Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЯБРЫ ПАБІЛІСЯ З-ЗА ЛУКАШЭНКІ


Казімер Яноўскі, Гомель

Да нядаўняга часу спадары Сувораў і Цярэшчанка былі добрымі прыяцелямі. Абодва яны – былыя вайсковыя афіцэры. У адстаўку пайшлі ў званьні маёраў яшчэ да вываду з Мазыра расейскай ракетнай часьці.

Погляды сяброў асабліва разышліся пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў. Генадзь Сувораў працаваў у камандзе Сяргея Гайдукевіча. Цярэшчанка падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку і ніяк не падзяляў дэмакратычных схільнасьцяў свайго суседа па лецішчы ў каапэратыве “Салявік”. Спрэчкі паміж імі ўзьнікалі даволі часта. Пачыналіся яны з дробязі, а заканчваліся, як правіла, сапраўднай палітычнай баталіяй зь пераходам на асобы.

Як патлумачыў спадар Сувораў, апошні раз па дарозе да лецішча яны паспрачаліся наконт падвышэньня радыяцыі ў сувязі зь ляснымі пажарамі. Дым дабіраўся да Мазыра. Справа зноў дайшла да крытыкі ўладаў, да таго, што артадаксальным камуністам, усялякім дыктатарам ня месца ў новым тысячагодзьдзі.

Мікалай Цярэшчанка – былы вайсковы спэцыяліст у фізычнай падрыхтоўцы – неўзабаве зьявіўся ў летнім дамку свайго ідэйнага супраціўніка і, учыніўшы бойку, параніў Сувораву галаву.

Сам Цярэшчанка пра матывы нелюбові да лібэрала Суворава паведаміў наступнае:

(Цярэшчанка: ) “Цяга ў яго такая да зьмены канстытуцыйнага ладу ў Беларусі і адхіленьня Лукашэнкі. Ён пра што б размову ні заводзіў – пра надвор’е, сонца, агарод – заўсёды пераводзіць яе на палітыку. Лукашэнка ў яго – самы люты вораг. Беларусь для яго – выспа сацыялізму, Лукашэнка – яе адлюстраваньне”.

Судзьдзя Сяргей Дакучаеў, які сёньня разглядаў заяву Суворава пра пабоі і пагрозу жыцьцю ад Цярэшчанкі, параіў бакам замірыцца. Яны пагадзіліся. Цярэшчанка нават абяцаў у судзе абыходзіць спадара Суворава за кілямэтар і адрачыся ад размоваў зь ім на палітычныя тэмы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG