Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІНТЭРНЭТ І ЛІТАРАТУРА


Сяргей Шупа, Прага

Сёньняшні выпуск нашай перадачы прысьвечаны дачыненьням Інтэрнэту і літаратуры. На адпаведныя тэмы мы будзем гутарыць зь літаратуразнаўцам Ганнай Кісьліцынай, якая упэўнена абжыла віртуальную прастору і актыўна ўдзельнічае ў розных беларускіх літаратурных Інтэрнэт-праектах. Апрача гэтага, як і заўсёды, вы пачуеце навіны БелНэту, вынікі нашых апытаньняў і нават трошкі музыкі.

Ганну Кісьліцыну – супрацоўніцу Інстытуту Літаратуры Акадэміі Навук Беларусі – можна часта сустрэць на галоўных літаратурных Інтэрнэт-рэсурсах Белнэту – на Літары і Беларускай Палічцы. Апошнім часам на форумах “Літары” і “Палічкі” пачала кіпець творчая і крытычная думка – сярод іншых удзельнікаў пералічу хоць бы Адама Глёбуса, Ігара Бабкова, Алеся Аркуша. Узьнікае ўражаньне, што прынамсі нейкая частка літаратурнага працэсу перанеслася ў Інтэрнэт. Пра гэта – нашая гутарка з Ганнай Кісьліцынай.

(Шупа: ) “Адной з самых папулярных тэмаў на форумах беларускіх Інтэрнэт-рэсурсаў становіцца пытаньне пра ўплыў Інтэрнэту на літаратуру. Зьявіўся нават маніфэставаны артыкул "Клявіятурнае мысьленьне", дзе сьцьвярджаецца, што літаратура залежыць "ад носьбітаў і інструмэнтаў", з дапамогай якіх ствараецца. Ці зьмянілася нацыянальная літаратура са зьяўленьнем Сеціва?”

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што літаратура пакуль што не пасьпела зьмяніцца і наўрад ці яна зьменіцца, таму што літаратура зьяўляецца нечым большым, чым Інтэрнэт. Больш за тое, мне здаецца, што зьяўленьнем Інтэрнэту мы абавязаныя літаратуры, таму што калі мы зьвернемся да Борхеса, то мы пабачым вобраз Бібліятэкі. Вось гэтая Бібліятэка была тым, з чаго будуецца Сеціва, прынцыпы закладзеныя там. Таму нічога новага ня можа зьявіцца. Аднак само зьяўленьне літаратурных тэкстаў на форумах, яно яшчэ такое мізэрнае, што гаварыць сур’ёзна пра тое, што Інтэрнэт зьмяніў літаратуру, прынамсі нацыянальную, немагчыма. Адзінае, што мы можам гаварыць – пра ўплыў Інтэрнэту на пісьменьнікаў. Таму што Інтэрнэт – зьява выключна дэмакратычная, і вось гэты ўплыў дэмакратыі на пісьменьнікаў – ён больш адчувальны. Кожны, хто прыходзіць на форумы, можа паляпаць клясыка па плячы і сказаць: “Ты ня так пішаш!”. Калі мы гаворым пра літаратуру на старонках Інтэрнэту, мы бачым, што існуе ня этыка, да якой прызвычаілася літаратура, а нэтыка. І цікава глядзець, як рэагуюць беларускія пісьменьнікі, якія прыходзяць на літаратурныя Інтэрнэт-рэсурсы, на нэтыку. Я вось ведаю, што на Кніжнай Палічцы ці на Літары пісьменьнікі ці проста літаратары, публіцысты адмаўляюцца існаваць па законах нэтыкі: называць аднаго, напрыклад, “ты”, хаміць і ўвогуле, наколькі ўлічваецца, скажам, пол, таму што быць жанчынай-літаратарам на форуме і быць мужчынам – гэта розныя рэчы. І мне вельмі прыемна, што вось гэтая нацыянальнасьць наша, наша мэнтальнасьць, яна выяўляецца нават у такой зьяве, як Інтэрнэт. Мы ўсё роўна застаемся беларускімі літаратарамі кожны са сваёй індывідуальнасьцю, нацыянальнымі асаблівасьцямі, полавымі, і гэта вельмі добра”.


***

Застаючыся пры літаратуры, згадаю пра пару новых сайтаў, якія пацьвярджаюць старую ісьціну, што Беларусь – нацыя паэтаў. Дэмакратычны характар Сеціва дазваляе бязь лішніх намаганьняў выставіць сваю творчасьць на сьвет цэлы. Вось, прыкладам, за апошнія тыдні зьявілася паэтычная старонка Анатоля Іванавіча Балуценкі, спэцыяліста ў тэхналёгіі сылікатаў. Сылiкаты – піша Анатоль Іванавіч - рэчыва, зь якога складаецца лiтасфэра Зямлi, веды ў гэтай галiне дазволiлi стварыць шэраг цiкавых твораў. Сам ён 37 гадоў пражыў ва Украiне, цяпер жыве ў Пiнску. На сваёй старонцы аўтар прапануе нам 1000 аднастрофных вершаў (http://ab1.h1.ru/). Ня можа ўтрымаць у сабе паток творчасьці і малады хлопец Зьміцер Смалякоў (http://www.versy.hotbox.ru/, які піша і лірыку, і баляды, і палітычную сатыру, а пры гэтым ненавідзіць апэрацыйную сыстэму Windows і прызнаецца ў прыхільнасьці да Беларусі і да Linux’у. Ня буду ні цытаваць творы Інтэрнэт-паэтаў, ні даваць ім суворую ацэнку. Добра, калі яны заахвоцяць яшчэ каго-нібудзь актывізаваць сваю Музу.

А зараз наступнае пытаньне Ганьне Кісьліцынай:


(Шупа: ) “Наколькі ахапляе Інтэрнэт беларускае пісьменьніцкае асяродзьдзе?”

(Кісьліцына: ) “Канечне, я ня думаю, што ў найбліжэйшы час там зьявяцца, скажа, Брыль ці Шамякін, і нават зьяўленьне іх тэкстаў на “Палічцы” ня ёсьць удзелам у Інтэрнэт-літаратуры, таму што галоўнае – гэта гутаркі, форумы, а не зьяўленьне тэкстаў. Тэксты ў Інтэрнэце чытаюцца цяжка, і вялікія кнігі – чым большы тэкст, тым больш цяжка гэта ўспрымаецца. Галоўным, мне здаецца, усё-ткі зьяўляюцца стасункі літаратурныя, зь якіх вырастаюць уяўленьні пісьменьніка пра літаратурны працэс, пра час, у якім ён жыве, пра патрабаваньні чытачоў”.

(Шупа: ) “А што ж такое наагул гэтая Інтэрнэт-літаратура ці “сеціратура”, калі гэта тое самае? Бо на пачатку Вы ўжо сказалі, што ў прынцыпе літаратура і Інтэрнэт – блізкія рэчы, бо Інтэрнэт, так, груба кажучы – гэта гіпэртэкст, а тэкст – паняцьце чыста літаратурнае...”

(Кісьліцына: ) “Якраз вот “гіпэртэкст” – слова, якое зьявілася раней, чым Інтэрнэт, таму што слову “гіпэртэкст” ужо 50 год, а Інтэрнэт зьявіўся пазьней. Аднак у яго ёсьць свае пэўныя законы. І гэтыя законы, яны здаюцца вельмі новымі, сучаснымі. Аднак калі паглядзець з пункту гледжаньня літаратуразнаўцы – а я літаратуразнаўца – то акажацца, што гэтыя законы інтэрнэтаўскай літаратуры, яны былі даўно вядомыя. Скажам, акадэмік Ліхачоў 50 гадоў таму сказаў, што ў літаратуры будзе вылучацца асабісты пачатак, асабовы, і будзе мінімалізавацца тэкст, тэкст будзе зьмяншацца. І аказалася, што гэта сапраўды актуальна, таму што зьяўляюцца постынгі – гэта жанр самы мінімальны, напэўна, гэта выказваньне – так што аб’ём сапраўды сьціскаецца. З другога боку, гэты асабісты пачатак выяўляецца ў тым, што разьвіваюцца блогі – гэта літаратурныя дзёньнікі, якія штодня задаюцца з маленькіх такіх нізак, уражаньняў, вось... Таму тут пацьвярджаецца хутчэй правіла такое літаратурнае, калі мы гаворым, што літаратуразнаўства перарастае свае межы і пачынае разглядацца як мадэль навукі ўвогуле, як нейкае ўнівэрсальнае праблемнае поле, то вот гэтыя законы літаратуразнаўства, яны вельмі распаўсюджваюцца і на сеціратуру. Гэта ўсё было ўжо вядома літаратуразнаўцам і проста гэта вынік літаратуры, а ня новая нейкая мадэль”.

***

У інтэрнэт-выпуску газэты “Згода” надрукаваны артыкул, прысьвечаны апошнім выпадкам у Беларусі гэтак званага кібэрсквотэрства – рэгістрацыі дамэнных імёнаў або адрасоў электроннай пошты, з ужываньнем назваў вядомых арганізацыяў або асобаў людзьмі, якія ня маюць да іх ёрыдычнага дачыненьня. Так, за апошні месяц невядомыя кібэрсквотэры зарэгістравалі і выставілі на адкрыты продаж паштовыя адрасы zubr@tut.by і charter97@tut.by. Аўтар публікацыі “мікола рэчыцкі” хваліцца, што “ім” (хто такія “яны” - з артыкулу няясна) удалося перакупіць адраз “зуброў” і цяпер абмяркоўваецца пытаньне – што зь ім рабіць. Аўтару, прыкладам, было б цікава рабіць (цытую) “легальныя справы, якія будуць ісьці на карысьць грамадзтву й на шкоду “Хартыі””. Артыкул можна знайсьці вось тут: (http://zgoda-weekly.org/stories.php?story=02/08/25/0024919.

Нагадаю, што сёньня ў нас у гасьцях літаратурны крытык Ганна Кісьліцына, зь якой мы гаворым пра дачыненьні Інтэрнэту і літаратуры. Я задаю госьці наступнае пытаньне:


***

(Шупа: ) “А якія ўзаемадачыненьні літаратуры традыцыйнай, канвэнцыянальнай, кніжнай і “сеціратуры”? Яны знаходзяцца ў нейкіх антаганістычных дачыненьнях ці ўзаемадапаўняльных? Ці можа сеціратура стаць магільшчыкам літаратуры звычайнай – той, да якой мы прызвычаіліся?”

(Кісьліцына: ) “Мне здаецца, што яна ня зможа, таму што вот калі глядзець і выходзіць на форумы, то бачна гэтае цягаценьне да сюжэтнасьці. Здаецца, што гэтыя постынгі, яны такія... маюць характар урыўкаў, нейкіх уражаньняў. Аднак усё гэта складаецца ў больш вялікія структуры, складаецца ў сюжэты, і ўвогуле ёсьць цягаценьне да традыцыйных формаў. Напрыклад, форумы вельмі многія з нашых літаратараў будуюць як п’есы, і пакаленьне, скажам, 40-гадовых – пакаленьне “Тутэйшых”, якіх вельмі многа на літаратурных сайтах – я ведаю, што яны расьпісваюць сабе ролі – прыдумваюць нікі і распрацоўваюць гэты вобраз так, як бы распрацоўвалі раманы. І я бачу гэтыя п’есы абсурду ці камэдыі, ці рамансы... Зноў жа, паглядзіце, наколькі актуальныя на літаратурных форумах хайку. Вот зараз на Літары ёсьць некалькі галінак, і ў прыватнасьці ёсьць хайку, ёсьць грэгерыі – гэта жанры старыя, вось, яны проста актуалізаваліся перш за ўсё з-за свайго памеру. Па-першае, гэта непасрэдныя ўражаньні, па-другое – мінімальная колькасьць слоў, таму што калі мы гаворым пра “клявіятурнае мысьленьне”, то мы павінны памятаць пра тое, што гэтыя тэксты вельмі хутка набіраюцца, і гэта падпарадкоўвае стылістыку. Пісьменьнік павінен вельмі дакладна вызначыць слова. І той прынцып, які быў у традыцыйнай літаратуры – “Агата завіхалася каля печы...” – ён не праходзіць у гэтай літаратуры, і непатрэбнае адмірае, аднак сэнс, ён застаецца, і экзыстэнцыйныя пытаньні літаратуры, якія ў прынцыпе і хвалююць чалавека – гэта жыцьцё, сьмерць, каханьне, сэкс – яны застаюцца і ў гэтай літаратуры, нічога не зьмяняецца”.

***

На заканчэньне сёньняшняга дыялёгу прапаную вам паслухаць узоры новай народнай творчасьці, якія выставіў на сваёй новай старонцы (Палітычна напаленая музыка аб Беларусі) нехта схаваны пад псэўданімам UltraВожык. Гучыць песьня пад назовам “Вусаты дэмакрат”. Як той казаў, любое падабенства з рэальнымі асобамі просім лічыць вынікам выпадковасьці або багатай фантазіі...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG