Судзьдзя Тацяна Паўлючук арыштавала сябра індуісцкай суполкі “Шава-Шакта” студэнта БДУ Ігара Юсупава на 10 сутак. Ігар, як і астатнія ўдзельнікі пікету, у судзе тлумачыў, што лічыў Канстытуцыю асноўным законам.
Амонаўцы, якія былі сьведкамі з боку абвінавачваньня, казалі, што, калі б індуісты сьпявалі па-расейску, як “нармальныя людзі”, а не на гіндзі — іх бы, магчыма, не затрымалі...
Ігар днямі ажаніўся. Ягоная жонка Ірына Галавіна — грамадзянка Расеі. Яна прыехала ў Менск зь Пецярбургу. Ірына 17 жніўня прыйшла на Кастрычніцкі пляц разам з мужам і трапіла ў амонаўскі аўтобус. Сёньня ў Цэнтральным судзе Менску яе судзілі літаральна 20 хвілінаў і пакаралі арыштам на 10 сутак. Маладыя мядовы месяц правядуць за кратамі спэцпрыёмніка.
Пасьля агалошваньня прысуду Ірына была ў шокавым стане. Яна ня здолела вымавіць ніводнага слова...
У судзе прысутнічалі сябры індуісцкай суполкі. Марыя Вяткіна, сяброўка Ірыны Галавіной, паведаміла Радыё Свабода:
(Вяткіна: ) “Ірына ледзь ня плача. У іх жа мядовы месяц! Як гэта магчыма? Чалавека кідаюць за краты толькі за тое, што ён сьпяваў на вуліцы песьні?.. Кінуць у “адстойнік”... Разьвесьці маладых па камерах?.. Жудасна гэта выглядае!.. Чаму мы павінны хавацца??? Мы не палітычная партыя. Мы папросту жадаем верыць у Бога. Мы думалі, што гэткага кшталту затрыманьні тычацца толькі апазыцыі, а насамрэч — людзей звычайных. Кожны чалавек можа апынуцца на нашым месцы й перажыць тое, што мы цяпер”.
Марыю Вяткіну і яшчэ колькі ўдзельнікаў пікету чакаюць суды. Хутчэй за ўсё, яны таксама апынуцца за кратамі. Гэта не палохае індуістаў. Яны не хаваюцца, самі кожны дзень прыходзяць у суд — адны, каб атрымаць пакараньне, іншыя — каб падтрымаць сваіх паплечнікаў.