Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ НЕ ПРАТЭСТУЮЦЬ, БО ЎПЭЎНЕНЫЯ, ШТО ЎСЁ РОЎНА НІЧОГА НЕ ДАБ'ЮЦЦА


Марыя Ўсьціновіч, Чавускі раён

У Чавускім раёне зачынілі дзьве школы – ў раённым цэнтры і ў вёсцы Бясчыньне, у абодвух выпадках – са скарачэньнем настаўнікаў і тэхнічнага персаналу. Дзьве настаўніцы былой Бясчынскай школы звольненыя, прапаноў па працаўладкаваньні ад раённага начальства маладыя жанчыны не атрымалі.

Прычынай закрыцьця Бясчынскай пачатковай школы называюць недахоп грашовых сродкаў. На 9 вучняў у гэтай школе працавалі дзьве настаўніцы, вартаўнік, прыбіральшчыца, качагар. У кожнай клясе – усяго па тры вучні.

На сходзе ў вёсцы бацькам паведамілі: утрымліваць школу немэтазгодна, малыя будуць вучыцца ў суседняй Хацкавіцкай сярэдняй школе. Начальнікі лічаць, што тры зь лішкам кілямэтры – невялікая адлегласьць.

Траснпарт для падвозу дзяцей тут не прадугледжваецца. Інструкцыя абавязвае клапаціцца толькі пра школьнікаў, якія жывуць на адлегласьці 5 і болей кілямэтраў ад школы.

Бацькі вучняў зь Бясчыньня незадаволеныя закрыцьцём школы, але іх пратэсты не былі пачутыя.

(Спадарыня: ) “Маленькія дзеткі – куды ім цяпер падзецца?”

(Спадар: ) “Не, самі мяркуйце, як вучыцца малым? Цяжка іх дастаўляць да месца вучобы: транспарт ламаецца, ды і дарога тут дрэнная, асабліва ўзімку”.

З бацькамі згодныя і настаўнікі Хацкавіцкай школы, куды пераведзеныя шкаляры зь Бясчыньня.

(Спадарыня: ) “Няхай сабе і маленькая школка, ды якая б яна не была, а ўсё ж трэба нейкія веды дзецям даваць”.

(Спадарыня: ) “Ды і скарачэньні. Я ведаю настаўніцу, якая там працавала. Яна яшчэ дасюль ня можа знайсьці сабе працу”.

Сапраўды, закрыцьцё суседняй пачатковай школы прымушае настаўнікаў з Хацкавічаў меркаваць і аб уласным лёсе. У Хацкавіцкай школе зараз вучыцца з усёй акругі паўтары сотні дзяцей. Калісьці было ўдвая больш.

Сёлета тут удалося не скарачаць настаўнікаў. За кошт пэнсіянэраў і “дакрэтніц” разьмеркавалі нагрузку такім чынам, каб настаўнік мог зарабляць 100-150 тысяч рублёў у месяц. Аднак ніхто не хавае ад настаўнікаў змрочных у сэнсе забесьпячэньня працай пэрспэктыў.

Пра будучыню Хацкавіцкай школы разважае яе дырэктар Іван Гулімаў:

(Гулімаў: ) “Калі такая дзяржаўная палітыка захаваецца, то яе найбліжэйшым часам зачыняць таксама. Справа ў тым, што ўжо ідуць размовы пра тое, што больш выгадна набыць два аўтобусы і вазіць дзяцей у буйныя школы. І таму гадоў празь пяць мы, магчыма, апынемся ў тым жа становішчы, што і Бясчынская школа сёньня”.

Кожны з настаўнікаў спадзяецца, што скарачэньні ў найбліжэйшай будучыні асабіста яго не закрануць.

(Спадарыня: ) “Канечне, чытаеш у газэтах, што ўзьнікаюць праблемы, калі людзі шмат гадоў адпрацавалі ў школе, і цяпер немагчыма знайсьці працу”.

(Спадарыня: ) “А, магчыма, яны ўладкуюцца, знойдуць нешта лепшае. У нас таксама ёсць прыклады, калі настаўнікі “ўдараліся” ў бізнэс, і пра гэта не шкадавалі”.

Дарэчы, шараговыя калгасьнікі ня вельмі спачуваюць настаўнікам, якія засталіся бяз працы. Гавораць, што настаўнік, якога сяляне паважалі, цяпер выклікае на вёсцы іншыя пачуцьці – раздражнёнасьць і зайздрасьць. Бо заробак калгасьніка – 30-50 тысяч рублёў, а настаўніка – як мінімум удвая большы, ды й грошы выдаюць больш-менш акуратна.

Самі настаўнікі лічаць, што на іх заробкі нельга жыць і лічыць сябе паўнапраўным чалавекам, а можна толькі выжываць. Ды і гэтага зараз пазбаўляюць. Аднак пры гэтым ніводнага пратэсту, калі не лічыць жаноцкія слёзы, у сувязі з закрыцьцём школ і скарачэньнямі у рэгіёне не было.

Чаму так адбываецца? Вось меркаваньне Івана Гулімава.

(Гулімаў: ) “Не пратэстуем: як ёсьць, так і ёсьць. Значыць, так і трэба. Магчыма, ведаюць, што ўсё роўна нічога не даб'юцца. А баяцца – гэта наўрад ці”.

Што ж датычыцца Бясчынскай школы, то яе будынак, які належыць калгасу “Праўда”, зараз парожні і зачынены. Ёсьць нібыта нейкія пляны адчыніць там мэдычны пункт, але грошай няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG