Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД НАД УДЗЕЛЬНІКАМ РАЗБОЙНАГА НАПАДУ НА ОФІС ЗАДЗІНОЧАНЬНЯ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ


Альгерд Невяроўскі, Менск

15 лютага Міхаіл Моўчан разам з саўдзельнікам напаў на штаб-кватэру Задзіночаньня беларускіх студэнтаў.

Справа гэта даволі заблытаная. Нейкі невядомы чалавек (Моўчан называе яго то Ігарам, то Зьмітрам), прапанаваў яму зьезьдзіць на кватэру, дзе месьціцца офіс ЗБС, каб забраць кампутар. Міхаіл Моўчан пагадзіўся. Хаўрусьнікі выпілі гарэлкі й пайшлі на справу.

Перад уваходам у кватэру невядомы даў Моўчану нож, сам узброіўся ключом-манціроўкай і нацягнуў на галаву маску. Уварваўшыся ў офіс ЗБС, злачынцы палажылі на падлогу некалькі студэнтаў і забралі кампутар, манітор, мадэм, факс, іншыя рэчы. Агульная сума нарабаванага складае 1 мільён 370 тысячаў рублёў, ці 740 даляраў. Пры гэтым Міхаіл Моўчан некалькі разоў ударыў сябра ЗБС Юрася Сідуна і пагражаў нажом Вользе Кузьміч.

Міліцыянты затрымалі Міхаіла Моўчана праз тры тыдні пасьля злачынства. Суд над ім стаў першым у справе рабаўніцтва офісаў рэдакцыяў незалежных СМІ й грамадзкіх арганізацыяў. Справы крадзяжу тэхнікі з офісаў Беларускага Гельсынскага камітэту, газэтаў "Наша свабода" й "Згода", часопісу "Полымя" дагэтуль не раскрытыя.

Старшыня ЗБС Вольга Кузьміч, аднак, перакананая, што разбойны напад на іх офіс – не звычайны крымінал:

(Кузьміч: ) "Я думаю, што тут ёсьць палітычны падтэкст, але зроблена ўсё было даволі хітра. Гэта былі ня проста спэцслужбы, якія прыйшлі да нас на сядзібу. Яны дамовіліся з гэтым Моўчанам, але ён хутчэй за ўсё ня ведаў, што гэта будзе такі разбой. А магчыма, яму заплацілі.

Той чалавек у масцы паводзіў сябе вельмі прафэсійна. Бачна было, што ён быў у нашым офісе. Хутчэй за ўсё летась перад выбарамі прэзыдэнта, калі да нас часта прыходзілі міліцыянты й прадстаўнікі спэцслужбаў. Ён добра арыентаваўся, дзе і якая тэхніка ў нас стаіць. І яму быў патрэбны менавіта той кампутар, дзе была база дадзеных і ўсе макеты газэтаў".

На думку Вольгі Кузьміч, сапраўдныя арганізатары разбою выкарысталі малапісьменнага Міхаіла Моўчана (які мае незакончаную сярэднюю адукацыю, нідзе не працуе й моцна п'е), пасьля чаго самі й здалі яго міліцыі.

Пацярпелых зьдзіўляюць і паводзіны судьдзі Андрэя Ганчарыка. Яго амаль не цікавіць асоба хаўрусьніка Моўчана, затое ён вельмі пільна сочыць за парадкам у судовай залі. Сёньня яму не спадабаліся паводзіны маці падсуднага, і з гэтай прычыны ён выдаліў з працэсу усіх назіральнікаў.

Пацярпелыя, аднак, лічаць, што Міхаіл Моўчан будзе такі асуджаны. За ўдзел у разбойным нападзе яму пагражае ад 7 да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG