Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗВОЛЬНЕНЫ З ПАСАДЫ ДЫРЭКТАР НАЦЫЯНАЛЬНАГА АКАДЭМІЧНАГА ТЭАТРУ ОПЭРЫ


Ганна Соусь, Менск

Народны артыст Беларусі кампазытар Сяргей Картэс стаяў на чале беларускага Тэатру опэры амаль дванаццаць гадоў. Тэлевядучая Элеанора Язерская, якая раней вяла перадачу “Музычны салён”, вельмі высока ацэньвае прафэсійную дзейнасьць Сяргея Картэса:

(Язерская: ) “Гэта быў выдатны дырэктар тэатру, выдатны кіраўнік. Ён наладжваў шыкоўныя гастролі для трупы. Нашая опэра штолета выяжджала на нейкія фэстывалі, гастролі. І ўсё гэтае наладжваў Сяргей Картэс. Кампазытар, гэты інтэлігентны чалавек аказаўся выдатным мэнэджэрам, выдатным імпрэсарыа”.

Як паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Міністэрства культуры, зь Сяргеям Картэсам ня быў падоўжаны кантракт нібыта ў зьвязку зь ягоным пэнсійным векам — 67 гадоў. Што да іншых прычынаў, то ў тэатральным асяродку даўно вядомыя не найлепшыя стасункі паміж кіраўнікамі Тэатру опэры й Тэатру балету, Сяргеям Картэсам і Валянцінам Елізар’евым. Нагадаю, што яшчэ ў 1996 годзе адбыўся падзел агульнага тэатру. Да таго ж, Валянцін Елізар’еў уваходзіць у савет рэспублікі, і мае, так бы мовіць, больш рычагоў для прыняцьця рашэньняў. Элеанора Язерская выказвае сваю вэрсію звальненьня...

(Язерская: ) “Калі наш прэзыдэнт быў у Беларускай кансэрваторыі, Тамара Ніжнікава, калісьці прыма беларускай опэры, сёньня прафэсар музыкі, нібы паскардзілася прэзыдэнту, што маладым артыстам з добрымі галасамі цяжка трапіць у беларускую опэру”.

Дарэчы, крытычныя заўвагі на адрас кіраўніка Тэатру опэры выказаў і кіраўнік “Беларускай капэлы” сьпявак Віктар Скарабагатаў:

(Скарабагатаў: ) “У нас проста няма пастановак. Гэта ж канцэртныя выкананьні. Па-сутнасьці, наш корпус салістаў выконваў ролю спарынг–партнэраў, які рыхтаваў аркестар і хор для ўдзелу ў фэстывалях і г. д. Па сутнасьці, ніводнага прафэсійнага рэжэсэра ў тэатры не працуе. Што ж дзівіцца таму, што з такім правалам прайшла прэм’ера “Барыса Гадунова”?..”

Цяпер мастацкім кіраўніком Тэатру опэры стане Маргарыта Ізворска-Ельзар’ева. Яна пакуль яшчэ не прызначаная на гэтую пасаду, але ж сёньня мела з гэтай нагоды сустрэчу зь міністрам культуры Леанідам Гулякам.

(Ізворска-Елізар’ева) “Я хацела б крыху аглядзецца, пазнаёміцца з сытуацыяй у тэатры. Зразумела, я лічу, што пакуль няма загаду, пакуль я не прызначаная, гэта было б абсалютна неэтычна, і неяк саманадзейна выступаць...”

Дарэчы, яна паходзіць з Баўгарыі, тады як Сяргей Картэс — ураджэнец Чылі. Паводле словаў Элеаноры Язерскай, Маргарыта Ізворска-Елізар’ева — выдатная рэжысэрка. У апошні час яна фактычна ня мелы працы ў опэрным тэатры.

(Язерская: ) “Яна вельмі адукаваная жанчына, таленавітая рэжысэрка. Прыкладам, самы добры спэктакль “Дон Карлас”, які я бачыла, — гэта было ў беларускай оперы ў пастаноўцы Ізворскай-Елізар’евай. Мне здаецца, што нават пры станаўленьні Валянціна Елізар’ева, як такога цікавага балетмайстра, яму дапамагала жонка. Якім яна будзе дырэктарам тэатру? Я нічога сказаць не магу...”

З самім Сяргеям Картэсам зьвязацца сёньня не атрымалася. Паводле інфармацыі ад ягоных знаёмых, Картэс цяпер зьехаў зь Менску. Нядаўна ў яго памерла жонка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG