Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІЗРАІЛЬ НЯ БУДЗЕ ЗАЧЫНЯЦЬ АМБАСАДУ Ў МЕНСКУ


Алесь Грыневіч, Менск

Але такое рашэньне выклікала пратэсты. Таму з васьмі прадстаўніцтваў, якія плянавалася зачыніць бліжэйшым часам, тры маюць працягнуць працу.

Рашэньне пра закрыцьцё амбасады Ізраілю ў Беларусі выклікала пратэсты ў ізраільскім грамадзтве. Выхадцы зь Беларусі пікетавалі Міністэрства замежных справаў Ізраілю, патрабуючы захаваньня амбасады. Тыя, хто выступаў супраць закрыцьця, найперш казалі пра важнасьць менскага прадстаўніцтва для габрэйскай грамады Беларусі.

Адсутнасьць амбасады таксама ўскладніла б для беларускіх грамадзянаў атрыманьне візаў. Да адкрыцьця амбасады ў Менску па ізраільскія візы трэба было езьдзіць у Маскву.

Агулам Ізраіль плянаваў зачыніць восем дыпляматычных прадстаўніцтваў, бо ў бюджэце не хапае грошай на іхнае ўтрыманьне. Але ў жніўні адбылася сустрэча паміж прэм’ер-міністрам Ізраілю Арыэлем Шаронам і міністрам замежных справаў Шымонам Пэрэсам. Апошні, дарэчы, сам паходзіць зь Беларусі. Пасьля сустрэчы было абвешчана, што разглядаецца магчымасьць захаваць консульствы ў Манрэалі (Канада) і Марсэлі (Францыя), а таксама амбасаду ў Менску.

Учора прэм’ер-міністар Шарон падпісаў рашэньне захаваць гэтыя тры ўстановы. Гаворыць супрацоўнік прэсавае службы Міністэрства замежных справаў Ізраілю Міхаіл Бродзкі:

(Бродзкі: ) “Рашэньне такое насамрэч ёсьць. Рашэньне было прынятае кіраўніком ураду. На сёньня — пытаньне ў бюджэце. Як вядома, рашэньне зачыніць восем прадстаўніцтваў было прынятае з прычыны недахопу бюджэту. У выпадку, калі сродкі на працяг існаваньня амбасады ў Менску будуць знойдзеныя, яна, безумоўна, застанецца, бо зразумела, што для Ізраілю важна захаваць амбасаду ў Менску”.

Я запытаў у спадара Бродзкага, ці магчамая такая сытуацыя, што грошы ня будуць знойдзеныя, нягледзячы на распараджэньне прэм’ер-міністра.

(Бродзкі: ) “На жаль, тэарэтычна ўсё магчыма. Але будзем спадзявацца, што рашэньне будзе выкананае, і грошы будуць пераведзеныя ў міністэрства замежных справаў. Гэта дазволіць захаваць амбасаду”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG