Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯ РАЎБІЧАЎ ПАЧЫНАЮЦЬ БУДАВАЦЬ ГАРНАЛЫЖНУЮ ТРАСУ


Ігар Карней, Менск

Паводле папярэдніх разьлікаў, кошт праекту перавысіць мільён даляраў. За гэтыя сродкі на плошчы 12,5 га павінны разьмесьціцца гарналыжныя трасы, паўкілямэтровы ліфт-пад’ёмнік, паркінг на 2 тысячы аўто, кэмпінгі, рэстарацыі. Адмысловае падсьвятленьне дазволіць працаваць комплексу і ўначы, а ўлетку ролю сьнегу будзе выконваць плястыкавае пакрыцьцё.

Гарналыжны курорт загадаў пабудаваць Аляксандар Лукашэнка пасьля нечаканага ваяжу сёлетняй вясною ў аўстрыйскія Альпы. Страціўшы інтарэс да тэнісу, ён захапіўся экстрэмальным спортам у часе сустрэчы кіраўнікоў СНД ў Казахстане. І вось праз паўгады праектная дакумэнтацыя на будаўніцтва гарналыжнай трасы ў Беларусі прайшла ўсе працэдуры ўзгадненьня, а асноўным інвэстарам праекту названая аўстрыйская фірма “Sport Consulting Company”, з кіраўніцтвам якой Лукашэнка вёў перамовы адразу ў Аўстрыі, а потым і ў Менску. Дырэктар спартовага комплексу “Раўбічы” Аляксандар Хандогін, які першым адгукнуўся на пляны Лукашэнкі і збудаваў з мэталаканструкцыяў прататып 300-мэтровай гарналыжнай трасы яшчэ на пачатку году, так тлумачыць неабходнасьць мець у раўніннай Беларусі горнае збудаваньне:

(Хандогін: ) “Людзі насамрэч цікавяцца горнымі лыжамі. Шмат хто з дапамогаю турыстычных фірмаў выяжджае ў Польшчу, Славаччыну, тую ж Аўстрыю. Але калі чалавек едзе на дзесяць дзён і пяць зь іх вучыцца абуваць гарналыжныя боты — гэта ня справа... У дадатак гарналыжная падрыхтоўка неабходная спартоўцам-лыжнікам, біятляністам. Трасы ж розныя бываюць... Часам глядзіш, як біятляністка якая-небудзь спускаецца ды ўваходзіць у паварот, дык хочацца яе абняць ды заплакаць; данесьці да паварота, каб урэшце даехала да фініша”.

Сьвятлана Парамыгіна, славутая біятляністка, на “Зайцавай паляне” дагэтуль была неаднаразова. Кажа, што месца тут сапраўды ўнікальнае, бо сьнег трымаецца нават тады, калі ў “Раўбічах” яго няма. Таму трэба весьці гаворку пра цэлы комплекс — ня толькі гарналыжны, а і біятлённы. А вось ці верыць яна, што будаўніцтва можа весьціся такімі шпаркімі тэмпамі?..

(Парамыгіна: ) “Чакаць усяго можна, іншая справа, наколькі гэта ажыцьцявіцца. Таму што ў нашай сыстэме бывае так: дадуць “дабро”, а потым спадзяюцца, што само сабою пабудуецца. Патрэбны будуць пэўныя льготы інвэстарам, дапамагаць ім трэба — арганізацыйна, нават не фінансава. Я ў гэтай галіне невялікі адмысловец. Але тое, што ў нас усё болей людзей хацелі б далучыцца да культуры забаваў — дык гэта відавочна. Таму каб не ўкладалі грошы дзесьці, няхай бы каталіся дома. Бо гэта цудоўны адпачынак”.

Пасьля гімнастычнага комплексу, лядовых палацаў, тэнісных кортаў, крытага футбольнага манэжу, нарэшце, ролернай трасы гарналыжны курорт пераходзіць у катэгорыю маштабных будоўляў, якім нададзены дзяржаўны статус і куратарам якіх зьяўляецца непасрэдна Аляксандар Лукашэнка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG