Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“АКВАРЭЛІ ЗАБОЙЦЫ”


Сяргей Харэўскі, Вільня

“Акварэлі забойцы” – пад гэтакім загалоўкам днямі выйшаў артыкул Пэтэра Плагенса ў амэрыканскім часопісе “Newsweek”. Артыкул прысьвечаны новай выставе, што адкрылася гэтым месяцам у музэі мастацтва пры каледжы Вільямса ў Вільямстаўне, што ў штаце Масачусэтс. Аўтар артыкулу ў “Newsweek” ставіць пытаньне гэткім чынам: “Ці ня брак мастакоўскага посьпеху штурхнуў Гітлера ў абдоймы палітыкі? Магчыма, што адказ на гэта схаваны ў ягоных працах”.

Вельмі многія дыктатары, ня чыім сумленьні было безьліч людзкіх ахвяраў, выяўлялі часам немалы мастацкі талент, ці, прынамсі, прэтэндавалі на яго. Адныя пісалі карціны, другія – гралі на баяне. Рымскі іпэратар Нэрон уяўляў сябе выдатным акторам, шэдэўры эпісталярнае амурнае перапіскі пакінуў па сабе Напалеон, а Сталін у маладосьці быў і насамрэч някепскім грузінскім паэтам і, як высьвятлілася нашмат пазьней, карыкатурыстам. Цяпер мы можам спакойна, а часам і сэнтымэнтальна ацэньваць мастацкія экспэрымэнты колішніх палітычных монстраў... Пра гэта я спытаўся ў кінарэжысэра й пэдагога, аўтара дакумэнтальнага фільму “Дагавор з Гітлерам” Уладзімера Коласа: можа варта найперш разгледзець за імі проста творцаў?

(Уладзімер Колас: ) “Я згодны, калі ўзор іхнае творчасьці таго варты. Я ня ведаю, дзе можна здабыць вынікі творчасьці Нэрона. Наколькі ён быў цікавы як творца... Ня думаю. Хутчэй за ўсё, гэта быў псыхічна хворы чалавек, як і Гітлер. Мне цяжка зараз прыгадаць такую постаць у мастацтве, якая была бы адметная такімі масавымі забойствамі. Здольнасьць да творчасьці і здольнасьць да крыміналу могуць існаваць паралельна ў асобе, але яны не ўзаемазалежныя. І Сталін балаваўся вершыкамі ў юнацтве. І іншыя... Яны застануцца ў гісторыі перадусім як асобы, зь якімі зьвязаныя дэмаграфічныя катастрофы...”

(Сяргей Харэўскі: ) “Чаму ж, аднак, мы з гэткай цікавасьцю ставімся менавіта да Адольфа Гітлера, забываючы ўсіх іншых тыранаў?”

(Колас: ) “Таму што гэта тыран НАШ, нашага стагодзьдзя. Мы яшчэ ня ў стане ад гэтага абстрагавацца. Гэта ўсё адбывалася ў нашым культурным кантэксьце”.

Куратарка выставы ў Вільямстаўне, спадарыня Дэбара Ротшыльд, падчас адкрыцьця экспазыцыі задала рытарычнае пытаньне: “Навошта ён наагул тут зьявіўся?” Наагул, гэтая выстава прызначаная ўласна крытыкам мастацтва, а менавіта тым, хто ведае й гісторыю эўрапейскага мастацтва, і біяграфію аднаго з найвялікшых забойцаў у сьвеце. Экспазыцыя складаецца з дакумэнтаў і толькі зь дзьвюх гітлераўскіх акварэляў. Выстава мае доўгі назоў: “Прэлюдыя кашмару: мастацтва, палітыка й ранейшыя гады Гітлера ў Вене 1906 – 1913”.

“Гітлер непакоіў мяне ад часоў колішняе маладосьці”, – распавядае Дэбара Ротшільд. “Задумалася я сабе, што іх інфармавала, што стылізавала ягоную эстэтыку, якое мастацтва стаяла ля крыніцаў Трэцяга Рэйху?” Тэкст ейны, што зьмешчаны побач з акварэляй, сканчаецца словамі: “Называньне злачынцам Гітлера закрывае на гэтым усялякія дыскусіі, нічога не прасьвятляючы”.

Ці варта было наогул дэманстраваць акварэлі, намаляваныя адным з найвялікшых злачынцаў ХХ стагодзьдзя, на выставе, што мае найменьне гістарычнай? Дэбара Ротшыльд мела на мэце ставарыць гэтую экспазыцыю як працяг прыкладу, што падала Брыгіта Хаман, выдаўшы ў 1999 годзе кніжку пад назваю “Вена Гітлера” ("Hitlers Wien"). Ці можам мы распазнаць фэнамэн дыктатара-монстра, знаёмячыся адно зь ягонай бяскрыўднай юначай мастакоўскай творчасьцю? Дзеля гэтае ідэі спадарыня Ротшыльд запрасіла да супрацоўніцтва некалькі малых галерэяў, у якіх пазычыла агулам 275 экспанатаў: карцінаў, малюнкаў, плякатаў і лічбавых рэпрадукцыяў. На выставе таксама можна паглядзець архіўную кінастужку з тае эпохі. Гэта мусіць ствараць уяўленьне пра атмасфэру тагачаснае Вены – з апошніх гадоў уладараньня імпэратара Франца Ёзэфа, а таксама паказаць ягоны ўплыў на маладога Гітлера.

Гітлер прыехаў у аўстрыйскую сталіцу, маючы 17 гадоў. Прагнуў стаць выбітным дойлідам. Але ня меў права вучыцца на архітэктара, бо ня скончыў сярэдняе школы. У выніку заняўся мастацтвам. Але й тут яму не пашчасьціла – ён двойчы не здаў уступныя йспыты ў Вэнскую акадэмію мастацтваў, ня здолеўшы намаляваць чалавечае фігуры. Я зноў зьвярнуўся да пэдагога, дырэктара Беларускага гуманітарнага ліцэю Ўладзімера Коласа з пытаньнем: ці можна распазнаць будучага злачынцу, гледзячы на юначыя малюнкі?

(Колас: ) “Гэтае пытаньне хутчэй да псыхіятраў, псыхааналітыкаў, псыхолягаў. А калі яно зададзенае чалавеку іншай спэцыяльнасьці, то адказ будзе – не, безумоўна немагчыма! Напэўна, гэта пытаньне не да пэдагога. Таму што здольнасьць авалодаць прафэсіяй – гэта праблема адбору. Хто больш здольны – таго адбіраюць, асабліва ў творчых прафэсіях, хто менш здольны, беспэрспэктыўны – таго не адбіраюць. Бывае, пэдагог памыляецца, але тады той, каго не адабралі, мае ўсе шанцы даказаць таму, хто адбіраў, што ён ня мае рацыі. Ну а калі чалавеку лёсам было наканавана было іншае – гэта палягае па-за прафэсіяй...”

Паводле легенды, раззлаваны Гітлер-юнак ляпнуў дзьвярыма Акадэміі, крыкнушы сваім экзамэнатрам: “Вы пра мяне яшчэ дазнаецеся!” Неўзабаве ён змушаны быў пасяліцца ў прытулку. Зарабляў мізэрныя грошы, капіюючы карцінкі з фотапаштовак. Брыгіта Хаман, аўтарка кнігі пра гэты пэрыяд жыцьця Гітлера, гэтак апісвае яго:

“У гэтым дробным, бледным і хваравіта ганарлівым чалавеку найперш кідаліся ў вочы зацятасьць, брак гнуткасьці й розныя комплексы, кшталтам боязь жанчынаў ці няўменьне вясёла й міла бавіць час ў кампаніі”.

Вельмі многія, і насамрэч геніяльныя мастакі мелі крымінальныя схільнасьці. Варта згадаць тут лёс Караваджа, італьянскага мастака часоў барока, які зрабіў рэвалюцыю ў заходнім жывапісе. Дык вось ён быў шматкроць судзімы, ганімы за ўчыненыя забойствы й гвалт. Такая была ўжо экзальтаваная асоба. Аднак ягоныя злачынствы адбіліся хіба прыватным узроўні й перадвызначылі трагічны лёс мастака...

Уладзімер Колас – аўтар фільму “Дагавор з Гітлерам”, у якім мастакі, у прыватнасьці Ігар Цішын, вельмі проста абыходзяцца з гэтым вобразам, ствараючы дадатковы, новы мастакоўскі кантэкст. Можа й насамрэч, трэба ўжо навучыцца глядзець на гэтую пэрсону абстрагавана, з вышыняў новага тысячагодзьдзя?

(Колас: ) “Так. Гітлер – гэта нейкі сымбаль. Ня толькі можа быць стагодзьдзя ХХ, але й адзін з сымбаляў мінулага тысячагодзьдзя. Сымбаль памылкова абранага накірунку, сымбаль наступстваў недаацэнкі ці пагарды да таго, што ёсьць маральлю. І безумоўна гэта пэўны аб’ект мастацтва, так...”

(Харэўскі: ) “Скажыце як пэдагог, ці была якая магчымасьць выправіць тыя злачынныя задаткі, што былі ў душы юнага Гітлера? Каб яго прынялі б у Вэнскую акадэмію мастацтваў, мо мы бы й ня мелі тых фатальных наступстваў?”

(Колас: ) “Я ня думаю, што “выправіць задаткі”... Гэта задача немагчымая для пэдагогікі, як ні дзіўна гэта гучыць ад чалавека, які гэтым займаецца. Напэўна, каб лёс склаўся па-іншаму, каб у яго было крышку больш здольнасьцяў для прафэсіі, ён бы заглыбіўся ў яе і ня стаў бы займацца той лухтой, якой ён пачаў займацца, калі яму не было што рабіць, калі яго выкінулі з жыцьця актыўнага і ён пачаў шукаць сабе месца пад сонцам разам зь іншымі аўтсайдэрамі”.

З гледзішча мастацкіх вартасьцяў акварэлі Гітлера не заслугоўваюць, як піша аўтар артыкулу ў “Newsweek”Петэр Плагенс, нават вулічнага продажу, не гаворачы ўжо пра выстаўленьне ў музэйных залях. Карціна 1910 году, што прадстаўляе будынак Вэнскай опэры, уяўляе сабою нясьмелую копію фотапаштоўкі. А “Капліца ў гарах”, напісаная ў 1909 годзе, зусім бездапаможная паводле кампазыцыі. Дарэчы, гэтая акварэль, паводле іроніі лёсу, была замоўленая адным габрэйскім гандляром для габрэйскага адваката.

Аднак арганізатары выставы не разважаюць пра эстэтыку. Яны папросту задаюцца пытаньнем: ці непрызнаньне ягонага мастакоўскага таленту выпіхнула Гітлера ў палітыку? Магчыма, адказ крыецца ў ягоных працах? Ці можна ў творчасьці 20-гадовага Гітлера знайсьці адказ на пытаньне, чаму ён стаў пачвараю? Аўтар артыкулу, Пэтэр Плагенс, піша, што яму адказаць на гэтае пытаньне не ўдалося. Маўляў, трэба мець у сабе якасьці крытыка мастацтва, дэтэктыва й псыхіятра ў адначасьсе, каб на падставе знаёмства з гэтымі трывіяльнымі творамі даць нейкі дыягназ...

Гітлер, які быў амбітным нездарам у мастацтве, выявіў, аднак, д’ябальскі талент у палітыцы. Зрэшты, новая выстава “Прэлюдыя кашмару” пра гэта й сьведчыць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG