Лінкі ўнівэрсальнага доступу

DIE PRESSE: “СТРАТЭГІЧНАЯ MЭТА КРАМЛЯ — АДНАВІЦЬ ВЯЛІКАДЗЯРЖАЎНЫ РАСЕЙСКІ ЎПЛЫЎ”


Алена Панкратава, Менск

Паводле венскага выданьня “Die Presse”, палітыка кіраўніка Крамля з кожным днём становіцца ўсё больш агрэсіўнай і відавочна перасьледуе адзіную доўгатэрміновую стратэгічную мэту — аднавіць вялікадзяржаўны расейскі ўплыў на тэрыторыі былога СССР. Як лічаць аглядальнікі, прапанаваныя на выбар Крамлём інтэграцыйныя варыянты па сутнасьці ня маюць ніякага значэньня — у любым выпадку Лукашэнкава Беларусь будзе праглынутая Расеяй de facto.

Як піша “Die Presse”, наўрад ці трэба чакаць рашучых пратэстаў з боку ЗША і Эўразьвязу. Для Захаду дыктатарскі рэжым Менску доўгі час ёсьць бяльмом на воку. Паводле аўстрыйскага выданьня, вялікадзяржаўніцкія пляны расейскага кіраўніцтва тычацца і іншых краінаў СНД, галоўным чынам з каўкаскага і сярэднеазіяцкага рэгіёнаў. Былыя савецкія рэспублікі мусяць зрабіць шмат намаганьняў, каб пазбавіцца сьмяротных абдымкаў Расеі, — піша “Die Presse”.

Як піша швайцарская “Schaffhauser Nachrichten”, беларускаму лідэру чарговы раз далі зразумець: час, калі ў Маскве яго ўспрымалі як калегу расейскага прэзыдэнта, мінуў. Цяпер у Крамлі ён можа быць толькі цярплівым госьцем. Нягледзячы на тое, што ў лісьце расейскага лідэра як варыянт разглядаецца далейшая праца ў справе аб’яднаньня краінаў на аснове расейска–беларускай дамовы, усё ж на месцы найпершых пазыцыяў прапанаваныя два непрымальныя для Лукашэнкі варыянты — поўная інтэграцыя ў адзіную дзяржаву і наддзяржаўная структура накшталт Эўразьвязу.

Нямецкія аналітыкі, якія пішуць для адмысловых паліталягічных выданьняў, як дортмундзкі “Belarusnews” і іншыя, лічаць, што апошнія пуцінскія прапановы ёсьць толькі чарговым крокам у шахматнай гульні. Зараз расейскі лідэр прадэманстраваў: працэс расейска–беларускіх дачыненьняў занадта зацягнуўся.

Масква выказвае нецярплівасьць у зьвязку з тым, што абяцаная год таму прыватызацыя беларускай эканомікі ідзе надзвычай марудна. Як лічаць нямецкія экспэрты, калі б Крэмль меў на мэце рэальную інтэграцыю — паводле мадэлі фэдэратыўнай дзяржавы або паводле эўразьвязаўскай, у Расеі ужо б вялася адпаведная прапаганда. Пакуль,— лічаць назіральнікі,— Крэмль не заклапочаны падобным інтэграцыйным іміджам. Мэта Пуціна — эканамічна магутная Расея. Сваім лістом да Лукашэнкі ён даў зразумець, што мае намер раставіць ўсе кропкі над “і” ў расейска–беларускіх дачыненьнях.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG