Падсумоўваючы вынікі першага дня акцыі, ейныя арганізатары лічаць пачатак удалым. Вось што спадар Шумчанка зазначыў на гэты конт нашаму Радыё:
(Шумчанка: ) “Страйк быў удалым. Ніколі яшчэ ў Беларусі страйк не праводзіўся ў нядзелю, калі прадпрымальнікі атрымліваюць найбольшыя даходы. Таму гэта можна лічыць перамогаю, бо прадпрымальнікі сьвядома пайшлі на выдаткі, каб дасягнуць мэты.
Вельмі актыўна страйкавалі рэгіёны. У акцыі бралі ўдзел бізнэсоўцы Гомелю, Магілеву, Мазыра, Рэчыцы, Калінкавічаў, Асіповічаў, Рагачову, Петрыкава ды іншых раёнаў. Мне сёньня тэлефанавалі прадпрымальнікі, якія гандлююць на кірмашах Менску, выставах і казалі пра жаданьне далучыцца да страйку”.
Паводле ягоных зьвестак, ужо заўтра страйк можа пашырыцца і за кошт рэгіёнаў, бо ня ўсе бізнэсоўцы былі паінфармаваныя пра пачатак акцыі 1 верасьня. Аб’яднаная рада лічыць, што ў рэгіёнах значная частка прадпрымальнікаў была ўведзеная ў зман Беларускім страйкавым камітэтам. Страйкам абвясьціў іншы сцэнар пратэсту. 11 верасьня ён заплянаваў правесьці аднадзённую агульнарэспубліканскую акцыю, а зь 1 кастрычніка заклікаў дробных бізнэсоўцаў да бестэрміновага страйку.
Сёньня старшыня страйкаму Валеры Леванеўскі паведаміў нашаму радыё, што гэтыя пляны застаюцца, нягледзячы на ўжо распачатую акцыю:
(Леванеўскі: ) “Пра які бестэрміновы страйк можна казаць, калі ўсе падаткі ўплочаныя. Бестэрміновы страйк можа быць толькі тады, калі падаткі якраз ня ўплочаныя. Таму я перакананы, што праз колькі дзён людзі на гэтых кірмашах ужо будуць працаваць. Мне, напрыклад, званілі прадпрымальнікі з Гомелю, што там шмат хто хоча выйсьці на працу. У мяне такая думка, што дзяржава стварае паралельную нам структуру, каб перашкаджаць нам. З другога боку, бізнэсоўцам гандлёвых выставаў, насамрэч, немагчыма працаваць, таму іхны страйк апраўданы. Мы плянуем мітынг у Горадні, у іншых гарадох мітынгі, у Берасьці будзем праводзіць...”