Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГОРАДНІ ЗАСНАВАНЫ РУХ ДЭМАКРАТЫЧНЫХ СІЛАЎ ГОРАДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Пакуль што ўступныя заявы напісалі 22 чалавекі: прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БНФ “Адраджэньне”, Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі, а таксама прадпрымальнікі, сябры Незалежнага прафсаюзу і некаторыя іншыя.

Абраныя Рада і старшыня Руху. Ім стаў Зьміцер Іваноўскі — намесьнік кіраўніка гарадзкой арганізацыі БНФ. Ён не хавае, што новая арганізацыя ўзьнікла на фоне бязьдзейнасьці каардынацыйнага камітэту “Гарадзенская ініцыятыва”. Гаворыць Зьміцер Іваноўскі:

(Іваноўскі: ) “Мы разглядаем гэта як новы этап працы “Гарадзенскай ініцыятывы”. Справа ў тым, што “Гарадзенская ініцыятыва” — гэта клюб старшыняў палітычных партыяў і грамадзкіх арганізацыяў. Але там не былі прапісаныя правілы паводзінаў, прыняцьця рашэньняў. І гэта пагаршала вынікі самой працы”.

Старшыня “Гарадзенскай ініцыятывы” Сямён Домаш, як вядома, склаў зь сябе паўнамоцтвы і адышоў пакуль ад актыўнай палітычнай дзейнасьці. Сёньня я зьвязаўся зь ім па тэлефоне. Але ён адмовіўся гаварыць пра сваю цяперашнюю пазыцыю і пра пляны на будучыню, а таксама камэнтаваць чуткі наконт таго, што ён нібыта сустракаўся са старшынём аблвыканкаму Ўладзімерам Саўчанкам.

Каардынацыйны камітэт ствараўся, маючы на мэце прэзыдэнцкія выбары. Адна з галоўных мэтаў Руху — дапамога дэмакратычным кандыдатам на будучых выбарах у мясцовыя Саветы. Задача Руху — зьяднаць намаганьні дэмакратычна настроеных грамадзянаў, каб разьвязваць у горадзе сацыяльна-эканамічныя праблемы. Каб роля дэмакратычнай грамадзкасьці ў гарадзкім жыцьці стала больш значнай.

Старшыня новага Руху Зьміцер Іваноўскі настроены аптымістычна:

(Іваноўскі: ) “Я магу сказаць адно – што жадаючых аб’яднацца вельмі многа. На пэрспэктыву мы лічым, што Рух стане ў нас ў Горадні практычна адзінай камандай і адзінай арганізацыяй, агульнай для ўсіх”.

Асаблівасьцю сходу стала прысутнасьць двух дэпутатаў-гарадзенцаў з палаты прадстаўнікоў. Ганна Бурава і адстаўны генэрал Валеры Фралоў пажадалі новаму Руху плёну й дэкляравалі сваю падтрымку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG