Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АДМЕТНАСЬЦЮ СЁЛЕТНЕГА НАВУЧАЛЬНАГА ГОДУ НАСТАЎНІКІ НАЗЫВАЮЦЬ ЗЬМЯНШЭНЬНЕ ФІНАНСАВАНЬНЯ ШКОЛАЎ


Галіна Абакунчык, Менск

Сёньня школьны званок упершыню прагучаў для 95 тысячаў першаклясьнікаў, што на 52 тысячы менш, чым у мінулым годзе. А ўсяго за парты селі 1 мільён 200 тысячаў школьнікаў, і гэта на 400 тысячаў менш, чым тры гады таму.

Акрамя зьмяншэньня колькасьці вучняў, асаблівасьцю гэтага году стаў пяцідзённы навучальны тыдзень і ўвядзеньне 10-бальнай сыстэмы адзнакі ведаў.

Дырэктар менскай школы №2 Аляксандар Сядзяка ў асноўным станоўча ацэньвае рэформу школы, але сьцьвярджае, што яна не дастаткова прадуманая. Гаворыць Аляксандар Сядзяка:

(Сядзяка: ) “Гэта крок наперад у параўнаньні з той савецкай сыстэмай. Разгрузка навучальных плянаў і новы дзень для адпачынку — гэта станоўчы крок. Але тут яшчэ многае трэба прадумаць, таму што субота — гэта дзень неабавязковы для заняткаў, і вучняў зацягнуць у школу будзе вельмі складана. Проста яны будуць заставацца на вуліцы”.

Ад гэтага навучальнага году ў Беларусі працуюць 4602 школы, і калі для іх новаўводзіны яшчэ й прыдатныя, дык школьная рэформа зусім не адпавядае статусу гімназіяў і ліцэяў — гаворыць дырэктар Нацыянальнага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа Ўладзімер Колас. А галоўнай адметнасьцю гэтага навучальнага году ён называе фінансавыя праблемы. Гаворыць Уладзімер Колас:

(Колас: ) “Я не назваў бы гэта сапраўднай рэформаю, бо рэформа павінна тычыцца сутнасьці, а не фармальных пераменаў. У нас, да прыкладу, з памяншэньнем нагрузкі скасоўваецца другая замежная мова і ўвесь ліцэйскі кампанэнт. А гэты навучальны год — год, адметны якраз адмоўнымі асаблівасьцямі — рэзкім скарачэньнем фінансаваньня. У нас няма сродкаў на рамонт, абсталяваньне, набыцьцё навучальный літаратуры і нават тэлефоны ў нас адключаныя”.

Настаўніца з 20-гадовым стажам Людзьміла Дзіцэвіч сярод магчымых хібаў школьнага рэфармаваньня называе маральную неабароненасьць вучняў і сацыяльную — настаўнікаў:

(Дзіцэвіч: ) “Я асьцерагаюся бяздумнага выкананьня. Да прыкладу, пра “дзясятку” кажуць, што гэта такая адзнака, якую рэдка паставяць. Нэгатыўным можа быць і тое, што клясы й школы зачыняюцца, скарачаюцца працоўныя месцы, і настаўнікам у суседнія школы трэба езьдзіць. Гэта зноў тыя ровары... Я ўзгадваю, як мой бацька, які працаваў у суседняй школе ў вёсцы, езьдзіў на ровары — гэта быў асноўны транспарт настаўнікаў. І так атрымліваецца, што ў 21-м стагодзьдзі мы ізноў садзімся на ровары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG