Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАЦЯГВАЮЦЦА СУДЫ НАД СЯБРАМІ ІНДУІСЦКАЙ СУПОЛКІ


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Цэнтральным судзе Сяргея Сілібіна пакаралі арыштам на 10 сутак за пікет у абарону рэлігійных меншасьцяў.

(Сілібін: ) "Я абураны такім прысудам. Я ўвогуле не разумею, як гэта магчыма, каб людзей за іх рэлігійныя перакананьні кідалі за краты і зьдзекваліся зь іх. Мы жадаем, каб грамадзкасьць пэўным чынам зрэагавала на тое, што адбываецца з нашай суполкай і, можа, аказала нам нейкую дапамогу".

Жонку Сяргея Сілібіна Ірыну судзьдзя Тацяна Паўлючук аштрафавала на паўтара мільёна рублёў.

(Сілібіна: ) "Гэты прысуд мяне вельмі абурае. Я ня ведаю, зь якіх сродкаў буду плаціць такія грошы. У мяне іх папросту няма. І за што? Толькі за тое, што выйшла выказаць сваю думку? У нашай дзяржаве я ня ведаю, хто можа заплаціць такія грошы. Гэта нерэальна. Я ня ведаю, які заробак у супрацоўнікаў праваахоўчых ворганаў, але, мяркую, што і яны б не заплацілі такі штраф. Я разумею, што такія штрафы – гэта сродак барацьбы з апазыцыяй. Мы не апазыцыя..."

Ірына пазьбегла камеры спэцпрыёмніка дзякуючы таму, што мае шасьцігадовае дзіця. Паводле заканадаўства, жанчын, якія маюць дзяцей да 12 гадоў, суд ня мае права караць арыштамі.

Сёньня не адбыўся суд над Тацянай Жылевіч. Высьветлілася, што Тацяна знаходзіцца ў дзявятым клінічным шпіталі. Учора ўвечары, калі яна вярталася дамоў, яе зьбілі невядомыя.

Натальля Салаўёва, намесьніца патрыярха царквы "Шава-Шакта" ў краінах СНД, якая адмыслова прыехала ў Беларусь, паведаміла:

(Салаўёва: ) "Мы вернікі, а не палітычная арганізацыя. Мы лічым, што нас папросту жадаюць запалохаць. Фізычныя расправы памнажаюца штодня і дайшлі да асаблівай жорсткасьці. Гэта жах. Тацяна вярталася дамоў, і яе жорстка зьбілі невядомыя. Лекары кажуць, што ў яе страсеньне мазгоў, але пакуль стан здароўя адносна нармалёвы. Яна кепска сябе адчувае і дрэнна выглядае. Нам раз і назаўсёды даюць зразумець, каб мы спынілі адстойваць свае правы і сядзелі, як шмат гадоў раней, у падпольлі, не высоўвалі свой нос і не псавалі настрой уладам".

Тацяна Жылевіч – восьмая па ліку ахвяра невядомых хуліганаў. Раней зьбілі Тацяну і Сяргея Акаданавых, а потым цягам тыдня яшчэ пяцёх чалавек. Заўтра суд разгледзіць справу Сяргея Раманчука. Яму пагражае арышт.

Пакуль у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку ўтрымліваюцца 7 чалавек, у тым ліку тры маладыя сямейныя пары.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG