(Падгайны: ) “Я яго запрасіў да сябе і сказаў: “Сяргей Іванавіч, вы так і не паступілі на працу. Фактычна вашая працоўная кніжка яшчэ пакуль што знаходзіцца ў парлямэнце, па-першае, па-другое, вы можаце адбыць у сваю акругу, і гэтак далей. Вы – структура, якая паводле статуту падпарадкоўваецца міністру інфармацыі”. Ён адмовіўся гэта зрабіць, таму я выдаў загад, што з 26-га мой загад аб яго прызначэньні нядзейны – да гэтага часу ўсё дзейнае, а з гэтага часу – не. Ну хай працуе, хоча быць парлямэнтаром – хай працуе парлямэнтаром. То бок, скандалу ніякага няма.
У адпаведнасьці са статутам гэтага выдавецтва, кіраўніка прызначае міністар. Гэта будзе нармальная кандыдатура. У мяне тры кандыдатуры, і я вырашаю гэтае пытаньне”.
Спадар Падгайны катэгарычна адмовіўся назваць кандыдатуры на пасаду кіраўніка літаратурнага голдынгу.
Мы папрасілі яго пракамэнтаваць ініцыятыву Беларускай асацыяцыі журналістаў – пайсьці ў адстаўку. Учора на нечарговым паседжаньні БАЖ гэтая ініцыятыва прагучала ў зьвязку з адказнасьцю ведамства Падгайнага за закрыцьцё газэты “Свободные новости”. БАЖ зьвярнуўся з адкрытым лістом да міністра інфармацыі Беларусі.
Зь Міхаілам Падгайным зьвязаўся мой калега Кастусь Бандарук, і вось што першае сказаў спадар Падгайны:
(Падгайны: ) “Я прашу прабачэньня, Кастусь, а вы акрэдытаваныя ў нас у МЗС?”
(Бандарук: ) “Не, я ў Менску не акрэдытаваны, я звычайна працую ў Празе”.
(Падгайны: ) “Ну слухаю вас уважліва.”
(Бандарук: ) “Спадар Падгайны, Беларуская асацыяцыя журналістаў прапануе вам падаць у адстаўку. У адкрытым лісьце да міністэрства падкрэсьліваецца, што вашае ведамства, якое надзеленае вельмі шырокімі паўнамоцтвамі…”
(Падгайны: ) “Бачыце – я прашу прабачэньня – справа ў тым, што ў вас гэты адкрыты ліст ёсьць, а ў мяне ні адкрытага, ні закрытага няма. Я ня бачыў ні адкрытага, ні закрытага ліста, вось калі я ўбачу, што там за прэтэнзіі да мяне выстаўляюцца… Ну гэта іх права – патрабаваць ад мяне адстаўкі. Яны патрабуюць адстаўкі, па-мойму, усіх, апроч кіраўніцтва БАЖа”.
(Бандарук: ) “Вы, у прыватнасьці, абвінавачваецеся ў тым, што прывялі да закрыцьця “Свободных…”
(Падгайны: ) “Абвінавачваць мяне можа толькі суд”.
(Бандарук: ) “У кожным разе, як бы вы пракамэнтавалі сытуацыю са сродкамі масавай інфармацыі?”
(Падгайны: ) “Наагул нармальная. Калі вы зараз можаце да мяне зьвяртацца і СМІ могуць друкаваць усё што хочаш пра мяне, у тым ліку гэтыя адкрытыя лісты – гэта азначае, што свабода друку, свабода СМІ цалкам у Беларусі існуе”.