Судзьдзя ўлічыла аргумэнты міліцыянтаў, але ня сьведкаў з боку Рыжкова – старшыні магілёўскай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юрася Новікава, юрыконсульта гэтай арганізацыі Аляксандра Каралёва і лідэра Свабоднага прафсаюзу прыватных прадпрымальнікаў Магілёва Сяргея Фаміна. Паводле іхных словаў, падчас затрыманьня на прыпынку спадар Рыжкоў папрасіў міліцыянтаў прад’явіць дакумэнты і растлумачыць, у чым жа яго абвінавачваюць. Яму ў гэтым адмовілі, заламалі рукі, а пасьля ў пастарунку моцна зьбілі. Судмэдэкспэртыза пасьля вызваленьня засьведчыла блізу двух дзясяткаў кровападцёкаў і некалькі сінякоў на ягоным целе.
Паводле сьведчаньня сяржантаў Уладзімера Дзьмітрычэнкі і Зьмітра Новікава, Юрась Рыжкоў быў на падпітку, моцна лаяўся і адмовіўся ісьці ў пастарунак. Яны не адмаўляюць, што зьбівалі вязьня, але тлумачаць гэта ягонымі агрэсіўнымі паводзінамі і клопатам пра ягонае здароўе. Маўляў, ён спрабаваў зламаць краты галавой і моцна біўся ёй аб падлогу, а каб ён не патрапіў у шпіталь, яны мусілі прыкаваць і зьбіць яго.
Падчас суду высьветлілася, што міліцыянты не прызналі прадстаўнікоў адказчыка, не накіравалі яго на алькагольную экспэртызу, не напісалі пратакол і не растлумачылі ягоныя правы. Лейтэнант Лосеў на судзе заявіў, што патрэбы тлумачыць правы не было, бо Рыжкоў іх ведае і так.
Аднак суд прызнаў Рыжкова вінаватым. Вось як спадар Рыжкоў пракамэнтаваў судовы вырак:
(Рыжкоў: ) “Цяпер пасьля гэтага рашэньня міліцыянты могуць зьбіваць каго заўгодна на вуліцы і потым іх апраўдаюць у судзе. Усе сьведчаньні былі на маю карысьць. Сьведчаньні міліцыянтаў, якія мяне зьбівалі і незаконна затрымалі, не пацьвердзіліся”.
Так мяркуе і прадстаўнік Рыжкова, дырэктар Магілёўскага праваабарончага цэнтру Сяргей Абадоўскі:
(Абадоўскі: ) “Прызнаньне віны Рыжкова сьведчыць пра тое, што міліцыянты могуць зьбіваць людзей і ня несьці адказнасьці за свае дзеяньні”.