Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СТАРЫХ ДАРОГАХ УСТАЛЯВАНЫЯ ПОМНІКІ ВЯДОМЫМ ДЗЕЯЧАМ БЕЛАРУСКАЙ ГІСТОРЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

У Старых Дарогах усталяваныя помнікі Эўфрасіньні Полацкай, Льву Сапегу і гісторыку Міколу Ўлашчыку. Анатоль Белы гаворыць, што даўно марыў стварыць помнікі гэтым асобам і ўсталяваць у розных месцах Беларусі.

Напрыклад, барэльеф Міколу Ўлашчыку (аўтар — менскі скульптар Алесь Шатэрнік) спадар Белы хацеў бачыць на радзіме гісторыка ў Дзяржынску, але мясцовыя ўлады яму адмовілі. Тады Анатоль Белы і вырашыў паставіць гэты помнік, а таксама гарэльефы Эўфрасіньні Полацкай і Льва Сапегі (аўтары: Ігар Голубеў і Анатоль Крывенка) на тэрыторыі свайго прыватнага музэю.

На гэтую ўрачыстасьць у Старыя Дарогі прыехалі некалькі навукоўцаў зь Менску, актывісты грамадзкіх і моладзевых арганізацыяў са Слуцку, а таксама настаўнікі й вучні старадароскай школы — разам каля 40 чалавек. Мясцовыя ўлады гэты вэрнісаж прайгнаравалі. (Чыноўнікі ўвогуле не заўважаюць музэю й помнікаў.)

Тым ня менш, Анатоль Белы задаволены, што ягоныя намаганьні, а таксама фундатарскія складкі іншых людзей не былі дарэмнымі:

(Белы: ) “Гэтыя помнікі важныя для фармаваньня нацыянальнае сьвядомасьці беларусаў. Я спадзяюся, што гэтыя помнікі зь цягам часу будуць стаяць ня толькі на маёй сядзібе, але і ў шмат якіх іншых гарадах ды сталіцы нашае краіны”.

Усталяваньне помнікаў Міколу Ўлашчыку, Эўфрасіньні Полацкай і Льву Сапегу — ня першы падобны праект Анатоля Белага. 1 верасьня летась, на тэрыторыі былой старадароскай сядзібы сваіх бацькоў, ператворанай Анатолем Белым у Музэй выяўленчага мастацтва, быў адкрыты помнік бацьку й сыну Багдановічам — Адаму і Максіму. А 9 сьнежня там жа зьявіўся помнік Ларысе Геніюш, ад якога адмовіліся ўлады Зэльвы.

Увогуле ж на тэрыторыі старадароскага музэю ўжо 10 помнікаў выбітным дзеячам беларускай гісторыі і проста памятных знакаў. Анатоль Белы гаворыць, што хоча зрабіць на ўласным падворку Пантэон беларускіх змагароў:

(Белы: ) “Будзе каля 100 імёнаў змагароў за беларускую мову. а на помніку Ўлашчыку я пастаўлю шыльду і там таксама будзе каля 100 імёнаў гісторыкаў, грамадзкіх дзяячоў, публіцыстаў і надпіс: “Тым, хто вяртаў народу гістарычную памяць”. Будзе каля 200 імёнаў, і гэта будзе Пантэон змагароў за Беларусь”.

Нагадаю, што акрамя Старых Дарогаў, намаганьнямі Анатоля Белага былі ўсталяваныя помнікі Францішку Скарыне, Кірылу Тураўскаму, Эўфрасіньні Полацкай, Сымону Буднаму і Васілю Цяпінскаму ў Менску, а Максіму Багдановічу — у расейскім Яраслаўлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG