Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ КУЛЬТУРЫ


Вячаслаў Ракiцкi, Прага

Цяпер гэтыя і іншыя рарытэты знаходзяцца ў халадзільнай устаноўцы на базе гародніны й садавіны ў прымесьці Прагі, куды іх перавезьлі паводле пастановы чэскіх уладаў. На думку міністра культуры Чэхіі, выратаваньне ўсіх пацярпелых рэдкіх кніг і рукапісаў можа заняць каля стагодзьдзя.

НЬЮ-ЁРК. У верасьні ў Нью-Ёрку пад назвай MoSex адчыніцца музэй сэксу, які будзе знаёміць наведнікаў з гісторыяй гарадзкога каханьня ад пачатку 30-х гадоў 19 стагодзьдзя. Экспазыцыя будзе пачынацца гісторыяй забойства нью-ёркскай прастытуткі ў пазамінулым стагодзьдзі. У іншых залях можна будзе даведацца пра барацьбу паміж прыхільнікамі распусты і пурытанамі, а таксама пра сэксуальную рэвалюцыю 1960-х гадоў ды зьяўленьне сэкс-індустрыі. Апрача гэтага, у экспазыцыях будуць ужывацца матэрыялы дасьледчыцкага цэнтру Кінзі, што ва ўнівэрсытэце штату Індыяна, і лесьбійскага архіву Нью-Ёрку – найстарэйшай у сьвеце арганізацыі такога тыпу. Дырэктар музэю Дан Глак заявіў, што фінансаваньне гэтага праекту ня будзе ісьці з кішэні прадстаўнікоў порнаіндустрыі ЗША.

НОВАЯ ЗЭЛЯНДЫЯ. У гэтай краіне адчыняецца вакансія на самую незвычайную пасаду – афіцыйнага чараўніка краіны. Цяперашні чараўнік Іен Блэкэнбэры Шанэл, які адпрацаваў на гэтым месцы дзесяць гадоў, абвесьціў, што хоча вярнуцца да нармальнага жыцьця і шукае сабе пераемніка. Сярод абавязкаў афіцыйнага чараўніка – распаўсюджаньне сярод мясцовага насельніцтва й турыстаў мудрасьці, заснаванай на містычных вучэньнях. Таксама ён павінен у часе засухі выконваць рытуальны танец дажджу. Афіцыйны чараўнік Новай Зэляндыі, чыю кандыдатуру зацьвярджае прэм’ер-міністар, лічыцца жывым творам мастацтва і таму вызвалены ад звычайных абавязкаў, такіх, як, прыкладам, плата падаткаў.

ДЖОРДЖЫЯ (ЗША) Управа адукацыі акругі Коб пастанавіла цягам 30 дзён разгледзець пытаньне пра зьмену ў сыстэме школьнай адукацыі. У прыватнасьці, мадэрнізацыя мусіць закрануць і тэорыю ўзьнікненьня жыцьця на зямлі. Ініцыятыўная група бацькоў дамагаецца, каб у падручнікі замест тэорыі эвалюцыі Дарвіна была ўлучаная біблейская вэрсія пра паходжаньне жыцьця. У прыватнасьці, ужо зьявіліся паведамленьні, у якіх напісана, што тэорыя эвалюцыі навукова не даказаная і можа разглядацца толькі ў якасьці аднэй з вэрсіяў ўзьнікненьня жыцьця на нашай плянэце. У сваю чаргу, супраць гэтага выступіў Зьвяз грамадзянскіх правоў Злучаных Штатаў, які зьвярнуўся ў суд па забарону падобных навінак.

ПОЛЬШЧА. Сёньня ў ваколіцах Познані знакаміты польскі рэжысэр Ежы Хофман распачынае здымаць фільм паводле гістарычнай аповесьці Юзэфа Кшаклеўскага “Старая легенда”. Перад здымкамі Ежы Хофман сказаў, што хоча стварыць кіно пра пачатак польскай дзяржаўнасьці. Пра часы, калі ламаліся старажытныя традыцыі радоў і плямёнаў, часы жорсткіх законаў і бязьлітаснай барацьбы за ўладу. Аднак ягоны фільм будзе хутчэй прыгадваць менавіта легенду, чым падручнік гісторыі. Да працы над стужкай знакаміты рэжысэр запрасіў шэраг зорак польскага кіно, а таксама вядомага расейскага апэратара Паўла Лебешава, які, сярод іншага, рабіў здымкі да “Сібірскага цырульніка” Мікіты Міхалкова.

АЛЕКСАНДРЫЯ. Новую гіпотэзу будаўніцтва пірамідаў прапранаваў эгіптоляг-аматар з Александрыі Тарык Лютфі Садык. Ён перакананы, што вялізныя каменныя блёкі, зь якіх складзеныя надмагільлі фараонаў, укладалі пры дапамозе адмысловага мэханізму. Гэта – гатунак лябёдкі пад назвай “сабія”, якая і цяпер ужываецца ў эгіпэцкіх вёсках для транспартоўкі цяжкой бавоўны-сырца. Эгіптоляг-аматар, які працуе настаўнікам фізкультуры, удасканаліў канструкцыю і стварыў дзейны макет. Прафэсіяналы лічаць, што гэтая вэрсія заслугоўвае на ўвагу.

ВАРШАВА. У гэты дзень 20 гадоў таму ва ўзросьце 46 гадоў ад раку памёрла некалі папулярная ў Беларусі польская сьпявачка Ганна Герман. Сьпявачка нарадзілася ва Ўзбэкістане. Ейныя продкі, перасяленцы з Галяндыі, апынуліся ў Расеі ў сярэдзіне 17 стагодзьдзя. Бацька загінуў у сталінскіх лягерох, а айчым – афіцэр польскай дывізіі імя Тадэвуша Касьцюшкі – у баі пад вёскай Леніна. Першы посьпех выпаў на долю сьпявачкі на трэцім фэсьце ў Сопаце, затым – трыюмф песьні “Эўрыдыкі-танцоркі” ў Аполе. Затым выступы ў Парыжы і Сан-Рэма. Пасьля аўтамабільнай аварыі сьпявачка была некалькі гадоў прыкутая да ложку. З 1972 яна зноў на сцэне. Ганна Герман пахаваная на могілках у Варшаве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG