Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКАМУ АМБАСАДАРУ ПАРАІЛІ НЕ СЬПЯШАЦЦА


Уладзімер Глод, Менск

Распавядаючы пра ўчорашнюю сустрэчу ў Маскве міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова зь першым намесьнікам міністра замежных справаў Расеі Валерыем Лашчыніным, прэсавы скаратар адзначыў:

(Латушка: ) “На сустрэчы была пацьверджаная пазыцыя беларускага боку адносна будаўніцтва саюзнай дзяржавы ў рамках дзейнай дамовы, якая была падпісаная ў 1999 годзе з захаваньнем сувэрэнітэту дзьвюх дзяржаваў”.

Такім чынам, з трох магчымых варыянтаў аб’яднаньня Беларусь выбірае той, што існуе зараз. Ні ўваход у склад Расеі, ні інтэграцыя паводле мадэлі Эўрапейскага Зьвязу афіцыйнаму Менску не падабаецца.

Як рэагаваў на прапанову міністра Хвастова ягоны маскоўскі суразмоўца, у Менску ня ведаюць. Прэсавы сакратар на гэтае маё пытаньне сказаў толькі, што “бакі дамовіліся падоўжыць кансультацыі”.

Магчыма, сытуацыю мог бы ў пэўнай ступені патлумачыць новы амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Блахін. Але ён пакуль не ўрычыў даверчых граматаў кіраўніку Беларусі. Сёньня я размаўляў з адным супрацоўнікам расейскай амбасады і пачуў ад яго цікавую інфармацыю. Паводле майго суразмоўцы, расейскі бок быў гатовы правесьці працэдуру афіцыйнага ўручэньня даверчых граматаў у аўторак 20 жніўня, на наступны дзень пасьля таго, як амбасадар Блахін прыехаў у Менск. Аднак беларускі бок параіў расейскім дыпляматам не сьпяшацца, маўляў, прэзыдэнт Беларусі цяпер у адпачынку. А як жа ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі з Магамэдавым? – зьдзівіўся я. Расейскі дыплямат на гэта заўважыў, – нам патлумачылі, што гэта было выключэньнем. Між тым, ніякіх паведамленьняў пра афіцыйны адпачынак Лукашэнкі няма.

У Міністэрстве замежных справаў Беларусі мне паведамілі, што дата ўручэньня даверчых граматаў удакладняецца. Вядуцца тэхнічныя кансультацыі. І працэдура павінна прайсьці бліжэйшым часам. Але паводле інфармацыі з расейскай амабасады, на сёньняшні дзень ня ўручаныя нават копіі даверчых граматаў.

Згодна з дыпляматычнай практыкаю, перш чым амбасадар уручае граматы кіраўніку дзяржавы, копіі граматаў перадаюць міністру замежных справаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG