцца беларусак, дык паводле нашых папярэдніх ацэнак, у нашай краіне знаходзяцца і займаюцца прастытуцыяй каля пяцідзесяці жанчын”.

Нагадаю, што гэта лічба кабетаў, якія ў той ці іншай ступені мелі клопаты з паліцыяй. Паводле інспэктара Пухальскай, шмат жанчынаў з Усходу, працуючы ў Польшчы, напрыклад, хатнімі гаспадынямі, сустракаюцца адначасова зь некалькімі мужчынамі за грошы. Назваць гэта адназначна прастытуцыяй, з пункту гледжаньня паліцыі, нельга. Таму, паводле спадарыні Пухальскай, ніякія падлікі ў гэтай справе ня могуць быць дакладнымі”.

Аднак, больш набліжаная да рэальнасьці лічба ўсё ж ёсьць. Гаворыць спадарыня Лена Амбражкевіч – кансультант фундацыі “Ля Страда”, якая займаецца прафіляктыкай гандлю жанчынамі ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе:

(Амбражкевіч: ) “Калі яшчэ два гады таму, паводле нашых назіраньняў, у Польшчы працавала найбольш кабетаў з Румыніі, Баўгарыі, дык апошнім часам мы заўважылі, што расьце лічба жанчынаў зь Беларусі ды Ўкраіны. На гэты момант самую шматлікую групу жанчынаў, якія займаюцца прастытуцыяй, складаюць украінкі, і адразу за імі ідуць беларускі. Прыблізна на тэрыторыі Польшчы працуюць прастытуткамі каля 15 тысячаў жанчын з Усходу”.

Гэтая ацэнка дазваляе гаварыць, што ў Польшчы прастытуцыяй займаюцца, прынамсі, некалькі тысяч беларусак. Як выявілася, існуе нават пэўны падзел працы паводле нацыянальнасьці. Беларускі працуюць, у асноўным, у агенцыях, у той час як аўтамагістралі, напрыклад, апанавалі баўгаркі. Пра тое, як беларускія дзяўчыны трапляюць у польскія публічныя дамы, распавядае Томэк Малкушэўскі з грамадскай арганізацыі “Тада”, якая займаецца прафіляктыкай СНІДу сярод прастытутак.

(Малкушэўскі: ) “Вэрбаваньне ў агенцыі адбываецца рознымі шляхамі. Часам, вэрбоўшчыкі маюць сваіх людзей у краінах, дзе жывуць дзяўчыны. І ёсьць таксама месца ў Польшчы, куды іх прывозяць, а пасярэднікі іх прадаюць. Яны атрымліваюць грошы за тое, што прывозяць дзяўчынаў. Пры гэтым многія зь іх едуць добраахвотна, бо хочуць працаваць, не прыяжджаючы непасрэдна ў агенцыі, але толькі дамаўляючыся зь нейкім чалавекам. Пры гэтым многім зь іх гавораць, што яны едуць працаваць у якасьці топ-мадэляў, ці пакаёвак. І толькі па гэты бок мяжы яны даведваюцца, пра што йдзе размова, і часам даходзіць да прымусу й згвалтаваньня дзяўчынаў. Некаторыя зь іх мірацца са сваім лёсам, некаторыя церпяць пакуты даўжэй – гэта залежыць ад асобы”.

Часта беларускія дзяўчыны, якія ня маюць грошай на падарожжа ў Польшчу, пазычаюць іх у асобаў, якія прапануюць ім працу за мяжой. Ужо на месцы жанчыны вымушаныя працаваць працяглы час бясплатна, каб аддаць пазыку, бо раптам выяўляецца, што яе памер шматкроць узрос. У выпадку адмовы – шантаж і гвалт.

Акрамя агенцыяў, вуліц і аўтастрадаў, шмат беларускіх жанчынаў працуюць з дапамогай Інтэрнэту. Працадаўцы здымаюць для іх кватэры, забясьпечваюць ахову і дастаўку да кліентаў, а потым зьмяшчаюць на адмысловых інтэрнэт-старонках абвесткі са здымкамі дзяўчынаў. За гэта прастытуткі мусяць аддаваць ім палову заробкаў. Менавіта такім чынам у Варшаве працуе 19-гадовая Вольга зь Менску. Атрымаўшы плату, як за гадзіну працы, Вольга згадзілася паразмаўляць.

-- Працавала я ў Беларусі з кампутарамі – мала “пенёндзаў” атрымлівала. Потым працавала я ў бары. Бар у нас вельмі прыгожы быў. Але там таксама вельмі мала грошай я атрымліваю. Тут я больш зарабляю.

-- Колькі ты зарабляеш у месяц? Ці ты працуеш сама, ці над табой ёсьць, як кажуць, “дах”?

-- Ёсьць ахова ў нас. Я палову зарабляю. Палову яны – палову я.

-- А колькі ты атрымліваеш на месяц?

-- 600-700 даляраў. У Беларусі я такіх грошай нідзе не зараблю.

-- А як ты трапіла сюды? Знайшла неяк па аб’яве, ці сама прыехала?

-- Мяне прывез мой знаёмы. Ён мяне спачатку спытаў – ці я хачу працаваць на такой працы? Я пагадзілася.

-- Ці вы дамаўляліся, што палову грошай ты аддаеш, а палову пакідаеш сабе? Гэта цябе задавальняе?

-- Ну, некаторыя стаяць на трасе, дык яны наагул не зарабляюць. А я хоць столькі зарабляю. Для мяне нармальна. Да мяне добра ставяцца, і мне тут падабаецца.

-- Ты ня хочаш ісьці да “агенцыі таважыскай”?

-- Не, у нас не агенцыя. У нас прыватная кватэра. У агенцыі мая сяброўка працавала, і там вельмі кепска: мафія прыходзіць, паліцыя. А тут мне добра.

-- А на дарозе?

-- Я ня ведаю, я не працавала там ні разу. Ну, кажуць, цяжка. Па-першае, грошай не атрымліваюць. Іх забіраюць. І вельмі цяжка ім працаваць. Гэта вельмі шмат кліентаў. А тут ад сілы пяць кліентаў. І тое мне зашмат. А там бывае дваццаць пяць-трыццаць кліентаў. Я б ня вытрымала. Па-першае, я б і не хацела працаваць там.

-- А як кліенты да цябе ставяцца?

-- Добра. Я ўсім падабаюся. Да мяне прыходзяць, прыходзяць і прыходзяць.

-- Ці ты маеш у Беларусі сям’ю і ці сям’я ведае пра гэта?

-- Не, аб гэтым ня ведаюць. Калі б даведаліся – я ня ведаю, што было б. Але яны ня ведаюць.

-- Ты не баішся СНІДу?

-- Я прымаю пігулкі. Карыстаюся прэзэрватывамі і правяраюся празь дзень у шпіталі, у гінэколяга.

-- Чаму ты пішаш у абвестцы, што ты беларуска? Гэта прыцягвае кліентаў?

-- Так. Палякі вельмі любяць беларусаў. Вельмі. Са мной таксама працуюць беларускі – адна разам са мной у адным доме жыве, у адным пад’езьдзе.

-- А ўвогуле, шмат зь Беларусі тут працуюць?

-- Вельмі шмат. Вельмі шмат”.


***

Вядома, шукаць заробку жанчыны зь Беларусі едуць ня толькі ў Польшчу. Ужо згаданы на пачатку нашай перадачы начальнік управы менскай міліцыі ў справе нораваў Андрыеўскі называе таксама Нямеччыну, Літву, Турэччыну, Чэхію, Грэцыю, Гішпанію і Ізраіль… “Многія наладзілі дзелавыя сувязі з сутэнёрамі з гэтых краінаў, таму перасякаюць мяжу, як правіла, цалкам легальна, па сапраўдных пашпартах”, – сьцвярджае Андрыеўскі. Паводле зьвестак міліцыі, падобная вэрбоўка вядзецца ў шмат якіх гарадах Беларусі – але найбольшы размах гэты від дзейнасьці набыў у Менску, Магілёве, Віцебску, Жодзіне, Кіраўску і Баранавічах.

Адносна новая зьява – усё часьцей беларускія жанчыны апошнім часам едуць паспытаць лёс у Расею, пераважна ў Маскву. Адразу падкрэсьлю, што ў Расеі, як і ў Беларусі, у адрозьненьне ад Польшчы ды іншых краінаў на Захадзе ад Бугу, няма дабрачынных арганізацыяў, якія б апекаваліся жыцьцём прастытутак ці клапаціліся пра іхныя правы і здароўе. Але ў Расеі адсутнічае моўны бар'ер, і пакуль што няма праблемаў з перасячэньнем мяжы. Заўсёды можна сесьці ў цягнік Масква-Менск і вярнуцца дамоў.

Прастытуцыю ў Маскве даўно цалкам кантралюе мафія. Праўда, з цэнтру сталіцы – славутай Цьвярской, напрыклад, прастытутак перасунулі бліжэй да ўскраіны, на Маскоўскую акруговую аўтадарогу. Наш карэспандэнт Севярын Квяткоўскі, паводле падказкі таксіста, ськіраваўся у пошуку беларускіх суайчыньніц на Яраслаўскую шашу…

***

(Квяткоўскі: ) “Бачым першы “маячок”. Так завецца дзяўчына, якая сама-адна стаіць нібыта бяз справы на ўзбочыне дарогі. Калі пад'яжджаеш, яна паказвае, куды трэба ехаць, каб паглядзець на "тавар". Нашая першая спроба ня вельмі ўдалая, бо “на кропцы” беларусак няма. На погляд майго спадарожніка Аляксандра, беларусак сярод маскоўскіх прастытутак ня больш за 15%, а можа нават і меней.

Даводзіцца збочыць з маскоўскай акруговай дарогі і праехаць добры кавалак шляху па Яраслаўскай шашы. Неўзабаве бачым яшчэ адзін “маячок”.

-- Добры дзень, ці ёсьць у вас якія-небудзь маладзенькія беларусачкі?

-- Ёсьць. Вунь адна зь іх.

-- Мне б даляраў за пяцьдзесят на паўтары-дзьве гадзіны.

-- Я ня ведаю, вы праедзьце й запытайцеся ў “мамачкі”.


Мамачкай завуць сутэнёршу, якая займаецца падборам патрэбных кліенту дзяўчын і забірае грошы. Па вяртаньні ад чарговага кліента прастытутка атрымлівае трыццаць пяць адсоткаў ад заробленай сумы.

Ад сустрэчы зь дзяўчынай-“маячком” я вяду таемны запіс на дыктафон, схаваны ў зьнешнюю нагрудную кішэню. Мяне ўжо папярэдзілі, што калі “мамачка” ці ахова дазнаюцца, што я ня той, за каго сябе выдаю, наступствы могуць быць вельмі сур’ёзнымі: калі не заб’юць, дык пакалечаць. Пад’яжджаем да месца, куды нас скіраваў “маячок”.

Адкрываецца неверагоднае відовішча: велічэзны базар, дзе на продаж выстаўленыя некалькі дзясяткаў жанчынаў самага рознага ўзросту, росту, колеру валасоў. Мы прыехалі ў самы бойкі час – пачатак на дзявятую. Стаім у чарзе з аўтамабіляў. Вось і наша чарга.

-- Добры дзень! Нам бы маладзенькую беларусачку – такую, каб павесялей была.

-- Менавіта беларусачку?

-- Пажадана.

-- Дзяўчаты-беларусачкі! Станьце, калі ласка!


Адна дзяўчына сама хуценька падбягае да нашае машыны. Яна кажа, што зь Віцебску. Зваць Оля. Кошты тут лічаць, у асноўным, на расейкія рублі. Оля не арыентуецца ў далярах. Пакуль мы гандляваліся, сутэнёршы працягвалі шукаць беларусак. Разам зь віцебскай Оляй адшукалі толькі трох дзяўчат.

(Сутэнёрша: ) “Беларусачкі, да кучкі!”

(Карэспандэнт: ) “Ведаеце, сам зь Менску, у Францыі доўга жыў, цяпер у Маскву прыехаў: хачу беларусачку. Гадзіны на паўтары-дзьве. У мяне дзесьці даляраў шэсьцьдзесят”.

(Оля, пасьля паўзы: ) “Давай!”

(працяг размовы ў машыне: )

-- А зараз ты едзеш куды, у Беларусь?

-- Так. Дамоў хочаш паехаць?

-- Я вось неўзабаве паеду.

-- Ты тут даўно?

-- Ад сакавіка. Я ў Маскве ад сакавіка, але займаюся гэтым ад пачатку траўня. Слухай, маленькае пытаньне – у цябе ў Беларусі няма знаёмых дзяўчатаў, якія б хацелі сюды прыехаць?

Пры канцы жніўня паеду дамоў. Хачу сабраць дзяўчат, каб яны тут працавалі, а я за іх грошы атрымлівала. Хачу паехаць дамоў, каб у наступным годзе паступіць у Віцебску ва ўнівэрсытэт. Сама вучылася ў тэхнікуме, па прафэсіі мадэльер-канструктар. Мне мала тэхнікуму, каб сваю справу пачаць. Мне патрэбная вышэйшая адукацыя.

У мяне ёсьць свае людзі ў Маскве. Каб дзяўчыны працавалі ня тут, дзе ты мяне ўзяў, а на кватэрах. Гэта нашмат больш бясьпечна, і дзяўчынам лепш. Па-першае, яна будзе мець больш грошай – яна ж дзеля гэтага й прыехала, і менш праблемаў у пляне бясьпекі. Я паеду дадому, а іх уладкую, куды трэба.


Прастытутцы Олі 20 гадоў, выглядае на 18. Кажа, што нарадзіла дачку й выйшла замуж у 16 гадоў. Кажа, што разводзіцца з мужам, які нічога ня робіць, каб зарабіць. Паводле ейных словаў, большасьць малодшых каляжанак паходзяць з праблемных сем’яў, а старэйшым няма за што карміць дзяцей.

Знаёмая журналістка, якая займаецца гендэрнай праблематыкай, патлумачыла, што кожная прастытутка мае сваю “легенду”. І нават калі гісторыя напалову прыдуманая, з часам яна становіцца як бы часткай сьвядомасьці. Оля выдатны псыхоляг, яна дэманструе свой патрыятызм:

(Оля:) “Зь Беларусі менавіта на нашай кропцы літаральна дзьве-тры дзяўчыны. Гэта мала, калі на кропцы 70-80 чалавек. Беларускі ёсьць, але іх вельмі мала.

Адзін, памятаю, прыехаў, а мы стаім зь дзяўчынамі ля дарогі. Даведаўся, што я зь Беларусі, дык такі скандал усчыніў. Маўляў, што ты нашу нацыю ганьбіш?! (сьмяецца). Там нават ахова падбегла: ідзі ты адсюль! А ён да “мамачкі” – дайце мне ейны пашпарт, я дадому забіраю. Усяляк бывае”.


Аднойчы мая суразмоўца была вымушаная адмовіцца ад кліента.

(Оля: ) Ведаеш, тут быў такі выпадак – пад’яжджае машына. Сядзіць хлопец, пытаецца, што па чым. Пытаецца: “А ты адкуль?” Я адказваю, што зь Беларусі. Ён пытаецца: “А адкуль зь Беларусі?” Я кажу, што зь Віцебску. Я гляджу – віцебскія нумары на машыне. І ён называе вуліцу, і высьвятляецца, што мы жывем па суседзтву. Як мяне ператрэсла тады! Я кажу: усё, да пабачэньня!”

Оля кажа, што ёй страшна працаваць. За дзяўчыну заплацілі – далейшы яе лёс нікому не цікавы. Калі яна ня вернецца, ніхто шукаць ня будзе. А дома, на радзіме, зазвычай мала хто ведае, куды едуць дзяўчаты. Яны хлусяць, а значыць, шанец знайсьці зьніклую прастытутку практычна нулявы. Дарэчы, самы непрыемны выпадак у практыцы Олі таксама зьвязаны зь беларусам:

(Оля: ) “Мне працуецца проста выдатна. Можа, мяне Бог бароніць. Толькі аднаго разу быў выпадак, калі я ехала з пашпартам, мне патрапіўся беларус, які адабраў у мяне пашпарт. Мы яго, праўда, потым адабралі. Такі быў выпадак, а пакуль усё бяз крыўдаў”.

Калі заяжджаем у цэнтар Масквы, Оля глядзіць на гадзіньнік і заклапочана пытаецца, калі й дзе ёй трэба пачынаць працу. Неўзабаве ёй трэба вяртаца “на кропку”. Кажу, што перадумаў, што мне хочацца проста пагаварыць. Заводжу яе ў кавярню.

За столікам гутарым “за жыцьцё”. Оля мне піша свой адрас у Віцебску, дамаўляемся заўтра сустрэцца, каб я перадаў пасылку ейнай сяброўцы ў Менск. Оля распавядае пра сваю працу – якія паслугі і за які кошт яна робіць. На разьвітаньне кажа: “Я табе, як беларусу, зрабіла б яшчэ ня тое…”

У Олі, як у кожнай вулічнай прастытуткі, няма дакумэнтаў, а таму яна ня можа купіць сабе сотавы тэлефон, якія ў Маскве вельмі танныя. Перад тым, як сесьці ў таксоўку, яна піша мне нумар мабільнага тэлефону свайго сутэнёра, ці ахоўніка.

На наступны дзень Оля не прыйшла на сустрэчу. Я патэлефанаваў. Мужчына адказаў, што Оля зьехала. Пытаюся – маўляў, занятая? Не, кажа, зьехала дадому ў Беларусь. Мой маскоўскі прыяцель Аляксандар сказаў, што гэта нармальная практыка – адказваць такім чынам, хавацца. Але як праверыць?”

***

Характэрная дэталь. І ў Варшаве і ў Маскве ў размове з нашымі карэспандэнтамі дзьве розныя жанчыны назваліся адным і тым імем – Вольга. Некалі самым распаўсюджаным сярод эмігрантак з СССР было імя Наташа. Напрыклад, у арабскіх краінах і ў Турэччыне слова “наташа” стала ўжо сынонімам прафэсіі.

Паводле зьвестак расейскага часопісу “Дэмаскоп”, летась Беларусь пакінулі назаўжды 15 тысяч грамадзянаў Беларусі. Пераважным чынам, гэта маладыя кабеты, здольныя нараджаць дзяцей. На саміце ААН у Яганэсбургу прагучала лічба – каэфіцыент нараджальнасьці ў Беларусі ў 2000 годзе склаў крыху больш 9% пры сярэднім паказьніку ў сьвеце 25%. Згодна з афіцыйнымі прагнозамі, цягам бліжэйшага паўстагодзьдзя насельніцтва Беларусі скароціцца на 2 мільёны чалавек. Што гэта, калі не дэмаграфічная катастрофа?

Застаецца дадаць яшчэ адну лічбу. Паводле афіцыйнай статыстыкі, колькасьць жыхароў Беларусі, даходы якіх ніжэйшыя за пражытковы мінімум – 4 мільёны чалавек. Дык ці сядзе калі-небудзь Вольга з Варшавы або Оля з Масквы на цягнік, каб вярнуцца дамоў?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG