Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА АДХІЛІЎ УСЕ ПРАПАНОВЫ ПУЦІНА НАКОНТ ДАЛЕЙШАЙ ІНТЭГРАЦЫІ ДЫ СУПРАЦЬПАСТАВІЎ ЯГО ЕЛЬЦЫНУ


Юры Сьвірко, Менск

На сёньняшняй сустрэчы ў Менску з дагестанскім лідэрам Магамэдалі Магамэдавым Аляксандар Лукашэнка ўпершыню заявіў, што ягоны расейскі калега Ўладзімер Пуцін сваімі прапановамі наконт уваходжаньня Беларусі ў склад Расеі абражае беларускі народ і дзейнічае горш за Леніна й Сталіна.

(Лукашэнка: ) “Нам сёньня кіраўніцтва Расеі ўносіць наперад непрымальныя прапановы абражальнага характару. Нават Ленін – Сталін не дадумаліся да таго, каб раздрабіць Беларусь і ўключыць яе ў склад, у свой час, Расеі там або нават Савецкага Саюзу. Была захаваная рэспубліка”.

Раздражнёны Аляксандар Лукашэнка нават не заўважыў, як заявіў кіраўніку Дагестану, што Беларусь ніколі не ўваходзіла ў склад Савецкага Саюзу.

Таксама спадар Лукашэнка сказаў сёньня, што яго не задавальняе прапанаваны Ўладзімерам Пуціным другі варыянт інтэграцыі – паводле мадэлі Эўрапейскага Зьвязу.

Яшчэ беларускі кіраўнік зазначыў, што ідэя фактычнае інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскае Фэдэрацыі ня знойдзе падтрымкі ў самой Расеі, хаця гэтая ідэя была агучаная не абы кім, а прэзыдэнтам Пуціным.

(Лукашэнка: ) “І вядома ж, ніхто ня пойдзе на тое, каб парэзаць рэспубліку на часткі і ўключаць у тую ці іншую дзяржаву, няхай нават братнюю дзяржаву. Перашкодаў з боку Беларусі на аб’яднаньне ў раўнапраўны, дружалюбны саюз ніколі не было й ня будзе”.

Аляксандар Лукашэнка сёньня параўноўваў дзеяньні Ўладзімера Пуціна ня толькі з часамі Леніна—Сталіна, але й з пэрыядам кіраваньня Барыса Ельцына. “Я не магу разбурыць дамову, якая каштавала мне шмат крыві й поту ды якая дарагая ня толькі мне, але й былому кіраўніцтву Расеі”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка, нагадаўшы, што дамову пра саюзную дзяржаву ён падпісваў з прэзыдэнтам Ельцыным.

(Лукашэнка: ) “Мы, вядома, ніколі ня прымем тыя прапановы, якія накіраваныя на тое, каб не было гэтага саюзу. Мэта адна – каб не было гэтага саюзу. Вось мэта кіраўніцтва Расеі”.

Зьвяртаючыся да лідэра Дагестану – адной з рэспублік у складзе Расеі – Аляксандар Лукашэнка зрабіў яшчэ адну спробу супрацьпаставіць Уладзімера Пуціна кіраўнікам расейскіх рэгіёнаў: “Думаю, што вы на Каўказе ўмееце цаніць сяброўства й братэрства. Дык вось, Беларусь на захадзе для расейцаў заўсёды была вельмі надзейным, адданым і сумленным партнэрам. Вядома ж, нам хацелася б і такога стаўленьня з боку братняе для нас дзяржавы. І мы на гэтым будзем настойваць”, – заявіў Аляксандар Лукашэнка, зьвяртаючыся да Магамэдалі Магамэдава, кіраўніка Рэспублікі Дагестан, які прыехаў сёньня ў Менск і стаўся першым прадстаўніком Расеі, якому спадар Лукашэнка ў вочы выказаў сваё абурэньне прапановамі прэзыдэнта Пуціна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG