Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ НАВУКІ І ТЭХНАЛЁГІЯЎ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Як цьвердзяць навукоўцы са Стэнфардзкага й Люізіянскана ўнівэрсытэтаў, гэты мэтыярыт быў значна большым чым той, які 65 мільёнаў гадоў таму справакаваў сьмерць дыназаўраў. Паводле навукоўцаў, мэтыярыт з прыблізным дыямэтрам у 20 кілямэтраў упаў на камяністае дно акіяну і справакаваў цунамі, што затапілі кантынэнты, якія толькі пачалі фармавацца. Да гэтага дадаўся пыл, які істотна ахаладзіў атмасфэру Зямлі.

***

Міжнародная каманда навукоўцаў высьветліла, што адзін з генаў, дзякуючы якому чалавек моцна адрозьніваецца ад вышэйшых малпаў, зьнік з арганізму нашых продкаў прыблізна 3 мільёны гадоў таму. Лічыцца, што менавіта ў той час продкі Homo Sapiens пачалі хадзіць проста. Навукоўцы лічаць, што гэта неяк зьвязана з разьвіцьцём мазгоў, бо ў той час, калі продкі чалавека аддзяліліся ад продкаў шымпанзэ, памеры іхных мазгоў былі прыблізна аднолькавымі. Характэрна, што аддзяленьне адбылося каля 6-7 мільёнаў гадоў таму, а згаданая мутацыя прайшла значна пазьней. Наагул жа, будова ДНК у чалавека й шымпанзэ супадае на 98%, а 2% якраз і ствараюць неверагодную розьніцу паміж імі.

***

ГАЙЯНА. Эўрапейскае касьмічнае агенцтва запусьціла з касмадрому Куру ў францускай Гайяне першы з трох спадарожнікаў для сачэньня за надвор’ем. Паводле навукоўцаў, гэта першы прадстаўнік прынцыпова новага пакаленьня мэтэа-спадарожнікаў. Ён будзе больш дакладна прагназаваць надвор’е і дапаможа лепш зразумець мэханіку глябальнага пацяпленьня. Навукоўцы спадзяюцца, што пры дапамозе навінкі яны змогуць сабраць вялікую колькасьць недаступнай раней інфармацыі, якой гэтым разам будзе ў 20 разоў болей, чым даюць спадарожнікі папярэдняга пакаленьня. Кошт новага спадарожніка – 475 мільёнаў даляраў.

***

ВЯЛІКАЯ БРЫТАНІЯ. Брытанскі часопіс для спажыўцоў "Which?" апублікаваў рэйтынг надзейнасьці новых мадэляў аўтамабіляў. Усяго было дасьледавана 87 мадэляў. У сямі зь іх цягам двух гадоў не было зафіксавана ніводнай паломкі, у той час як 30 мадэляў ламаліся часьцей усталяванай нормы. Гэткім чынам, 100% надзейнасьці паказалі: Honda HR-V, новыя мадэлі Mazda 323 і Mazda 626, Subaru Forester, а таксама новая мадэль Toyota RAV4. У сьпіс “безнадзейных” увайшлі: Mercedes-Benz E, новая BMW 5-й сэрыі, Peugeot 406 і Rover 75, Audi A6, новы бездарожнік Allroad, шыкоўныя Citroen C5 і Renault Laguna II.

***

ЗША. Каліфарнійская кампанія Emergency Evacuation Systems распрацавала адмысловыя парашутныя сыстэмы дзеля выратаваньня людзей, якія апынуліся ў хмарачосах падчас пажару. Навінка мае два тыпы – для звычайных людзей і для выратавальнікаў. Кошт аднаго парашута – каля 1 650 даляраў. Выпрабаваньні паказалі, што навінка працуе на малой вышыні і ёй можа карыстацца цалкам недасьведчаны ў скачках з парашутам чалавек.

***

ЭГІПЕТ. Эгіпецкія і эўрапейскія навукоўцы рыхтуюцца дасьледаваць піраміду Хеопса пры дапамозе робата. Паводле газэты “The Times”, яшчэ ў 1872 годзе ў адной з камэраў піраміды былі знойдзеныя два нахіленых хады. Адзін зь іх – паўдзённы, быў дасьледаваны ў 1960-х гадох. Тады высьветлілася, што ён прыкладна праз 50 мэтраў упіраецца ў каменныя дзьверы зь мядзянымі клямкамі. Робат, які цяпер пойдзе па гэтым ходзе, павінен будзе паспрабаваць з дапамогай радару высьветліць, што знаходзіцца за дзьвярыма. Ён таксама ўзброены мініятурнай тэлекамэрай з валаконнай оптыкай, якую можна прасунуць паміж шчылінкамі ў камяні. Навукоўцы спадзяюцца знайсьці трэцюю, незаўважаную рабаўнікамі камэру.

***

МАНАКА. Самы вялікі плывучы док у сьвеце, выраблены ў Гішпаніі на замову княства Манака, прывезены ў краіну. Ягоная вага складае 160 тысячаў тонаў, а даўжыня перавышае 350 мэтраў. Пасьля ўсталяваньня гіганта памеры порту Манака павялічацца ўдвая. Цяпер порт зможа прымаць круізныя вадаплавы. На буксоўку дока з Гішпаніі ў Манака спатрэбілася 13 дзён і яшчэ 10 пойдзе на ўсталяваньне навінкі. Гэту надзвычай складаную інжэнэрную працу плянуецца выканаць пры дапамозе сыстэмы лязэрнага навядзеньня. Кошт праекту, праца над якім завершыцца ў 2005 годзе, перавышае 150 мільёнаў эўра. Інжэнэры абяцаюць, што док будзе працаваць найменш 100 гадоў.

***

ХАРВАТЫЯ. Некалькі аддзелаў міратворчых сілаў ЗША ў Харватыі атрымалі ўзоры партатыўнага перакладчыка, распрацаванага навукоўцамі з Унівэрсытэту Карнэгі Мэлан (Carnegie Mellon University). Невялікую прыладу, здольную перакладаць гаворку, плянуецца ўжываць для зносінаў зь мясцовым насельніцтвам. Аднак на сёньня эфэктыўнасьць электроннага перакладчыка для вайскоўцаў слабаватая. Тыя, хто спраўджаў яго на практыцы, заяўляюць, што сыстэма ўспрыняцьця, перакладу і сынтэзу гаворкі працуе занадта павольна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG