Калі вы слухаеце зараз радыё, дык зь вялікай доляй верагоднасьці можна сказаць, што гэтая перадача тычыцца вас. Прыблізна палова насельніцтва Зямлі інфікаваная Helicobacter pylori – бактэрыяй, якая жыве ў страўніку і кішэчніку і сёньня лічыцца асноўнай прычынай гастрытаў, язваў і нават раку страўніка. Група швэдзкіх навукоўцаў нядаўна абвесьціла ў часопісе Science (Навука) аб унікальным адкрыцьці мэханізму дзеяньня Гелікабактэр пілары, які можа дапамагчы выпрацаваць вакцыну супраць яе.
Каманда дасьледчыкаў на чале з прафэсарам Томасам Борэнам з унівэрсытэту швэдзкага гораду Ўмэа абнаружыла, што Гелікабактэр пілары выпрацавала ўнікальны мэханізм заўсёды прытрымлівацца сьценак кішэчніка або страўніка.
Мэханізм дзеяньня Гелікабактэр пілары наступны. Пры першапачатковым інфікаваньні страўніка яго сьценкі запаляюцца, і пры гэтым выпрацоўваецца спэцыяльная цукровая малекула. Гэтая малекула выконвае ролю сьцягу, які прываблівае да месца інфэкцыі імунныя клеткі. Калі б дзеяньне шкоднай Гелікабактэр гэтым і абмяжоўвалася, дык арганізм мог бы лёгка спраўляцца з інфэкцыяй, проста паслаўшы да хворага месца больш белых крывяных клетак.
Аднак гэтым справа не абмяжоўваецца. Гелікабактэр пілары мае надзвычайныя адаптыўныя здольнасьці. Яна навучылася выкарыстоўваць цукровую малекулу-сьцяг для яшчэ большага ў (літаральным сэнсе) прыліпаньня да клетак страўніка. Гелікабактэр перапрацоўвае цукр той малекулы і сынтэзуе адмысловыя бялкі прыліпаньня.У выніку справа канчаецца для хворага яшчэ большым запаленьнем сьценкі страўніка ці дванаццаціпалай кішкі і зьяўленьнем пэптычных ранаў – усім вядомых язваў.
Але гэтыя бялкі ня толькі дапамагаюць шкоднай бактэрыі ўмацавацца ў страўніку, але могуць і забіваць яе. І вось гэтая іх уласьцівасьць, паводле швэдзкіх навукоўцаў, робіць тыя бялкі найлепшым матэрыялам для стварэньня вакцыны супраць язвы страўніка.
Сёньня для лячэньня выкліканай Гелікабактэр пілары язвы выкарыстоўваюцца антыбіётыкі, а гэта па-першае, можа выпрацаваць у бактэрыяў устойлівасьць да іх, а, па-другое, зьнішчыць і карысныя бактэрыі ў кішэчніку і страўніку. Паводле прафэсара Томаса Борэна, цяпер мэта яго калектыва – стварыць такую форму бялкоў прыліпаньня, якая б правакавала імунны адказ арганізму і рыхтавала цела да распазнаньня і зьнішчэньня бактэрыяў.
Інтэрнацыянальны швэдзка-амэрыканскі калектыў навукоўцаў ужо распачаў экспэрымэнты на мышах. Паводле прагнозаў саміх аўтараў адкрыцьця, вакцына для людзей можа зьявіцца ўжо праз 6-8 год.
Застаецца дадаць, што працуючы над вывучэньнем мэханізму дзеяньня шкоднай Гелікабактэр пілары, швэдзкія навукоўцы адкрылі ня толькі сам дакладны мэханізм, але і спосабы, пры дапамозе якіх Гелікабактэр ухіляецца ад імуннага адказу арганізму. Аказваецца, яна навучылася ў момант імуннай атакі арганізму троху аддаляцца ад сьценкі страўніка і пазьбягаць такім чынам пагрозы. Пасьля яна зноў вяртаецца, прыклейваецца з дапамогай бялкоў да сьценак страўніка і працягвае сваё паразытычнае існаваньне, правакуючы гастрыты і язвы.
***
Ці магчыма лячыцца віном? Вакол адказу на гэтае пытаньне вядуцца шматгадовыя спрэчкі. Аднак, усё часьцей зьяўляюцца паведамленьні аб станоўчым уплыве сухога віна на арганізм чалавека. У прыватнасьці, у парадах амэрыканскай мэдычнай аргагнізацыі RealAge, якія гучаць у нашым эфіры, прынамсі 1-2 разы на месяц нагадваецца аб станоўчым уплыве сухога віна на здароўе людзей.
Дабратворны ўплыў віна на арганізм чалавека заўважылі яшчэ старажытныя рымляне і грэкі, якія і пачалі яго першыя вырабляць зь вінаграду. Яны заўважылі спачатку антысэптычныя ўласьцівасьці віна. І таму пачалі дадаваць яго да пітной вады ў прапорцыі тры шклянкі вады плюс адна шклянка віна. Практычна гэтак і спажывалася спачатку віно – разьведзенае з вадой. Прычым, зьмяшанае з вадой віно ў прапорцыі адзін да аднаго лічылася вельмі моцным алькагольным напоем і прызначалася для апошніх п’яніц. У наступныя стагодзьдзі віном паілі параненых жаўнераў, прамывалі раны, лячылі інфэкцыйныя хваробы. У XVIII-XIX стагодзьдзях эўрапейскія лекары прыпісвалі белае віно пры хваробах сэрца, а чырвонае – пры хваробах страўніка. Салодкае чырвонае віно лічылася ў Эўропе лекам ад анэміі. Пазьней з разьвіцьцём фармакалягічнай прамысловасьці на лекавыя ўласьцівасьці віна забыліся, а зараз у сьвеце назіраецца новы вінны бум.
Сучасная папулярнасьць віна грунтуецца на так званым “францускім парадоксе”. Мэдыкі даўно дзівіліся, чаму французы, якія лічацца безнадзейнымі курцамі, ужываюць шмат салёных і тлустых сыроў і калярыйных паштэтаў, а таксама ігнаруюць фізычныя практыкаваньні – амаль на траціну менш хварэюць на сардэчныя хваробы, чым іншыя народы. Сёньня лічыцца, што адна з прычынаў такога стану рэчаў – неалькагольныя кампанэнты віна, якое французы п’юць шмат і усюды.
А само віно сёньня разглядаецца як унікальная сумесь кампанэнтаў, якія трапляюць у яго з чырвонага вінаграду або ўтвараюцца пры скісаньні.
Мэдыкі сёньня вылучаюць сем выгодаў ужываньня сухога віна.
1. Віно зьмяншае шкодныя наступствы стрэсу і засьцерагае нас ад атэрасклерозу. Гэтыя яго ўласьцівасьці ёсьць заслугай этылавага сьпірту, які наагул лічыцца атрутай, але ў малых дозах можа мець дадатны ўплыў на арганізм чалавека. Малыя дозы – гэта, паводле мэдыкаў, 250 грамаў віна для мужчын і 125 грамаў – для жанчыў у дзень.
2. Віно зьяўляецца крыніцай патрэбных чалавеку мінэралаў. У ім утрымліваюцца кальцый, магіній, фосфар, жалеза, ёд і фтор. Іх, штопраўда, у віне меней, чым у сьвежым вінаградзе, але і ў такой колькасьці яны незаменныя для шчытападобнай залозы і зубоў. Трэба таксама ведаць, што з узростам колькасьць мінэралаў у віне падае – яны ператвараюцца ў так званы вінны камень.
3. Віно – гэта і крыніца вітамінаў. Прычым, у адрозьненьне мінэралаў, колькасьць вітамінаў у віне з узростам не зьмяншаецца. Апрача стандартнай групы вітамінаў А, В і С вельмі шмат у віне ўтрымліваецца вітаміну Р – гэта так званыя флаванаіды, якія ахоўваюць арганізм ад інфэкцыяў і пераахалоджваньня.
4. Віно вяртае людзям апэтыт, паляпшае страваваньне і ўмацоўвае арганізм. Гэтыя яго ўласьцівасьці паходзяць ад арганічных кіслотаў, якія у ім утрымліваюцца. Гэта вінная, яблычная, шалфеевая і лімонная кіслоты. Якраз імі абумоўленыя і антысэптыцкія якасьці віна.
5. Віно засьцерагае сэрца і судзіны, дапамагае арганізму акрыяць пасьля хваробы і замядляе старэньне. Даўкасьць віна выкліканая яго фэнолавымі кампанэнтамі. Якраз яны і ўважаюцца сёньня найважнейшымі біялягічна актыўнымі яго кампанэнтамі. А флаванаіды ў віне маюць цэлы шэраг станоўчых учынкаў: яны паляпшаюць засваеньне тканкамі арганізму кіслароду, перашкаджаюць утварэньню тромбаў, зьніжаюць артэрыяльны ціск, маюць антызапаленчае і антыалергічнае дзеяньне. Апрача гэтага, флаванаіды блякуюць так званыя вольныя радыкалы, якія ёсьць прычынай старэньня арганізму. Зараз ужо стала вядомае і яшчэ адно станоўчае дзеячньне флаванаідаў – антывіруснае. Яны здольныя, напрыклад, змагацца зь вірусам герпэсу. Трэба таксама ведаць, што флаванаідаў у чырвоным віне ў 20 разоў болей, чым у белым. І самае галоўнае – флаванаіды зь віна значна лепш засвойваюцца арганізмам чалавека, чым проста са сьвежага вінаграду.
6. Аматары віна значна радзей бываюць тоўстыя. Колькасьць бялкоў і вугляводаў у віне занадта нізкая, каб адмоўна ўплываць на людзей. Віно ў адрозьненьне ад піва ці гарэлкі ўтрымлівае абсалютны мінімум калёрыяў за кошт таго, што ў ім мала высокакалярыйнага сьпірту.
7. І апошняя станоўчая якасьць віна – яно робіць больш адчувальнымі нашыя рэцэптары густу і проста падвышае настрой.
Мэдыкі сёньня ня раяць ужываць шмат віна тым, хто мае хранічныя захворваньні нырак і печані або цукровы дыябэт. Такія людзі могуць замяніць віно проста сьвежым вінаградам і іншай садавінай.
***
А зараз – некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старасьці добрае здароўе.
1. Лекары зноў і зноў зьвяртаюць увагу на карысьць для вашага здароўя рыбы. У прыватнасьці, ласось зьяўляецца багатай крыніцай тлустых кіслот групы амега-3. Нядаўняе дасьледаваньне паказала, што людзі з высокім утрыманьнем у крыві тлустых кіслот амега-3 маюць на 80 адсоткаў меншую рызыку памерці ад сардэчнага прыступу, чым тыя, хто мае ў крыві нізкі ўзровень гэтых кіслот. RealAge сьведчыць, што спажываньне прынамсі адзін раз на тыдзень страваў з рыбы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 2,7 года маладзейшым.
2. Той, хто бярэ асьпірын, каб засьцерагчыся ад хваробаў сэрца, засьцерагаецца і ад пэўных формаў раку. Навукоўцы мяркуюць, што асьпірын можа зьніжаць рызыку раку падстраўнікавай залозы. Адно з дасьледаваньняў паказала, што людзі, якія бяруць асьпірын, маюць на 43 адсоткі меншую рызыку захварэць на рак гэтага воргану. RealAge сьведчыць, што прыём адной 325-міліграмовай пілюлі асьпірыну ў дзень можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 1,9 года маладзейшым.
3. Калі вы навучыцеся больш лагодна ставіцца да старасьці і не баяцца яе, гэта можа дапамагчы вам пражыць значна даўжэй. Навукоўцы на працягу 23-х гадоў праводзілі дасьледаваньне сярод людзей адпаведнага веку і высьветлілі, што значна больш шанцаў на доўгую і плённую старасьць маюць якраз аптымісты, якія не наракалі на нямогласьць і не сумавалі з прычыны свайго ўзросту. RealAge сьведчыць, што клопат аб вашым эмацыйным стане можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост аж на 16 гадоў маладзейшым.
4. Калі ў вас насмарк, напявайце любімую мэлёдыю. Як паказала адно з нядаўніх дасьледаваньняў, напяваньне дапамагае праветрываць носавыя праходы і ачышчаць іх ад шкодных мікробаў. RealAge сьведчыць, што клопат аб вашай імуннай сыстэме можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.
5. Калі робіце канапку ці гатуеце булку з начынкай і дадаяце туды цыбулі, вы павялічваеце здольнасьць вашага арганізму змагацца з ракам. Навукоўцы знайшлі, адсно з рэчываў, якія ўтрымліваюцца ў цыбулі, а менавіта квэрцыцін поліфэнол, здолны прадухіляць рост некаторых формаў раку. Гэтае рэчыва ўтрымліваецца і ў скурцы яблыка. RealAge сьведчыць, што калі вы будзеце трымацца разнастайнай дыеты, у прыватнасьці 5 разоў на дзень есьці садавіну і гародніну, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.