Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРАСЯЛЕНЦЫ Ў “ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ” РАЁНЫ СУТЫКАЮЦЦА З ПРАБЛЕМАЙ БЕСПРАЦОЎЯ


Казімер Яноўскі, Гомель

Раней у такіх райцэнтрах, як Брагін, Нароўля, Хойнікі, Чачэрск альбо Ветка беспрацоўных можна было пералічыць літаральна на пальцах адной рукі. Зараз сытуацыя зьмянілася. Беспрацоўе заявіла пра сябе і тут.

У Чачэрску, напрыклад, паводле афіцыйных зьвестак на ўліку ў службе занятасьці зарэгістравана 143 беспрацоўных, ледзь ня столькі – у Нароўлі. У Хойніках іх – 162.

Кіраўніца Хойніцкай раённай службы занятасьці насельніцтва Алена Іўкава пацьвярджае, што ў шэрагах беспрацоўных значацца ўжо і мігранты.

(Іўкава: ) “Ёсьць і тыя, хто раней пражываў у Расеі, Казахстане, а цяпер у нас, у раёне. Як беспрацоўныя яны зарэгістраваныя ўжо пасьля таго, як дзе-небудзь працавалі і звольніліся”.

Больш за паўтары сотні беспрацоўных налічваецца ў Брагіне, і сытуацыя тут пагаршаецца. Вось што, у прыватнасьці, паведаміў намесьнік старшыні райвыканкаму Ўладзімер Ханда.

(Ханда: ) “Зь першага верасня зачыняць наш хлебазавод. Хлеб будуць вазіць з Хойнікаў. У пэрспэктыве забірае наш маслазавод аб’яднаньне “Мяса-Малако”. Застанецца ў райцэнтры толькі сэпаратарны пункт. Гэта яшчэ, канечне, скарачэньне працоўных месцаў”.

Некалькі гадоў таму былы віцэ-прэм’ер, а цяпер старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пятро Пракаповіч, пабываўшы ў Брагіне, агучыў урадавую праграму паскоранага эканамічнага разьвіцьця гэтага “чарнобыльскага” раёну. Праграма ў хуткім часе забылася. Сьведчыць Уладзімер Ханда:

(Ханда:) “Чарнобыльскіх сродкаў выдзяляецца надзвычай мала. Таму пашырэньне ў Брагінскім раёне вытворчасьці, новых працоўных месцаў не прадугледжваецца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG