У нядзелю Міколу Маркевіча сустрэлі асіповіцкія дэмакратычныя актывісты: старшыня мясцовага аддзяленьня Таварыства беларускай мовы Тацяна Брэль і каардынатар раённага інфармацыйнага цэнтру Рыгор Латышэвіч.
Мікола ўладкаваўся ў інтэрнаце ў цэнтры Асіповічаў, адзін паверх якога адведзены для асуджаных на ўтрыманьне ва ўстанове адкрытага тыпу. Гэтае пакараньне, дарэчы, уведзенае ў краіне з 2000 году, і гэта вельмі рэглямэнтаваны рэжым – фактычна ўтрыманьне за зачыненымі дзвярыма са свабодным выхадам толькі на працу.
Мікола Маркевіч распавёў карэспандэнту Свабоды пра свае першыя ўражаньні.
(Маркевіч: ) “Умовы жыцьця проста жудасныя: вонь, брудна і брыдка, тараканы зграямі поўзаюць. Гэта першае ўражаньне. Працы няма ніякай.
Аднак, дзякаваць Богу, ужо на пэроне я зразумеў, што я прыехаў таксама ў Беларусь. Мяне сустрэлі вельмі добрыя людзі. Аказваецца, у Асіповічах шмат нашых аднадумцаў. Яны мяне сустрэлі, яны мяне правялі, яны мне ўсё паказалі.
Уражаньне такое, што і ў самой установе інтэлігентныя, адукаваныя афіцэры. І такое ўражаньне, што кожны з іх проста зьбянтэжана пазірае на гэтыя паперкі, паглядае на мяне, перапытвае – а ці не памыліўся я, прыйшоўшы да іх. І першае ўражаньне неблагое”.
Цяпер Мікола павінен шукаць сабу месца працы, што, дарэчы, нялёгкая справа ў Асіповічах. Прадпрыемствы раённага цэнтру не працуюць на поўную магутнасьць, у многіх сфэрах адбываюцца скарачэньні людзей. Аднак Мікола ўжо намеціў некалькі ўстаноў, якія будзе наведваць у пошуках працы.
(Маркевіч: ) “Першыя “рытуальныя” візыты я пляную нанесьці ў рэдакцыю газэты “Асіповіцкі край” – ёсьць тут такая газэта “вэртыкальная” і ў рана. Бо я – журналіст і выкладчык рускай мовы і літаратуры, я зьяўляюся чалавекам дастатковай кваліфікацыі для гэтых прафесіяў, і я хачу прапанаваць грамадзтву тое, дзе я магу прынесьці найбольшую карысьць.
Як адрэагуе кіраўніцтва гэтых установаў – я, канешне, прагназую. Але проста хачу выканаць нейкія “рытуальныя дзеяньні”, каб паказаць усю абсурднасьць таго, што адбываецца. Каб паказаць, што размова тут ня ідзе пра нейкія дзяржаўныя інтарэсы, пра некае перавыхаваньне Маркевіча. А што размова ідзе проста пра звычайную чалавечую помсту з боку Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі”.
Ужо ўвечары ў нядзелю Мікола Маркевіч з дапамогай тэхнікі рэгіянальнага інфармацыйнага цэнтру адправіў ліст да сваіх сяброў і калегаў у газэту “Пагоня”. Каардынатар цэнтру Рыгор Латышэвіч запэўнівае, што асіповіцкія дэмакраты не пакінуць Міколу сам-насам са сваімі клопатамі.
(Латышэвіч: ) “Трэба адзначыць той факт, што Мікола Маркевіч прыехаў не на “пустое месца”, таму што ў горадзе існуе рада дэмакратычных сілаў, якая заўжды яму прапануе маральную і тэхнічную падтрымку. У яго тут шмат сяброў, да якіх ён можа зьвярнуцца ў любы момант і якія зробяць усё, каб ён не адчуваў сябе пакінутым”.
Мікола Маркевіч гаворыць, што зараз спрабуе да ўсяго, што адбываецца з ім, ставіцца па-філасофску і, як ён кажа, браць сябе ў рукі. Паводле слоў Міколы, самае складанае для яго зараз – гэта тое, што няма побач жонкі і дзяцей, але Маркевіч упэўнены, што час ягонага пакараньня не будзе для яго дарэмным.
(Маркевіч: ) “ Ёсць праца, я збіраю матэрыял для кнігі. Я спадзяюся, што гэты час будзе запоўнены карыснай для мяне, маёй сям’і і для маёй Бацькаўшчыны працай”.