Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЁС ІНВЭСТЫЦЫЙНАГА ПРАЕКТУ МЭБЛЕВАЙ КАМПАНІІ “IKEA” ПАКУЛЬ ЗАСТАЕЦЦА НЯВЫРАШАНЫМ


Алесь Грыневіч, Менск

Перамовы пра пабудову мэблевага завода ў Беларусі швэдзкая кампанія “Swedwood” вяла амаль пяць гадоў. Швэды жадалі б наладзіць вытворчасьць у вёсцы Фарынава Полацкага раёну. Кампанія магла б інвэставаць у завод прыкладна 25 мільёнаў даляраў і стварыць каля 700 працоўных месцаў.

Улады Полацкага раёну і Віцебскай вобласьці далі згоду на праект, але швэды пажадалі падпісаць дамову зь беларускім урадам, бо Беларусь лічыцца на Захадзе рынкам высокіх рызыкаў.

Перамовы з урадам зацягнуліся. У ліпені кіраўніцтва “Swedwood” заявіла пра намеры перанесьці праект у Расею, калі да 29 жніўня ня будзе канкрэтнага адказу зь Беларусі. Учора кіраўніцтва кампаніі атрымала ліст за подпісам першага намесьніка міністра эканомікі Адашкевіча, у якім гаворыцца, што яшчэ трэба ўдакладніць некаторыя моманты ў праекце. Міністэрства выказала гатоўнасьць правесьці сустрэчу з прадстаўнікамі “Swedwood”, але толькі праз тыдзень.

Супраць праекту “Swedwood” катэгарычна выступіла кіраўніцтва дзяржаўнага канцэрну “Беллеспаперапрам”, які аб’ядноўвае беларускіх вытворцаў мэблі. Прадстаўнікі канцэрну кажуць, што новы завод стаў бы канкурэнтам існуючым прадпрыемствам, дзе адбыліся б сур’ёзныя скарачэньні.

Вось як гэта камэнтуе кіраўнік прадстаўніцтва швэдзкай кампаніі ў Беларусі Стэфан Калеціч:

(Калеціч: ) “Што яны зьбіраюцца рабіць унутры канцэрну, я ня ведаю. Гэта іхная справа, калі яны жадаюць скараціць дзьве ці тры тысячы чалавек, як яны кажуць. Але гэта не зьвязана зь нейкай канкурэнцыяй з боку “Swedwood”. Гэта лухта — казаць нешта ў такім напрамку”.

Віцэ-прэзыдэнт “Беллеспаперапраму” Мікола Манкевіч кажа, што швэдам варта было б выкарыстоўваць дзейныя беларускія прадпрыемствы замест таго, каб будаваць новае:

(Манкевіч: ) “...То бок дзеля таго, што яны хочуць вырабляць у Беларусі, мы прапануем паслугі нашых прадпрыемстваў. Пры некаторых інвэстыцыях — ці то ў форме сумесных прадпрыемстваў, ці то супольнай вытворчасьці, ці то проста за пастаўкі абсталяваньня разьлічвацца той самай прадукцыяй, якую яны зьбіраюцца тут вырабляць... Але гэта будзе менавіта на тых прадпрыемствах, якія знаходзяцца ў нашай дзяржаўнай уласнасьці”.

Вось як камэнтуе гэткія прапановы кіраўнік прадстаўніцтва “Swedwood” Стэфан Калеціч:

(Калеціч: ) “Беллеспаперапраму” патрэбныя грошы, каб палепшыць тэхналёгіі ды ўзмацніць уласную вытворчасьць. Гэта мы цудоўна разумеем. Але “Swedwood” ды “IKEA” — гэта ня банк. Мы вырабляем і прадаем уласную мэблю. Як кампанія, мы таксама пазычаем грошы для інвэстыцыяў у банках і плацім звычайныя адсоткі. “Беллеспаперапрам” мае магчымасьць зьвярнуцца да Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, да Ўсясьветнага банку ці да мясцовых банкаў, каб фінансаваць уласныя праграмы”.

На гэты момант паседжаньне рады дырэктараў “Swedwood” працягваецца. Як паведаміў прадстаўнік кампаніі Юхан Нільсан, пытаньне пра інвэстыцыі ў Беларусі — адно з многіх, якія заплянаваныя да разгляду на сёньня — пакуль не абмяркоўвалася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG