Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ МЕНСКУ ЗАЧЫНЯЮЦЬ КІНАТЭАТАР “ЗЬМЕНА” – АДЗІН З АСЯРОДКАЎ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Зачыніць кінатэатар “Зьмена” папрасіла кіраўніцтва прадпрыемства “Кінавідэапракат”. (Гэтая дзяржаўная ўстанова кіруе дзейнасьцю ўсіх менскіх кінатэатраў.) Маўляў, у “Кінавідэапракату” няма грошай утрымліваць стратны кінатэатар, які зьмяшчае толькі 97 гледачоў і даўно патрабуе капітальнага рамонту.

Учора Менгарвыканкам падтрымаў прапанову “Кінавідэапракату”, і прыняў рашэньне зь 1 лістапада ліквідаваць “Зьмену”, а таксама два іншыя кінатэатры – “Радзіму” і “Авангард”.

Сёньня ў “Зьмене” прайшоў сход працоўнага калектыву, на якім намесьнік начальніка “Кінавідэапракату” Сяргей Дрожынаў абвясьціў рашэньне гарадзкіх уладаў. Журналістаў на сход ён не пусьціў, заявіўшы, што гэта закрытая вытворчая нарада.

Як стала вядома, калектыў кінатэатру пратэставаў супраць закрыцьця “Зьмены”, але безвынікова. Чыноўнік таксама не захацеў прыслухацца да прапановы дырэктаркі Ніны Макрыцкай, якая гатовая разам з прыватнай фірмай узяць кінатэатар у арэнду і зрабіць там капітальны рамонт. Гаворыць Сяргей Дрожынаў:

(Дрожынаў: ) “Калі фірма, што арандавала тут памяшканьне – бар “Эвэлін”, калі адміністрацыя раёну вырашыць пакінуць гэтае памяшканьне пад бар, то – калі ласка. А пытаньне кінатэатра вырашанае. Я вам патлумачыў, чаму – кінатэатар зачыняецца”.

Многія лічаць, што менавіта дзейнасьць кінатэатру, дзе на сталай аснове праходзяць беларускія культурніцкія вечарыны ды імпрэзы, найбольш раздражняе чыноўнікаў. Гаворыць дырэктарка “Зьмены” Ніна Макрыцкая:

(Макрыцкая: ) “Кінавідэапракат” хоча пазбавіцца “Зьмены” як непажаданага асяродку беларускае культуры”.

Дырэктарка “Зьмены” гаворыць, што праблемы з уладамі пачаліся пасьля таго, як у чэрвені ў кінатэатры прайшла вечарына, прысьвечаная 78-годзьдзю народнага пісьменьніка Васіля Быкава. Таксама ня выключана, што ўладам не спадабалася правядзеньне ў “Зьмене” пры канцы мінулага году зьезду сацыял-дэмакратычнай партыі Аляксея Караля.

У абарону “Зьмены” выступілі прадстаўнікі ТБМ, Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу кінэматаграфістаў, але чыноўнікі гарвыканкаму далі фармальныя адпіскі на гэтыя звароты. Старшыня Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава перакананая, што “Зьмену” ліквідуюць за беларускую дзейнасьць:

(Іпатава: ) “У нас “чамусьці” ў першую чаргу прыходзяць у аварыйны стан тыя асяродкі, дзе ёсьць беларускае слова і беларуская культура”.

Пасьля ліквідацыі “Змены” бяз працы застануцца больш за 10 чалавек. Прадстаўнік “Кінавідэапракату”, праўда, сьцьвярджае, што ўсе яны будуць працаўладкаваныя, але пакуль прапановы паступілі толькі дворніку і прыбіральшчыцы. Раней Ніне Макрыцкай прапаноўвалі пасаду мэтадыста ў адным з кінатэатраў, але яна адмовілася.

Ніна Макрыцкая разам з шэрагам рэжысэраў зьбіраецца накіраваць зварот да Аляксандра Лукашэнкі з просьбай не зачыняць кінатэатар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG