“Нам да Масквы бліжэй, чым да Менску,” – так звычайна вызначаюць сваё геаграфічнае становішча жыхары Хоцімскага раёну. І да Смаленска ды Бранска бліжэй, чым да свайго абласнога цэнтру Магілёва. Гэта сапраўдная глыбінка, “мядзьвежы вугал” Магілёўскай вобласьці на беларуска-расейскім памежжы.
Раённы цэнтар – гарадзкі пасёлак Хоцімск, дзе жыве 8 тысяч чалавек. Гавораць, што ў часіны расейскай імператрыцы Екацярыны Хоцімск быў ссыльным месцам. Іншыя сьцьвярджаюць, што да рэвалюцыі ў Хоцімску жылі купцы, да якіх бальшавікі паставіліся жорстка. Потым фашысцкія акупанты вынішчылі тутэйшых габрэеў.
Таму на сёньня людзей зь мясцовымі каранямі ў Хоцімску засталося няшмат, у асноўным тут жыве насельніцтва расейскага паходжаньня, якое ў свой час перасялілася ў пошуках лепшай долі з суседніх Браншчыны ды Смаленшчыны.
* * *
У Хоцімскім раёне да нядаўняга часу дзейнічалі арганізацыі абедзьвюх камуністычных партый. Аднак зараз іх сябры ніяк сябе не праяўляюць. Засталася толькі нешматлікая суполка БНФ, кіраўнік якой, Валеры Каранкевіч, тлумачыць “хранічнае”, як ён кажа, палітычнае зацішша наступным чынам:
(Каранкевіч: ) “Вы разумееце, што людзі сёньня ні ў ва што ня вераць. Поўнае бязьвер'е. Бачаць, што робіцца паўсюдна”.
З аднаго боку, мясцовая ўлада ігнаруе чалавека, і трэба месяцамі чакаць прыёму ў чыноўнікаў і адказу ад іх. Зь іншага боку, няма грамадзкіх лідэраў, здольных павесьці за сабой людзей і скіраваць іх на актыўныя дзеяньні.
* * *
Валеры Каранкевіч – вядомы ў раёне чалавек, старшыня Хоцімскай арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне”. Ён прыйшоў у апазыцыю з намэнклятуры, з пасады намесьніка старшыні райвыканкаму.
Калісьці як новапрызначаны старшыня саўгасу разам з Аляксандрам Лукашэнкам зацьвярджаўся на пасаду ў абкаме партыі. Пасля таго, як Каранкевіч падняў некалькі сельскіх гаспадарак на Магілёўшчыне на загад Васіля Лявонава, тады першага сакратара абкаму партыі, ён пайшоў у адстаўку добраахвотна, у сувязі з уласнымі перакананьнямі.
(Каранкевіч: ) “Сыстэма, якая склалася ў нашым раёне – не хачу сказаць дыктатарская, але дакладна аўтарытарная. Іншымі словамі – адзін чалавек кіруе ўсім. Так ня можна. Бо заўсёды было і павінна быць калектыўнае кіраваньне. Калі ўсе супраць і ўсе маўчаць, гэта няправільная пазыцыя”.
Начальства не прабачыла Каранкевічу ягонага небясьпечнага свабодалюбства, і зараз ён беспрацоўны, стаіць на ўліку на біржы. Пасля прэзыдэнцкіх выбараў, дзе Валеры быў каардынатарам незалежнага назіраньня, яго пазбавілі апошняй працы – начнога выхавальніка ў дзіцячым інтэрнаце.
(Каранкевіч: ) “Тут была прамая фальсыфікацыя, па ўсіх кірунках. Разумееце, такі тупіковы раён, і меркавалі, што так і будзе. Але я сваю пазыцыю абараняў, у Цэнтрвыбаркам мы дасылалі некалькі лістоў аб вельмі грубых парушэньнях”.
Дарэчы, каб сымбалічна пазбавіцца ад сваёй былой прыналежнасьці да партыйна-савецкай сыстэмы Валеры Каранкевіч сьвядома пяць гадоў адпрацаваў качагарам. Цяпер лічыць, што “рэабілітаваны”. Тым ня менш, ён прызнае, што з прычыны сваіх апазыцыйных поглядаў ён жыве ў пэўнай ізаляцыі. Бо нават знаёмыя мясцовыя прадпрымальнікі гавораць, што страшна зь ім на вуліцы павітацца, бо заўтра дашлюць да іх шэраг праверак.
Валеры ня скардзіцца і жыве дзеля сям'і, разьвівае хатнюю гаспадарку і чакае.
(Каранкевіч: ) “Я мяркую, што час разумных людзей прыйдзе, яно нікуды не падзенецца!”
* * *
Больш за 10 гадоў Хоцімскі раён быў таксама вядомы і тым, што ў вёсцы Маркаўка жыў і працаваў Васіль Даўгалёў, селянін і журналіст, які выдаваў у гэтай глыбінцы дэмакратычную газэту “Беларускі Ўсход”. Выданьне бараніла незалежніцкія ідэалы, яго ўважліва чыталі начальнікі і любілі людзі.
Але рэдактар “Беларускага Ўсходу” Васіль Даўгалёў сёлета зьнянацку памёр. Яго ўдава Марыя ўспамінае, якой важнай справай для Васіля Даўгалёва была ягоная газэта.
(Даўгалёва: ) “Ён згарэў на працы. Ён ніколі ня клаўся своечасова адпачываць, і ўзьнімаўся таксама ж. Звычайна да 5 гадзін раніцы сядзеў. Працаваў да канца, і ведаеце, калі яго вялі ў аўтамабіль “хуткай дапамогі”, то казаў мне: “А як жа газэта? Яна ж ня выйдзе без мяне …”
Жонка прасіла Васіля Аляксандравіча берагчы здароўе, а ён казаў ёй, што памрэ без газэты, так яму падабаецца яго журналісцкая справа.
Пры ўсім тым, што ў аддаленай вёсцы цяжка было жыць і працаваць чалавеку з рэпутацыяй апзыцыянера. Да такой ступені цяжка, што, паводле словаў жонкі Даўгалёва, нават пасьля сьмерці рэдактара сельскае кіраўніцтва нібыта помсьціла і адмаўляла ў дапамозе пры арганізацыі хаўтуроў.
* * *
“Вэртыкаль” Хоцімскага раёну зараз занятая тым, што актыўна “раскручвае”, так бы мовіць, брэнд памежжа і славянскага братэрства. Наколькі ж актыўна насамрэч супрацоўнічаюць памежныя раёны?
Беларуска-расейская мяжа корміць сёньня жыхароў Хоцімскага раёну. Мала хто ў гэтым адкрыта прызнаецца, бо памежны бізнэс тут паўлегальны. Але амаль заўсёды, незалежна ад палітычнай і эканамічнай сытуацыяў у абедзьвюх краінах, ёсць шанец зарабіць на перапродажы хоць чаго-небудзь.
На гэты момант самы выгадны тавар – хлеб. Аналягічны хоцімскаму расейскі бохан з транспартнымі выдаткамі каштуе ўдвая таньней.
Дзіўна, але супрацоўніцтва на афіцыйным роўні памежных беларускіх і расейскіх раёнаў гадамі застаецца толькі ў выглядзе велічных прамоў і агульных застольляў.
Напрыклад, Хоцімскі раён можа пахваліцца толькі абменам свайго малака на расейскае паліва, якое больш таннае. Але эканамісты называюць гэта вялікім глупствам: абменьваць сыравіну, а не прадаваць гатовы якасны прадукт.
Меркаваньні наконт сваіх суседзяў шэраговыя жыхары Хоцімскага раёну выказваюць розныя. З аднаго боку, бачаць жабрацтва расейскіх гаспадарак, зь іншага – у іх усе тавары больш танныя.
(Спадарыня: ) “Расея? Ну чым яны нам могуць дапамагчы? Калгасы ў іх разбураныя, на нагах не стаяць, палі зарасьлі пустазельлем”.
(Спадар: ) “У памежных раёнах яшчэ гадоў пяць, і на палях лес будзе расьці”.
(Спадар: ) “Канешне, мы езьдзім адзін да аднаго ў госьці”.
(Спадар: ) “Я ў краму зайду, там цэны адныя. А на базары вазьму больш танна, па сваёй пэнсіі, бо з Расеі возяць і таньней усё прадаюць”.
(Спадар: ) “Мяжы тут няма”.
(Спадар: ) “Як было, так і засталося”.
* * *
Дэманстраваць адсутнасьць межаў паміж Беларусьсю і Расеяй кіраўніцтва Хоцімскага раёну лічыць за лепшае ў іншай сфэры. Гаворыць старшыня райвыканкаму Мікалай Чэпікаў.
(Чэпікаў: ) “У нас наладжаныя вялікія культурныя сувязі. Нашы артысты ездзяць туды, адтуль – да нас. Летам пачынаецца пэрыяд актыўных культурных зносінаў”.
Мікалай Чэпікаў кіруе Хоцімскім раёнам другі год. Старшыня райвыканкаму з настальгіяй успамінае савецкія часіны з канцэртамі на фэрмах, і таму асноўны яго клопат зараз – арганізацыя на Хоцімшчыне беларуска-расейскага фэстывалю пад назвай “Славянскае братэрства бязь межаў”, які сёлета адбыўся першым разам на грошы беларускага дэпартамэнту ў справах моладзі.
Сьвяткаваць зьехалася ўсё памежжа – пахваліўся Мікалай Чэпікаў.
(Чэпікаў: ) “Як сёньня і ставіць задачу прэзыдэнт – зьвярнуць увагу на глыбінку. Паглядзець, якія таленты квітнеюць у глыбінцы”.
“Вэртыкаль” раёну спадзяецца на тое, што “Славянскае адзінства бязь межаў” можна будзе дэманстраваць штогод па абодвы бакі мяжы, і ўрэшце атрымаецца нешта накшталт памежнага міні-”славянскага базару” для падлеткаў.
Пакуль жа арганізатары сьвята зь вялікім імпэтам казалі пра вечнае сяброўства паміж суседзямі і кляймілі нейкія палітычныя сілы, якія нібыта ставяць перашкоды на шляху аб'яднаньня.
(Чэпікаў: ) “Прыйдзе час, калі ўсе гэтыя чорныя сілы вы загоніце ў балота і заб'еце асінавы кол. Якія чорныя сілы? Тыя, якія сёньня перашкаджаюць саюзу Беларусі і Расеі, аб'яднаньню нас, славян”.
Так старшыня Хоцімскага райвыканкаму Мікалай Чэпікаў зьвяртаўся да моладзі памежжа.
* * *
Гледачы канцэртаў фэстывалю ў Хоцімску і ў Клятне на Браншчыне былі мала заклапочаныя ідэалягічнымі момантамі. Многія зь іх папросту радаваліся таму, што ў іх глыбінку нарэшце прыехалі артысты і ёсць нейкая забава.
(Спадар: ) “Хоць нейкае ажыўленьне ў Хоцімску”.
(Спадарыня: ) “У нас вельмі рэдка здараюцца сьвяты, таму для нас гэта – падзея”.
Праўда, нягледзячы на сьвяточнае мерапрыемства ў гарадзкім пасёлку, людзі скардзіліся на недахоп грошай, вялікія кошты, нявыплату заробкаў і ўвогуле цяжкае жыццё.
(Спадар: ) “Самая галоўная праблема – заробак, якога рэдка бачна”.
(Спадар: ) “Для моладзі ў асноўным працы няма. Той, хто не захацеў быць мэханізатарам, – і ўсё, ніякай няма прамысловасьці”.
(Спадар: ) “За 20 тысяч вы будзеце працаваць? Ды паўгоду бясплатна! Не, канешне. За 20 тысяч і за сьнежань заробку няма”.
(Спадар: ) “Пры нашым роўні беспрацоўя, гэта пасмешышча – рабіць такія мерапрыемствы. 70 адсоткаў бяз працы, жабрацтва, а тут паказуху зрабілі!”
* * *
Хоцімшчына – гэта чыстая ад радыяцыі тэрыторыя, у адрозьненьне ад суседніх раёнаў. Аднак для вандроўніка гэтыя мясьціны сапраўды выглядаюць часам нібыта некранутымі чалавекам.
У раёне фактычна няма прамысловасьці, ды і сельская гаспадарка вельмі слабая. Хоцімскі раён ня ў стане зарабіць сабе на жыцьцё і датуецца аж на 80 адсоткаў. Нездарма пастаянна гавораць пра скарачэньне Хоцімшчыны як адміністрацыйнай адзінкі.
Валеры Каранкевіч лічыць, што асноўная праблема – гэта страта здольных людзей.
(Каранкевіч: ) “Зараз ідзе вялікі адток людзей. Было 17 тысяч 800, засталося толькі каля 15 тысяч. Людзі, якія хоць трохі сябе цэняць, зьяжджаюць адсюль. Практычна страчваецца той інтэлектуальны патэнцыял, які тут быў, напрацоўваўся, ствараўся. Кадры, якія нешта вырашалі, рабілі, зьбягаюць”.
Напрыклад, у сельскай гаспадарцы Хоцімшчыны сёньня засталося ўсяго тры спэцыялісты з вышэйшай адукацыяй: адзін заатэхнік, адзін вэтэрынар і адзін аграном.
* * *
У параўнаньні зь сярэдзінай 1990-х гадоў у Хоцімску засталіся таксама адзінкі, якія маюць дэмакратычную пазыцыю. Велеры Каранкевіч лічыць, што людзі ў глыбінцы абралі шлях найменшага супраціву.
(Каранкевіч: ) “Просто скарыліся: “А навошта мне гэта трэба? Лепш я спакойна пад коўдрай зьем свой сухар і ніхто мне ня будзе галаву дурыць…” Людзі са сваёй пазыцыяй, яны маюць на гэта права. Гэта іх асабістая справа. Але тым ня менш, каб нешта мець, за нешта трэба і змагацца”.
У гэтым упэўнены Валеры Каранкевіч. Аднак выбары ў мясцовыя саветы ня лічыць пэрспэктыўнай справай, бо яны будуць падрыхтаваныя ўладай.
(Каранкевіч: ) “Я на сёньняшні дзень ведаю, што ўжо ёсьць кандыдаты на гэтыя дэпутацкія месцы ад сельскага да раённага савету. Іншымі словамі, мэханізм, апарат кіраваньня працуе. Апазыцыя ня мае магчымасьці гэта рабіць”.
Пры ўладзе на штатнай аснове працуюць людзі, у якіх ёсьць доступ да сродкаў масавай інфармацыі, а гэта вялікі аргумэнт у выбарчай барацьбе.
(Каранкевіч: ) “Калі грамадзства ня высьпела да тых палітычных кандыцыяў: вальнадумства, самакіраваньне і гэтак далей. Людзі не атрымліваюць інфармацыі, якія маюць правы і якія магчымасьці ў гэтых правах ёсьць. Яны гэтага не разумеюць. Такім чынам, усё працуе супраць, а не за. Будуць абраныя тыя, якія патрэбныя і якія не вырашаюць нічога”.
Так лічыць кіраўнік хоцімскай арганізацыі партыі БНФ “Адраджэньне” Валеры Каранкевіч.
* * *
Настаяцель Сьвята-Троіцкага храму архімандрыт Кірыл прыехаў у Хоцімск з заходняй Беларусі пры канцы 1950-х гадоў, і райцэнтар сустрэў яго брудам ды ліхтарамі-газьніцамі. Першае, што ўбачыў айцец Кірыл – будынак царквы, пафарбаваны ў чырвоны колер, без купалоў. Ён стаў сэнсам ягонага жыцьця.
Айцец Кірыл шмат чаго перажыў у Хоцімску. Сьвятар аказаўся ўцягнуты ў тады “модную”, як ён гаворыць, кампанію адрачэньня, якую праводзіла КГБ.
(Кірыл: ) “Я сам на гэта не згадзіўся, а жонку маю ўгаварылі. Яна пайшла, я застаўся тут адзін. Ну, неяк прыжыўся, ня ведаю, якімі шляхамі тайнымі. Прыжыўся, ня страчваў надзею, што вернецца гэты храм”.
У 1988 годзе хадайніцтвы аб вяртаньні храму, які быў Домам культуры, былі ўрэшце пачутыя. Але гэта быў толькі пачатак: сталі патрэбныя вялікія сродкі і добрыя майстры, каб аднавіць Сьвята-Троіцкі храм, і мала хто ў Хоцімску верыў, што так яно будзе. Айцец Кірыл аддаваў на будаўніцтва ўсе свае сродкі і пытаўся пра грошы ўсіх і ўся. І ўрэшце храм аднавілі.
(Кірыл: ) “Мара спраўдзілася. Цяпер можна ісьці ў іншы сьвет ужо з тым, што сваімі вачыма тут пабачыў”.
Айцу Кірылу зараз 73 года, але ён жыве новымі марамі. Набыць вялікія званы вагой у тону, пасадзіць кветнікі вакол царквы, дабудаваць нядзельную школку.
(Кірыл: ) “Трэба шмат грошай, а іх у нас няма. Што мы тут можам сабраць? За сьвятло трэба плаціць. Цяпер тут трэба рабіць, класьці печку. У нас было цеплаацяпленьне, але з кожным днём усё даражэй становіцца. Так што ў нас яшчэ і крыжы з царквы здымуць за электрычнасьць”.
Архімандрыт гаворыць, што пасля адкрыцьця Сьвята-Троіцкага храму атмасфэра ў гарадзкім пасёлку палепшылася, ва ўсякім разе – людзі пайшлі ў царкву, шукаюць добрае слова.
(Кірыл: ) “Цяжка сказаць. Не пакладзеш на вагі. Але мне падаецца, усё зьмянілася ў лепшы бок у шмат чым. Канечне, як і паўсюдна ёсьць амаральныя зьявы, а галоўным чынам – гэта бяда, эпідэмія – любоў да гарэлкі. Гэта ўсюды”.
* * *
Для тых, хто бачыў беларускую глыбінку, сапраўды не сакрэт, як жывуць тутэйшыя. Ёсць п'янства, лянота, утрыманства, жабрацтва. Але, зь іншага боку, ёсць працавітасьць, адукаванасьць, энэргія і жаданьне зьмяніць сьвет вакол сябе. Як, напрыклад, у хоцімскага фронтаўца Валерыя Каранкевіча.
Зразумела, са сваёй адукацыяй і здольнасьцямі ён можа нядрэнна ўладкавацца ў жыцьці і не зьвяртаць увагі на тое, што пераважная большасьць (паводле яго цьверджаньня – 99 адсоткаў) насельніцтва гэтай краіны жыве ў беднасьці. Але Валеры Каранкевіч ня хоча і ня можа думаць толькі пра сябе.
(Каранкевіч: ) “А гэты адзін адсотак, у яго можна ўвайсьці, але потым на схіле жыцьця дрэнна адчуваць, што ты нічога не зрабіў”.
Таму, як і айцец Кірыл, Валеры Каранкевіч зьбіраецца жыць у Хоцімску і змагацца за лепшую долю – для сябе і для людзей.
(Каранкевіч: ) “Я беларус, ад мозга касьцей беларус, і мне прыкра за мой народ! Хто, калі не я?”