Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНЬ. АДКУЛЬ ГУЧЫЦЬ СЫГНАЛ “SOS”


Браніслава Станкевіч, Барань

Аднойчы штучны спадарожнік Зямлі зафіксаваў сыгнал “SОS”, які тут жа прынялі адпаведныя службы адразу ў некалькіх краінах. Але раскадзіроўка сыгнала прывяла адмыслоўцоў у глыбокі шок: заклікі на дапамогу сыходзілі з радыёстанцыі вялікага вайсковага карабля, але ён чамусьці цярпеў бедзтва ў такім месцы, дзе ня тое каб мора, але й прыстойнай рэчкі не было.

А знаходзілася гэтая станцыя на складзе заводу “Чырвоны Кастрычнік” ў невялічкім гарадку Барань пад Воршай. Яе наладзіў на аварыйную сувязь нейкі тутэйшы дасьціпнік, які вырашыў праверыць, наколькі вартую прадукцыю выпускае роднае прадпрыемства…

Тады, гадоў з 10 таму, бараньскі завод сапраўды быў найбуйнейшым цэнтрам радыёэлектроннай прамысловасьці на абсягах былога СССР… А цяпер, перайменаваны ў фірму “Лёс”, ён зьяўляецца хіба што бледным ценем свайго гіганта-папярэдніка…

Раней тут працавалі 9 тысячаў чалавек ды выпускаліся нават запчасткі да касьмічных караблёў. А што сёньня выпускае фірма “Лёс”? Распавядае Васіль Леўчанкаў, старшыня тамтэйшай суполкі Свабоднага прафсаюзу:

(Леўчанкаў: ) “Што выпускаем? Усяго патроху… 50 % – гэта па замове Міністэрства сувязі, недзе 10% – бытавыя рэчы , троху яшчэ радыёстанцый нізавой сувязі –для міліцыі, што й раней рабілі, ды зусім мала ўжо…”

Значна паменьшала і працаўнікоў на “Лёсе”. Цяпер іх усяго каля 2 тысячаў. Але паказальна, што значная колькасьць рабочых ёсьць сябрамі Свабоднага прафсаюзу.

(Леўчанкаў: ) “Нас зараз каля трохсот чалавек, думаю, недзе 280. Чаго людзі хочуць? Хочуць, каб заробак быў нармальны і ўмовы працы, вядома…”

Сярэдні заробак на “Лёсе” складае сёньня каля 80 тысячаў рублёў. Праўда, гэта сярэдні, шмат хто атрымлівае тут і па 35 тысячаў. Невыпадкова дзень заробку рабочыя называюць “днём смутку”… Але ж і гэтыя грошы часам даводзіцца вымагаць праз суд. Распавядае юрыст Свабоднага прафсаюзу Алег Граблеўскі:

(Граблеўскі: ) “Я прадстаўляў інтарэсы чальца Свабоднага прафсаюзу Субарава Юрыя. Юры Субараў працаваў на дзяржаўным прадпрыемстве “Лёс”горада Барань, быў звольнены, але яму ня выплацілі заробак, і ён вымушаны быў падаць пазоўную заяву ў суд”.

Разгляд гэтае справы цягнуўся 5 месяцаў, але завяршылася яна пасьпяхова. Адміністрацыя прадпрыемства ўсё ж выплаціла свайму працаўніку грошы. І тое, што чалавек наважыўся судзіцца зь дзяржаўным прадпрыемствам усяго за 60 тысяч сваіх “кроўных” рублёў, юрыст Алег Граблеўскі лічыць вельмі важным:

(Граблеўскі: ) “Так, гэта сталася прыкладам, узорам для іншых, і шмат людзей цяпер зьвяртаецца да нас , каб прайсьці гэты шлях – спагнаць свой заробак з прадпрыемства “Лёс”.

Дзяржаўныя ўлады таксама хочуць спагнаць зь фірмы “Лёс” усё, што можна: у студзені тут чарговы раз звольнілі дырэктара ды наклалі на прадпрыемства вялізны штраф. Але гэта ўсё адно як спроба зьняць з голага кашулю, – лічыць прафсаюзны лідэр Васіль Леўчанкаў:

(Леўчанкаў: ) “Людзі ўжо на гэта не зьвяртаюць увагі. Прывыклі ўжо да таго, што кожныя 2 гады мяняецца дырэктар. Гэта спачатку было цікава: во, новы будзе дырэктар… А цяпер – гэта ўжо звычайная зьява… Відавочна, людзі пачынаюць разумець, што справа не ў кіраўніку прадпрыемства, а ў той структуры, у той сыстэме, у якой прадпрыемства знаходзіцца”.

Калісьці Барань – тыповы савецкі “горад аднаго прадпрыемства” –лічылася сапрыўдным “аазысам сацыялізму”: тут ніколі не было ні чэргаў па кватэры, ні браку месцаў ў дзіцячым садку. І жыхары з усяго Аршанскага раёну “палявалі” на добрыя тавары , якімі былі запоўненыя тутэйшыя крамы… Затое цяпер Барань зьяўляецца, мабыць, адзіным горадам у сьвеце, дзе няма ніводнае рэстарацыі або кавярні – тут нават харчовыя крамы зачыняюць з-за нерэнтабельнасьці! Галоўнай прычынай заняпаду Барані сталася тое, што адзіны завод стаў стратным. Тым ня менш, многія бараньцы не сьпяшаюцца сыходзіць зь яго ды перажываюць усе жыцьцёвыя цяжкасьці разам з родным прадпрыемствам.

(Карэспандэнтка: ) “Як зьмянілася вашае жыцьцё за апошнія 7 год?”

(Спадар: ) “Ды нічога тут не зьмянілася. Горш хіба толькі стала. Дзеці падрасьлі – есьці болей хочуць, апранаць больш трэба…)

(Карэспандэнтка: ) “А грошы?”

(Спадар: ) “І грошай, само сабой, больш трэба, а іх якраз і бракуе!”

(Карэспандэнтка: ) “Дык чаму вы не сыходзіце зь “Лёсу”?

(Спадар: ) “Таму, што нарадзіўся тут. Таму, што, можа, такі во патрыёт свайго заводу…Таму і не сыходзім”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці зьмянілася вашае жыцьцё пасьля выбараў прэзыдэнцкіх, пасьля абяцаньняў падвышэньня жыцьцёвага ўзроўню?”

(Спадар: ) “Канешне, зьмянілася – кожны дзень заўважаем, як цэны растуць! І кожнага дня абвяшчаюць, то газ, то вываз сьмецьця – усё даражэе. Толькі пра заробак усе маўчаць!”

Не рызыкуюць пакінуць “Лёс” у асноўным прадстаўнікі старэйшага пакаленьня. А моладзь на заводзе асабліва й не чакаюць – з-за дэфіцыту працоўных месцаў нават зачынілі прафэсійна-тэхнічную вучэльню, якая некалі рыхтавала кадры для “Лёсу”.Таму маладыя людзі спрабуюць шукаць іншае працы, няхай сабе дзеля гэтага трэба штораніцы ехаць перапоўненым аўтобусам у Воршу. Асаблівай удачай лічыцца ўладкаваньне ў прыватную фірму.

(Карэспандэнтка: ) “Як зьмянілася вашае жыцьцё з тае пары, як вы “разьвіталіся” зь “Лёсам”?

(Хлопец: ) “Лепей стала. Па-першае, заробак большы. Тут жа хто 30 тысячаў атрымлівае, хто 40… А я атрымліваю 200 тысяч, мне хапае.

(Карэспандэнтка: ) “Дык вы не шкадуеце, што сышлі з заводу?”

(Хлопец: ) “Ой, ды ну яго к чорту!”

Гадоў 8 таму ў Барані задумалі было пабудаваць яшчэ адно прадпрыемства – цагляны завод, каб дадаць гарадку працоўных месцаў. Але будаўніцтва “замарозілі” з-за адсутнасьці сродкаў… А неўзабаве ў гарадку адбылася яшчэ адна “знакавая” падзея – зьнесьлі помнік працоўнай славы, бо не хапіла грошай на рэстаўрацыю. Дый славіць няма каго: палова насельніцтва – беспрацоўныя.

Ад немагчымасьці зарабіць законным шляхам у Барані за апошнія гады пачасьціліся крадзяжы каляровых металаў. Асабліва спакушаў рабаўнікоў памятны знак на месцы заснаваньня гораду, усталяваны ў гонар ягонага 400-годзьдзя, – сымбалічны бронзавы зруб сялянскае хаты. Пасьля некалькіх спробаў скрасьці гарадзкую рэліквію, улады вырашылі яе проста зьняць. Распавядае краязнаўца Віктар Міхасёў:

(Міхасёў: ) “Зруб з помніка зьнялі, таму што вырашылі гэткім чынам яго захаваць. Ён зараз знаходзіцца ў падвале на захаваньні, таму што былі спробы яго зьняць. Аднойчы рабаўнікам гэта ўдалося, аднак далёка зьнесьці яго ня здолелі, бо ён быў занадта цяжкі – кіляграмаў 200 бронзы…За апошнія некалькі гадоў у Барані былі скрадзеныя дошкі з мэмарыяльнага комплексу, была спроба скрасьці бронзавую дошку з помніка танкістам, скрадзеныя мэмарыяльныя дошкі пісьменьніку Корбану ды лётчыку Сарокіну”.

Спадар Міхасёў прапанаваў мне прайсьціся па бараньскіх вуліцах ды паглядзець бліжэй, чым сёньня жыве горад. У Барані, дарэчы, няма ні плошчы, ні вуліцы імя Леніна, няма ні Камуністычнай, ні Рэвалюцыйнай вуліцаў. Затое ёсьць вуліца Радзівілаўская – ці не апошні здабытак колішняе дзяржаўнае беларусізацыі. Ейную гісторыю распавядае мой спадарожнік Віктар Міхасёў:

(Міхасёў: ) “Вуліца Радзівілаўская – гэта раён новабудоўляў. Дамы тут пабудаваныя на пачатку 1990-х гадоў, гэта быў першы на Аршаншчыне маладзёвы комплекс, “росквіт” іхны быў пры Гарбачове… Была цудоўная архітэктурная задумка, але пабудавалі толькі адзін дом, будаўніцтва другога так і не было завершанае… І атрымала назву гэтая вуліца – вуліца Радзівілаўская – у 1994 годзе. Неўзабаве гэтую вуліцу былі спробы перайменаваць: некаторыя людзі падавалі такія скаргі, што, маўляў, гэта быў князь – фэўдал ды эксплюататар працоўнага народу… Увогуле ж гэта цалкам неразумная спроба, якая дэманструе нізкую культуру, прыніжэньне нацыянальнай гісторыі. І яна засталася безвыніковай. Нашая вуліца Радзівілаўская, магчыма, адзіная сёньня ўва ўсёй Беларусі, спаміж малых гарадоў – гэта дакладна”.

На газэтных стэндах уздоўж вуліцы расклееныя газэты “Правда” ды “Товарищ”. Няўжо гэта самыя папулярныя ў горадзе газэты?

(Міхасёў: ) “Чаму яны папулярныя? Проста тут адмысловы стэнд, на якім дазволена вывешваць газэты “Товарищ” і Правда”.

(Карэспандэнтка: ) “А чаму, да прыкладу, не “Народную Волю”?

(Міхасёў: ) “Быў у свой час і стэнд для “Народнае Волі”, але яго на загад уладаў зьнялі колькі гадоў таму…”

Шпацыруючы па бараньскіх вуліцах, мы з маім гідам Віктарам Міхасёвым пачалі ўзгадваць таксама і мінулыя прэзыдэнцкія выбары. Дарэчы, праца ў перадвыбарчым штабе Ўладзімера Ганчарыка каштавала Віктару Міхасёву пасады дырэктара музэю. Неўзабаве пасьля выбараў адзіны ў Барані музэй прызналі нерэнтабэльным, а дырэктарскую пасаду скарацілі, і вось ужо амаль год спадар Міхасёў беспрацоўны.

(Карэспандэнтка: ) “Чаму, на Вашую думку, Ганчарык ня стаў прэзыдэнтам?”

(Міхасёў: ) “У гэтай сытуацыі ён і ня мог стаць прэзыдэнтам. Я думаю, што ня выйграў бы гэтыя выбары ніводзін кандыдат”.

Віктар Міхасёў узначальвае Бараньскую філію Сацыял-дэмакратычнае партыі. Гэта адзіная партыя ў горадзе, якая прадстаўляе апазыцыю ўладам. Што да розных грамадзкіх аб’яднаньняў, то самая прадстаўнічая суполка ў горадзе – гэта суполка Таварыства Беларускае Мовы.

Барань – горад шматнацыянальны, бо працаваць на завод-гігант зьяжджаліся калісьці адмыслоўцы з усяго Савецкага Саюзу. Але збольшага сюды прыяжджалі людзі з добрай адукацыяй ды з добрым інтэлектуальным патэнцыялам. Таму плынь беларусізацыі ў пачатку 1990-х гадоў тут успрынялі добра і нават з натхненьнем. Былі створаныя некалькі беларускамоўных клясаў, на беларускую мову перайшла заводзкая газэта. А неўзабаве яна сталася й агульнагарадзкой, займеўшы сымбалічную назву “Наш лёс”. Старшынём Бараньскага гарвыканкаму тады быў спадар Юры Нагорны.

(Карэспандэнтка: ) “У які час вы былі старшынём гарвыканкаму, Юры Аляксандравіч?”

(Нагорны: ) “Якраз 1989-95 гады, канец Саюзу ды пачатак “новай” так званай эры. 7 гадоў я працаваў старшынём гарвыканкаму. З прыходам новага прэзыдэнта адбылося пабудаваньне гэтай жорсткай вэртыкалі, дзе ўважаліся не інтэлект, не разважаньні, не магчымасьць альтэрнатывы, а жорсткае выкананьне… Таму я недзе каля году яшчэ прыглядаўся да гэтага ўсяго… Ну мала ці што: ёсьць неразумная каманда “зьверху”, але, можа, разумныя людзі “ўнізе” будуць да яе неяк па-іншаму ставіцца… Але стала відавочна, што яны ня хочуць задумвацца, што галоўнае для іх – выканаць, “узяць пад казырок”. Тым больш, што гэта жорстка кантралявалася… І мне стала працаваць проста вельмі й вельмі непрыемна. Гэта ня мой стыль! Ня мой стыль зносінаў і з вышэйшым начальствам, і з маімі падначаленымі… Я не схацеў быць такім чыноўнікам, якіх патрабавала сыстэма”.

Сышоўшы з пасады старшыні гарвыканкаму, Юры Нагорны працуе дырэктарам сярэдняй школы № 22. Падчас былых прэзыдэнцкіх выбараў ён быў каардынатарам па наглядзе за выбарамі ў гарадох Ворша ды Барань.

(Нагорны: ) “Ой, пра гэтыя выбары ня хочацца ўжо гаварыць, я вам скажу чэсна. Як у той песьні: ”Ня сып мне соль на раны…” Калі б быў дастойны кандыдат, вынікі маглі б быць такімі: 50% і недзе 46% – на Лукашэнкаву карысьць.Таму што электарат ягоны – гэта пэнсіянэры, якія ішлі адзін за адным, гэта малаадукаваная публіка, якая таксама яго любіць, шмат ягоных сваякоў з гэтага рэгіёну і з Барані таксама… Але каб гэта быў другі дастойны кандыдат, скажам, ну, хто… Дабравольскі можа быць… Каб во пакойны Ткачоў або Карпенка…”

(Карэспандэнтка: ) “Якія ж прычыны прывялі да такіх сумных вынікаў?”

(Нагорны: ) “Розныя! Дэмакраты ў Менску – гэта акадэмічныя дэмакраты, якія бачаць усю палітычную сытуацыю з вокнаў офісаў, з вокнаў аўтамабіляў… Яны начытаныя рознай літаратуры, “тэхналягічна” навучаныя… І яны ўсе гэтыя тэхналёгіі хочуць накласьці на гэтую няшчасную Барань, або яшчэ няшчасьнейшае Шуміліна, і лічаць, што так і мусіць быць… Яны ня ведаюць свой народ. Як там: “…страшно далеки они от народа”. Нажаль, гэта так. Таму і перамогі няма, таму і параза за паразай.

(Карэспандэнтка: ) “А што ж сам народ? Як зьмянілася ягонае жыцьцё за час кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі?”

(Нагорны: ) “У горшы бок жыцьцё зьмянілася. У пляне чалавечых адносінаў, у пляне будучыні, у пляне пэрспэктывы… Людзі не адчуваюць сябе народам, не адчуваюць сябе нацыяй, нічога ня робіцца дзеля таго, каб над гэтым пытаньнем можна было задумацца, паразважаць, выказаць свае погляды адкрыта і шчыра, паспрачацца па-нармальнаму… Людзі, на жаль,усё больш і больш ператвараюцца ў насельніцтва, я па многіх гэта заўважаю…Сумна ад усяго гэтага, крыўдна…”

(Карэспандэнтка: ) “Што рабіць?”

(Нагорны: ) “Што рабіць? “Што рабіць?” ды “Хто вінаваты?” — два нашыя адвечныя пытаньні…”

(Карэспандэнтка: ) “І адказу няма дагэтуль?”

(Нагорны: ) “Адказ ёсьць. Рэальна ацаніць абстаноўку, самім у сабе разабрацца, перш за ўсё нашым нацыянальна сьвядомым людзям, інтэлекту нацыі, нашай інтэлігенцыі… Думаць пра тое, што лёгкай ды хуткай перамогі ня будзе, што трэба рыхтаваць новых людзей, што трэба пакрысе зьбіраць разам тых, якія яшчэ не зусім апусьціліся… Працаваць разумна, настойліва, не ўпадаць у адчай і мэлянхолію, думаць пра будучыню і працаваць на будучыню”.

А падаваць сыгнал “SOS” усім нам яшчэ рана, лічыць Юры Нагорны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG