Як паведаміў нашаму радыё начальнік цэнтру інфармацыі ды грамадзкіх сувязяў КГБ Фёдар Котаў, затрыманьне Яўгена Краўцова адбылося яшчэ 26 жніўня. Пра матывы затрыманьня спадар Котаў паведаміў наступнае:
(Котаў: ) “Краўцоў затрыманы паводле падазрэньня ва ўчыненьні злачынства. Ён часова непрацоўны. З красавіка ён не зьяўляецца службовай асобаю банка, але адначасова ён сузаснавальнік, як фізычная асоба, некалькіх камэрцыйных структураў у рэспубліцы. Магу сказаць, што іх блізу дзясятку. Зараз юрыдычна фармулюецца абвінавачаньне, якое будзе яму прад’яўлена бліжэйшым часам”.
Спадар Котаў падкрэсьліў, што ў КГБ няма прэтэнзіяў да “МінскКомплексбанку”, дзе працаваў Яўген Краўцоў.
Яўген Краўцоў належыць да ліку найбольш вядомых беларускіх банкіраў. На пачатку 1990-х ён узначальваў менскую філію гарадзенскага “Комплексбанку”. Пасьля ўтварэньня “МінскКомплексбанку” ён заняў пасаду ягонага кіраўніка.
У “МінскКомплексбанку” ведаюць пра затрыманьне былога старшыні праўленьня, аднак, як і КГБ, ня зьвязваюць гэта зь ягонай дзейнасьцю ў гэтай банкаўскай установе. Вось што зазначыў нашаму радыё на гэты конт выканаўчы дырэктар “МінскКомплексбанку” Алег Кавалёнак:
(Кавалёнак: ) “Краўцоў не працуе з 12 красавіка. Ён пайшоў займацца прадпрымальніцкай дзейнасьцю — адчыніў уласныя фірмы. Ён сышоў з банку з уласнага жаданьня. Таму ніякага дачыненьня з красавіка Краўцоў да банку ня мае. І ў гэтым пляне дзеяньні, якія зьдзейсьненыя ў дачыненьні да Краўцова, дачыненьня да банку таксама ня маюць”.
Дарэчы, паводле словаў прадстаўніка КГБ Котава, абвінавачаньне Яўгену Краўцову можа быць прад’яўленае ўжо заўтра ўраніцу.