Лінкі ўнівэрсальнага доступу

150 ПАСЕЛІШЧАЎ ВЫВЕДЗЕНЫЯ СА СЬПІСУ РАДЫЯЦЫЙНА ЗАБРУДЖАНЫХ


Галіна Абакунчык, Менск

Гэта ўжо трэці перапіс населеных пунктаў на забруджаных тэрыторыях ад часу катастрофы на ЧАЭС. Першыя два пераглядаліся ў 1991 і 1996 гадох. І з кожным разам колькасьць пацярпелых гарадоў і вёсак у дзяржаўным рэестры зьмяншаецца. Гэтым разам чыстымі прызнаныя 150 паселішчаў. Улады сьцьвярджаюць, што гэта зьвязана з натуральным пазбаўленьнем земляў ад радыяцыйнага забруджаньня. Гаворыць намесьнік старшыні Камітэту праблемаў “Чарнобыля” Валеры Шаўчук:

(Шаўчук: ) “На шчасьце, радыенукліды маюць здольнасьць распадацца. За пяць гадоў яны распадаюцца прыкладна на 10–15%. У зьвязку з гэтым усе 150 населеных пунктаў пераведзеныя з вышэйшай зоны забруджанасьці ў ніжэйшую. Але гэта не азначае, што людзі пазбаўленыя ўсіх ільготаў, проста іх узровень робіцца ніжэйшым”.

Аднак узровень радыяцыйнага забруджаньня ў гэтых месцах прызнаны не вышэйшым за 1 Кюры на квадратны мэтар, а гэта фактычна азначае поўнае скасаваньне ўсіх ільготаў. Паводле словаў кіраўніцы ўправы сацыяльнай абароны “Камчарнобылю” Людмілы Емяльянавай, перадусім гэта будзе прыкладна 50-адсоткавае скарачэньне чаргі на адсяленьне. Паводле досьведу мінулых гадоў, гэта выкліча хвалю абурэньня “чарнобыльцаў” — кажа Людміла Емяльянава...

(Емяльянава: ) “Праблема вельмі вялікая — людзі ў сьпісах на адсяленьне стаялі, а цяпер мы ня маем права іх адсяляць. Паводле новага пераліку, прыкладна на 50% чарга скароціцца. Таму, натуральна, будзе вельмі шмат скаргаў і зваротаў. У нас і ў 96-м годзе скаргаў было вельмі шмат”.

Аналягічны пераўлік забруджаных мясьцінаў Камітэт праблемаў “Чарнобыля” спрабаваў правесьці яшчэ ў 2000 годзе, але незалежныя экспэрты зрабілі выснову, што вынікі радыяцыйнага кантролю заніжаныя ў некалькі разоў. І тады кіраўніцтва камітэту свае прапановы адклікала.

Гэтым разам экспэртаў да працы не прыцягвалі. І хоць радыяцыйны кантроль пацярпелых земляў ёсьць міжнароднай практыкаю, у Беларусі ўлады перш за ўсё клапоцяцца не пра здароўе грамадзянаў, а пра эканамічныя інтарэсы дзяржавы,— кажа дырэктар Інстытуту радыяцыйнае бясьпекі Васіль Несьцярэнка:

(Несьцярэнка: ) “Пэрыядычна пераглядаць — гэта нармальна. Іншая справа — як гэта рабіць. У нас гэта робіцца, я думаю, дзеля адной мэты: таму што грошай няма, спрабуем пераканаць людзей, што ім абарона і не патрэбная... А дзяржава сёньня можа ў лепшым выпадку даць толькі дзясятую частку, каб арганізаваць іхную бясьпеку”.

На сёньняшні дзень жыхары забруджаных тэрыторыяў яшчэ карыстаюцца льготамі, але на разглядзе ва ўрадзе новы праект закону, якім значная частка ільготаў для “чарнобыльцаў” будзе скасаваная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG