Гэты “рэйтынг карумпаванасьцi” ёсьць адлюстраваньнем таго, як людзi, што жывуць у той цi iншай краiне i робяць там бiзнэс, ацэньваюць карупцыю ў грамадзкiм сэктары. Дзевяць незалежных установаў на падставе апытаньняў бiзнэсоўцаў склалi 15 аглядаў. І ўжо паводле гэтых аглядаў арганiзацыя “Transparency International” склала таблiцу. Краiны ў ёй разьмешчаныя паводле 10-пунктавай сыстэмы. Найменшаму ўзроўню карупцыi адпавядае 10 пунктаў, абсалютнай карумпаванасьцi – нуль.
Для бальшынi жыхароў сьвету карупцыя працягвае быць штодзённай рэльнасьцю. Нават жменька багатых дзяржаваў ня можа цьвердзiць, што iх не кранулi махлярства, прывiлеi, хабар цi наўпроставыя крадзяжы. Прыкладам, тыя ж Злучаныя Штаты – багатая краiна, якая была шакаваная нядаўнiмi фiнансавымi скандаламi. Найблiжэй сёлета да 10-пунктавай адзнакi знаходзiцца Фiнляндыя. Далей iдуць Данiя i Новая Зэляндыя. Злучаныя Штаты – на 16-м месцы. З краiнаў Эўразьвязу найболей нiзкiя пазыцыi займаюць Італiя (31-е месца) i Грэцыя (44-е). Натуральна, што бяднейшыя краiны замыкаюць таблiцу: Банглядэш, Нiгерыя, Парагвай, Мадагаскар , Ангола. Справаздача дае падставу меркаваць, што краiны, якiя знаходзяцца на шляху рэфармаваньня эканомiкi ад кантраляванай дзяржавай да рынкавай, зь цяжкасьцю перамагаюць карупцыю. Менавiта таму краiны былога Савецкага Саюзу набралi меней 3 пунктаў. Нiзкiя пазыцыi займаюць Грузiя, Украiна i Казахстан, а Азэрбайджан апынуўся аж на 95-й са 102 пазыцыяў.
Беларусь займае высокае месца – 36-е. Яна набрала 4,8 пункты. Намесьнiк дырэктара ў пытаньнях Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропы арганiзацыi “Transparency International” Мiклас Маршал гэта тлумачыць пэўнай складанасьцю аналiзу ў такiх краiнах, як Беларусь, дзе эканомiка практычна цалкам кантралюецца дзяржавай, дзе вельмi малыя дачыненьнi памiж прызначанымi кiраваць эканомiкай чыноўнiкамi i свабоднымi бiзнэсоўцамi. Апошнiх у Беларусi нiкчэмная колькасьць. А агляды, якiя рыхтавалi розныя iнстытуты, грунтавалiся менавiта на апытаньнях бiзнэсоўцаў наконт таго, наколькi складана падкупiць дзяржаўных чыноўнiкаў, i супастаўлялiся з адчыненасьцю эканомiкi. Гэта аксыёма – чым болей прыватызаваная эканомiка, тым меней грунту для карупцыi. І наадварот. Таму аўтары справаздачы сумняюцца ў адпаведнасьцi такога высокага рэйтынгу Беларусi рэальнаму стану рэчаў. А Армэнiю з гэтай прычыны i ўвогуле не ўключылi ў сьпiс.