Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ УВЯЛА АБМЕЖАВАНЬНЕ НА ЎВОЗ ГРАМАДЗЯНАМІ КРАІНЫ СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧАЕ ПРАДУКЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

21 жніўня пачаў дзейнічаць указ Аляксандра Лукашэнкі, які зьмяняе правілы перамяшчэньня празь беларускую мытню асабістай маёмасьці. Найперш гэта датычыць харчовых прадуктаў. Вось што паведаміла сёньня нашаму Радыё прэсавая сакратарка Дзяржаўнага мытнага камітэту Алена Халікава:

(Халікава: ) “Норма бязмытнага ўвозу сяльгаспрадуктаў цяпер не павінна перавышаць 10 кіляграмаў уключна на аднаго чалавека. Зараз гэтыя 10 кіляграмаў устаноўленыя незалежна ад краіны паходжаньня. А вось раней такая залежнасьць была – можна было ўвозіць да 100 кіляграмаў з краінаў СНД і 50 кіляграмаў зь іншых краінаў. Новаўвядзеньне распаўсюджваецца на ўвоз з Польшчы, Украіны, Літвы і Латвіі, зь якімі мы мяжуем, але ня тычыцца Расеі, зь якой мы ў агульнай мытнай прасторы. Гэта прынята з мэтаю стрыманьня “чорнага” імпарту. Мы забавязаныя падтрымліваць беларускіх таваравытворцаў”.

Між тым, як лічыць сябра аргкамітэту грамадзкага аб’яднаньня “Зямля і воля” Яўген Лугін, гэткая ініцыятыва не дапаможа палепшыць эканамічны стан беларускіх калгасаў і саўгасаў:

(Лугін: ) “Беларусь ня здольная канкураваць на ўсясьветным рынку сваімі сельскагаспадарчымі прадуктамі. Самая вялікая небясьпека, што нашыя сяльгасвытворцы пачалі губляць рынкі збыту ўнутры нашае краіны. І, безумоўна, улада пачала гэта заўважаць. Але ж гэтыя захады нічога не даюць, гэта ня тая абарона. Гэта будзе вялікая шкода для спажыўцоў – калі мы будзем гэткім чынам абараняць свае рынкі, мы закансэрвуем старую “прагнілую” калгасна-саўгасную сыстэму”.

Апроч абмежаваньня на ўвоз харчоў, указ Аляксандра Лукашэнкі зьмяняе і правілы ўвозу ў Беларусь транспартных сродкаў. Адметнасьць новаўвядзеньня ў тым, што гэтыя правілы не стасуюцца з расейскімі. Вось што мяркуе на гэты конт прэзыдэнт міжнароднага цэнтру Мізеса Яраслаў Раманчук:

(Раманчук: ) “Гэта найперш сьведчыць пра тое, што дэкляраваная ўніфікацыя мытнага заканадаўства не завершаная. Найбольш сэнсавыя, найбольш важныя пазыцыі для беларускага і расейскага рынкаў – не ўніфікаваныя. Чым гэта можа скончыцца? Расея, як гэта было ўжо ня раз, можа ўвесьці асаблівы парадак мытнага афармленьня тых аўтамабіляў, якія будуць увезеныя з тэрыторыі Беларусі. І мы проста ўвойдзем у чарговую хвалю “гандлёвай вайны”. Ну і, па сутнасці, гэта будзе адлюстраваньнем стану пылітычнага дыялёгу паміж афіцыйным Менскам і Крамлём”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG