Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РУХ ГРАМАДЗКАГА ТРАНСПАРТУ Ў МАГІЛЁВЕ ТРЫМАЕЦЦА АДНО НА МОЦЫ Й МУЖНАСЬЦІ КІРОЎЦАЎ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Паводле афіцыйнай інфармацыі, больш за 70% аўтобусаў у парках Магілёўскай вобласьці працуюць на лініях больш за 10 гадоў. Гэта пераважна старыя вугорскія “Ікарусы”.

У абласной транспартнай арганізацыі не хаваюць, што пасажыраў возяць такія машыны, якія не адпавядаюць нормам амартызацыі. Але іншага выйсьця няма, бо грамадзкі транспарт спыніцца, калі будзе строга прытрымлівацца інструкцыяў, якія існуюць.

У зьвязку зь недахопам фінансаў транспартныя арганізацыі ня маюць магчымасьці набыць неабходныя запасныя часткі для аўтобусаў. Запазычанасьці за пастаўленыя запчасткі сёньня сувымерныя з запазычанасьцю за паліва – колькі соцень мільёнаў рублёў. Таму бясьпеку пасажыраў абмяжоўваюць абавязковым наглядам за тармазной і рулявой сыстэмамі, узімку – за шынамі.

Самі пасажыры скардзяцца, што езьдзіць у грамадзкім транспарце часьцяком страшна, але выбару няма.

(Спадарыня: ) “Вы ведаеце, магчыма й страшнавата, але, канечне, даводзіцца ехаць”.

(Спадарыня: ) “Вельмі страшна! Бэнзынай вельмі пахне, немагчыма. Таксама думаеш, што “карзінка” адарвецца, бо гэтая гума заўжды пашкоджаная, у шчылінах. Падаецца, што адарвецца, і мы застанемся ззаду”.

(Спадар: ) “Пакуль яшчэ “ЧП” са сьмяротным зыходам не было. Таму нічога страшнага няма”.

(Спадар: ) “Я трапляў у аварыі, але абыходзілася такім чынам, што я пасьпяваў згрупавацца, утрымацца і ўсё было нармалёва”.

(Спадарыня: ) “Канешне, не перашкодзіла б, каб аўтобусы ў горадзе былі лепшыя”.

(Спадар: ) “Я ведаю, што зараз у дзяржавы і ў прадпрыемстваў аўтатранспарту сродкаў на новыя аўтобусы абсалютна няма”.

(Спадарыня: ) “Няхай нашыя правіцелі мяркуюць, дзе грошы ўзяць!”

Чыноўнікі ад транспарту сьцьвярджаюць, што апошнімі гадамі аўтобусы не траплялі ў аварыі з рызыкаю для жыцьця пасажыраў. Затое такое здаралася з тралейбусамі, адзін зь якіх загарэўся больш як год таму. Але людзі не пацярпелі, таму ніякіх адмысловых захадаў дзеля ўзмацненьня кантролю за тэхнічным станам машын грамадзкага транспарту не рабілася.

Між тым, амаль палова тралейбусаў у абласным цэнтры гатовая да сьпісаньня. А за апошнія некалькі гадоў у Магілеве чатыры разы абрыналіся тралейбусныя апоры. Апошнім разам, сёлета ў ліпені, людзі не пацярпелі толькі цудам, бо апора ўпала побач з тралейбусам, дзе былі пасажыры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG