Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З-ЗА КРАТАЎ ВЫЙШАЎ АЛЕСЬ ГОЛУБ. ІГАР ЗАКРЭЎСКІ І СЯРГЕЙ ПЕЗКІН ТРЫМАЮЦЬ ГАЛАДОЎКУ


Любоў Лунёва, Менск

Алеся Голуба трымалі пяць сутак у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна за пікет ля Расейскай амбасады супраць анэксіі Беларусі. У пікеце бралі ўдзел Сяргей Пезкін і Ігар Закрэўскі. Паводле судовага прысуду іх арыштавалі на 10 сутак. Усе пікетоўцы знаходзіліся разам у адной камэры. Камэра разьлічаная на пяць чалавек, але людзей там у два разы болей. Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін ад пачатку арышту дагэтуль трымаюць галадоўку. Гаворыць Алесь Голуб:

(Голуб: ) “Закрэўскі і Пезкін абвясьцілі галадоўку і дагэтуль трымаюцца. Стан здароўя ў іх добры. Міліцыянты вельмі кепска ставяцца да людзей. Там быў адзін чалавек... Ён памёр... Быдлячае стаўленьне. Ён памёр ад эпілепсіі. Яму ніхто не дапамог. Ён стукаў у дзьверы доўгі час, а міліцыянты ніяк не рэагавалі. Ён закусіў язык, адным словам – вельмі жахліва”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці наведвае іх там лекар?”

(Голуб: ) “Міліцыянт адчыняе дзьверы і пытае: “Як стан здароўя?” Яму ў адказ: “Добра”. І ўсё, зачыняе дзьверы. Я мяркую, што нямарна траціў тут час. У мяне будзе досьвед. Я буду ведаць, як другі раз лепш зрабіць, каб грамадзтва даведвалася пра гэта”.

Жонка Сяргея Пезкіна Вольга прыехала з Барысава сустракаць Алеся Голуба, каб даведацца пра стан здароўя свайго мужа.

(Пезкіна: ) “Я вельмі непакоюся за свайго мужа і ягонага сябра Ігара Закрэўскага. Гэтая галадоўка – добрая акцыя пратэсту, але яна можа дрэнна паўплываць на стан здароўя. Я вельмі ганаруся сваім мужам. Усе блізкія і родныя іх падтрымліваюць у гэтай нялёгкай справе. Спадзяюся, што ўсё абыйдзецца і ўсё будзе добра”.

З-за таго, што Ігар Закрэўскі і Сяргей Пезкін адмаўляюцца прымаць харчовыя перадачы, ім перадалі рэчы асабістай гігіены. Ня выключана, што ў выпадку пагаршэньня здароўя іх будуць карміць гвалтоўна, як гэта ўжо раней рабілі зь Віктарам Ганчаром.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG